сы́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан сытага. Хада .. [рысі] была цяжкая і марудная, яна ледзь рухалася ад сытасці і, відаць, не хацела ці не магла ўступаць у бойку. В. Вольскі. Так і дыхала са здымка сытасцю, задаволенасцю, камфортам. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвяро́засць, ‑і, ж.

1. Устрыманне ад ужывання спіртных напіткаў.

2. Уласцівасць і стан цвярозага (у 2 знач.). У характары Апейкі былі дзве рысы — вельмі розныя, несуладныя: нейкая вялікая чуласць, схільнасць да элегічных адчуванняў і нязменная цвярозасць, практычнасць. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяку́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць цякучага. І падумалася: мабыць, з гэтага пачуцця суму перад цякучасцю жыцця, імгненнасцю прыгажосці нараджаецца ў чалавеку цяга пісаць, маляваць, ляпіць. Адамовіч.

•••

Цякучасць кадраў — няўстойлівасць пастаяннага саставу кадраў (на прадпрыемствах, ва ўстановах) па пэўных прычынах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́расць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць яраснага (у 2 знач.); разлютаванасць, раз’юшанасць, злоснасць. Ёсць радасць у ярасці бою. Жылка. Дзікая забава фашысцкіх бандытаў прывяла Палазка ў ярасць. Колас. У халодных ксяндзоўскіх вачах была не злосць, а звярыная ярасць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дваі́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дваістага. А разам з гэтым постаць цара вынікала ва ўяўленні ў сваёй страшнай дваістасці: цар лагодны, партрэты цар, і цар, паказаны ў кніжачцы, драпежны цар-ашуканец са злосна вышчаранымі зубамі, гатовымі грызці людское цела. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакла́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць дакладнага. Дакладнасць часу. Дакладнасць выканання. Дакладнасць звестак. Дакладнасць рухаў.

2. Разм. Дэталь, падрабязнасць. Ці то былі толькі здагадкі, ці то праўда, але пачалі перадавацца з вуснаў у вусны ўсялякія дакладнасці і падрабязнасці справы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць параднага (у 1 знач.); урачыстасць. Параднасць цырымоніі. □ Як мала ў гэтым раздзеле педагогікі жывой практыкі, жыцця і як многа прапісных ісцін, афіцыйнасці і непатрэбнай параднасці! Шамякін. Гэтая невялікая выстаўка не мае звычайнай выставачнай параднасці. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маўклі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць маўклівага. Па натоўпу хваляй прабег трывожны гоман і за ім глыбокая, непарушная, напружаная маўклівасць. Галавач. Было штось незвычайна важнае і велічнае ў гэтым далёкім харастве недасяжных зор і ў гэтай маўклівасці цёмнага бяздоннага неба. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўнакро́ўнасць, ‑і, ж.

1. Павелічэнне масы крыві ў сасудах усяго цела або ў якой‑н. яго частцы, органе.

2. Уласцівасць паўнакроўнага (у 2 знач.). Сярод іншых твораў апошніх год твор І. Шамякіна вылучаецца паўнакроўнасцю характараў, якія малюе пісьменнік. Кучар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахму́расць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць пахмурага. У хаце бацькаў голас памякчэў, з твару сышла пахмурасць, і ён пачаў дапытвацца ў дачкі, чаго яна хадзіла на тую Арцюхову магілу. Сабаленка. Першы поспех.. развязаў людзям языкі. Пахмурасць, незадаволенасць зніклі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)