Гро́нка ’гронка’ (БРС). Ст.-бел. (з XVII ст.) кгроно, гроно ’тс’. Запазычанне з польск. мовы; параўн. польск. grono ’тс’ (аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 350–351). Форма гро́н(к)а можа быць і спрадвечнай (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 139, дзе прыводзяцца і ўсх.-слав. словы), але аб запазычанні сведчыць выбухное «г». Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 152.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гры́ка ’грэчка’ (зэльв., Сцяц.). Ст.-бел. грика, грыка (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 85). Паводле Булыкі, запазычана з польск. gryka (а гэта з ням. Gricken). Адносна паходжання польск. слова ёсць і іншая думка (здаецца, больш абгрунтаваная): польск. gryka < літ. grìkai, а ням. назва грэчкі (дыял. прус. grick) узята з польск. gryka (агляд гл. у Слаўскага, 1, 363).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гіга́нт ’гігант’ (БРС). Рус. гига́нт, укр. гіга́нт. Паводле Шанскага (1, Г, 67–68), для рус. мовы крыніцай з’яўляецца грэч. γίγας, ‑αντος (у рус. мове з XIV ст. ужо ў форме гигантъ). Фасмер (1, 404–405) мяркуе, што ў новыя часы рус. мова запазычыла гэта слова з ням. Gigant. Для бел. і ўкр. непасрэднай крыніцай была, здаецца, рус. мова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Да́ча ’даванне’ (Байк. і Некр.), таксама палес. (гл. Клімчук, Лекс. Палесся. М., 1968, 30). Узыходзіць да прасл. праформы *datja (ад *dati̯). Параўн. агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 4, 195–196: значэнні лексем, паколькі яны паходзяць з аддзеяслоўнага імені, вельмі шматлікія (ад nomen actionis да назваў канкрэтных прадметаў). Параўн. яшчэ Папоўская–Таборская, Бел.-польск. ізал., 103.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дро́жкі ’калёсы, вазок’ (БРС). Відаць, запазычанне з рус. дро́жки ’тс’ (як і ўкр. дро́жка; гл. Фасмер, 1, 540). Аб гэтым сведчыць адсутнасць гэтага слова ў гаворках. Рус. дро́жки < дрога́ ’брус, які злучае пярэднюю і заднюю восі павозкі’. Адсюль і рус. дро́ги ’від павозкі’. Магчыма, такога ж паходжання і бел. дро́гі ’калёсы, развалкі’ (Бяльк., Сл. паўн.-зах.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дыплама́т ’дыпламат’ (БРС). Рус. диплома́т, укр. диплома́т. Паводле Фасмера (1, 515), запазычанне з ням. Diplomat, франц. diplomate або польск. dyplomata (параўн. рус. старое дипломата). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 125) лічыць, што крыніцай запазычання з’яўляецца франц. diplomate. Таксама з франц. (магчыма, праз ням. Diplomatie) запазычаны бел. дыплама́тыя, рус. диплома́тия, укр. диплома́тія (франц. diplomatie). Шанскі, там жа, 126.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дысерта́цыя ’дысертацыя’ (БРС). Рус. диссерта́ция, укр. дисерта́ція. Запазычанне з рус., дзе гэта лексема ўзята з польск. dysertacja або ням. Dissertation (першакрыніца — лац. dissertātio ’даследаванне’). Гл. Фасмер, 1, 516; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 134. З рус. мовы запазычаны і бел. дысерта́нт, укр. дисерта́нт (< рус. диссерта́нт; гэта новаўтварэнне да диссерта́ция; адзначаецца з 1927 г.). Гл. Шанскі, там жа, 134.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каўпа́к ’каўпак’ (ТСБМ, БРС). Слова вядома ўжо ў ст.-бел. мове: колпа́къ (з сярэдзіны XVI ст.), гл. Булыка, Запазыч., 162. Таксама было вядома і ў іншых усх. славян (ст.-рус. колпакъ > рус. колпа́к, калпа́к, укр. ковпа́к). Даўняе запазычанне з цюрк. моў (параўн. тур., тат., крым.-тат., казах. kalpak ’шапка’). Фасмер, 2, 297; Шанскі, 2, К, 215–216.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Клак 1 ’пыж’ (ТСБМ). Укр. клак ’пакулле, пачассе’, польск. kłak ’тс’, ’зблытаныя валасы’, ’пучок’, чэш. klaký ’адзенне’. Бел. клак ’пыж’ можна лічыць калькай з польск. pakul ’тс’ (гл. Кюнэ, Poln., 65).
Клак 2 ’сцяг’ (Мат. Гом.). Гл. клак 1. У адрозненне ад клак 1 гэта слова можна разглядаць як генетычна звязанае з іншымі славянскімі паралелямі. Гл. таксама клок.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Клу́нак ’пажыткі, звязаныя хусткай або складзеныя ў торбу, вязка’ (ТСБМ, Шат., Сл. паўн.-зах., Бір., Гарэц., Сержп.). Укр. клунок, клумок ’тс’. Дзендзялеўскі (Бел.-укр. ізал., 24) разглядае гэтыя лексемы як супольную беларуска-ўкраінскую інавацыю. Этымалогія застаецца няяснай. Кантамінацыя ўкр. тлумок ’торба, мяшок’ і клуня (ЕСУМ, 2, 467) вельмі праблематычная. Апрача гэтага, этымалогія першага з гэтых слоў таксама няясная.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)