пы́са, ‑ы, ж.
1. Ніжняя частка галавы (з губамі і ноздрамі) у жывёл. Карова працягвае пысу, ліжа руку шурпатым цёплым языком. Асіпенка. Конь .. шумна фыркнуў, дакрануўся пысай да вады, але піць не захацеў. Хомчанка. З суседняга пакоя выйшаў сабака, прыязна абцёрся аб мае ногі і паклаў пысу мне на калені. Карпюк. Андрушка трымаў абедзвюма рукамі Лыску за пысу, каб той не брахнуў. Лобан.
2. Разм. груб. Твар. Дзядзька вырывае з маіх рук лыжку, строга загадвае: — Пысу памый! Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскі́даны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад раскідаць.
2. у знач. прым. Размешчаны ў беспарадку, звычайна на вялікай прасторы. Вёска, дзе нарадзіўся і правёў дзяцінства Веньямін, невялікая, раскіданая, але надзвычай прыгожая. Навуменка. Дрыжыць у руцэ аловак, і літары выходзяць з-пад алоўка няроўныя, раскіданыя. Галавач.
3. у знач. прым. Беспарадачны, хаатычны. [Кох] узмоцнена цёр лоб, намагаючыся прывесці да ладу свае раскіданыя думкі. Лынькоў. Як на першае беглае прачытанне, дык апавяданне Адамчыка здаецца раскіданым, несабраным у сюжэтным сэнсе. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскі́слы, ‑ая, ‑ае.
1. Які раскіс, ператварыўся ў вязкае месіва. Раскіслая дарога. □ Ледзь вырываючы ногі з раскіслага глею, [Гораў] пайшоў да брамы. Караткевіч. // Набраклы, размоклы. Валодзя не сказаў нічога, адно задуменна пазіраў з-пад раскіслага, падобнага на сабачае вуха казырка. Мележ.
2. перан. Расслаблены, разамлелы. Таварыш Васіль азірнуўся, і вочы ўбачылі раскіслы, нявыспаны твар у жоўтай шчаціне няголенай барады. Пестрак. // Які страціў волю, здольнасць дзейнічаць. Дзмітрый здагадаўся, што стралку проста боязна. Хацелася пакрычаць на гэтага раскіслага здаравяка, але ўтрымаўся. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пако́с, ‑у, м.
1. Месца касьбы (сенажаць, поле, прызначаныя для касьбы). Ужо з абеда пачалі [грабцы] прыбываць на пакос. Гартны.
2. Касьба. Ад зоркі да мроку, з перапынкамі на полудзень, .. [мужчыны] на пакосе. Пташнікаў. // Час, пара касьбы. З вясны, усё лета, пакуль не надыдзе пакос, тут для ўсіх быў чароўны, нібыта райскі куток. Грамовіч.
3. Тое, што і пракос. [Луг] скасілі, але зграблі не ўсюды — перашкодзілі дажджы.. Пакосы ўраслі ў атаву. Сачанка. Зноў шпарка захадзілі косы, кладучы пакос за пакосам. Каваль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нервава́ць, нервую, нервуеш, нервуе; незак.
1. каго і без дап. Даводзіць каго‑н. да нервовага стану. Тое, што дырэктар неадрыўна глядзіць на яго крыху насмешлівымі вачыма, нервавала следчага. Нядзведскі. Задумваючыся, Юрка прапускаў звенні ў тлумачэннях і доказах дацэнта і таму наогул не разумеў нічога. Гэта стамляла і нервавала. Карпаў.
2. Разм. Тое, што і нервавацца. [Берднікаў] нерваваў. Ён напружыў усе свае сілы, каб хаця не выявіць чым гэтай нервовасць. Мікуліч. Аўтар пратакола, відавочна, нерваваў, але маўчаў. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няда́ўні, ‑яя, ‑яе.
1. Які адбыўся ў недалёкім мінулым, незадоўга да сучаснага моманту. Хай змываюць хмары чыстымі дажджамі След вайны нядаўняй, што прайшла лясамі. Куляшоў. // Які існуе мала часу, узнік, з’явіўся нядаўна. Нядаўняе знаёмства. □ Старэюць многія нядаўнія песні. Караткевіч.
2. Які быў кім‑н. незадоўга да сучаснага моманту. [Ніна] ішла.. па вуліцы Мінска і раптам сустрэла свайго нядаўняга педагога. Шчарбатаў. [Каця] чакала Аўдоццю, але тая доўга не выходзіла з хаты. — Каго пільнуеце? — Да яе падышоў хлопец, нядаўні сусед. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паасо́бны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які існуе, дзейнічае самастойна побач з іншымі. На самай віднай сцяне.. былі змешчаны групавыя і паасобныя фатаграфіі. Паслядовіч. Не толькі шматлікія хоры [оперы], але і паасобныя выканаўцы мелі поспех. Рамановіч. // Адзінкавы, рэдкі; некаторы. Залпы і паасобныя стрэлы ўсё мацнелі, гусцелі і ўрэшце зліліся ў суцэльны гул. Мележ. Паасобныя лісткі трымцелі і свяціліся, як медзь. Лынькоў.
2. Ізаляваны ад іншых, падобных, не звязаны з іншымі. [Сцёпка:] — Жывём мы ў агульным памяшканні ў паасобных пакойчыках. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павады́р, ‑а, м.
1. Той, хто водзіць каго‑н. Павадыр мядзведзя. □ Па дарозе ў вёску Ціхі Бор ішоў сляпы жабрак Мітрафан, трымаючыся рукою за плячо свайго хлопца-павадыра. Чарот. Сляпы сляпому не павадыр. Прыказка. // Той, хто паказвае дарогу; праваднік. Павадыр каравана. □ Ісці было нядоўга, але такімі сцежкамі, што без павадыра загубіўся б тут на першай вярсце. Якімовіч.
2. Разм. Важак, кіраўнік якой‑н. групы. Павадыр атрада. □ Толькі адзін павадыр табара аднавокі Ілка сядзіць .. з малымі пры самым агні. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наха́бнасць, ‑і, ж.
1. Бессаромная назойлівасць, бесцырымоннасць. Патржанецкі з цікавасцю аглядаў.. сухенькага, ужо старога чалавека, які, нягледзячы на старасць, трымаўся як малады, глядзеў у вочы без страху, але і без нахабнасці. Чарнышэвіч. — А вы не пашкадуеце потым, калі даведаецеся, аб чым ідзе гутарка? — з інтрыгуючай нахабнасцю, нібы пагражаючы, цягнуў далей незнаёмы. Машара.
2. Нахабны ўчынак. Сякерын, не пытаючы дазволу, бярэ дзяўчыну пад руку, а яна, як бы ў адказ на ягоную нахабнасць, левай рукой бярэ мяне пад руку. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
начле́г, ‑у, М ‑лезе, м.
1. Прыпынак нанач для сну, адпачынку; начны адпачынак. Атрад спыніўся на начлег у адным вялікім сяле. Лынькоў. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на .. начлег у карчме. Якімовіч. // Месца для начнога сну, адпачынку (не ў сваім доме). Шлях перасякае бор, ляжыць за паўвярсты ад стаянкі. Але начлег тут выбралі. Навуменка.
2. Пасьба коней ноччу. Учора Пятрусь доўга ўпрошваў бацьку ўзяць яго з сабой на начлег, пасвіць калгасныя коні. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)