Ле́та, ле́то, ліэ́то, лі́то ’самая цёплая пара года’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Яруш., ТС; драг., стол., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.), лі́та (мн. л.) ’слаі ў драўніне, паводле якіх вызначаюць узрост дрэва’ (Клім.; бяроз., Шатал.), ’год’ (Касп., Яруш.), лета ў лета ’круглы год’ (ТСБМ), на ле́та ’на будучы год’ (Яруш., Бяльк.), лета ле́цкае ’на працягу ўсяго лета’ (Ян.), ліэто, літо ’цыкл летніх абрадавых песень’ (Бес., Клім.), драг. літа́ (мн. лік) у выразе: выхо́дытэ з літ ’перыяд заканчэння клімаксу ў жанчын’ (І. Лучыц-Федарэц), памянш. летка, летко, ле́цечка (Кл., Шат., Яруш., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), ле́тны, летні, літный, ле́тненькі (ле́тнянькі, летні́нькі) ’летні’, ’цёплы, цеплаваты, ледзь цёплы, трохі падагрэты’ (Сцяшк., Бяльк., Шат., ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах.; нясв., Жд. 2, Др.-Падб., Гарэц., Юрч.), лудз. ’яравы’ (Сл. паўн.-зах.), слуц. ле́ткі ’тс’ (Нар. словатв.), летавы ’летні’ (Федар. Дад.), ваўк. летні ’стары’ (БНТ, Лег. і пад.), ст.-бел. лѣтный, лѣтний ’які адбываецца летам, які прызначаны для выкарыстання летам’, ’аднагадовы, адналетні’, ’немалады’ (Булахаў, Гіст., 113). Укр. літо, рус. лето, польск. lato, палаб. lʼotü в.-луж. lěćo, н.-луж. і в.-луж. lěto, чэш. léto, славац. leto, славен. lę́to, серб. ле̏то, харв. ljȅto, макед. лето, lʼatu, балг. лято, ст.-слав. лѣто ’самая цёплая пара года’ > ’год (= час ад лета да лета)’, прасл. lěto. Найбольш пераканаўчай са шматлікіх версій пра паходжанне лексемы можна лічыць этымалогію Ваяна (BSL, 64 (2), 124–126), які супастаўляе прасл. lěto з літ. lė̃tas ’павольны, ціхі, спакойны, лагодны’, лат. lę̄ts ’лёгкі’, лац. lēnis ’лагодны, памяркоўны’ і адносіць іх да і.-е. *lē‑ ’паслабіць, зрабіць больш лёгкім’. Махэк₂ (328) супастаўляе слав. lěto з лац. laetus, якое першапачаткова мела значэнне ’добры, прыемны, уцешлівы’, ’які добра выглядае’. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изол., 21–22) адносіць прасл. lěto (vermę) да італ. інфільтратаў, супастаўляючы яго з лац. laetus ’багаты, плённы, квітнеючы, радасны, спрыяльны, прыемны, бліскучы, шыкоўны, тлусты’. Такім чынам, прасл. lěto (з суф. ‑to, як žito) азначала ’час, перыяд, калі палягчэла з холадам, калі ўсё цвіце, калі чалавеку прыемна, радасна, калі ўсяго ў дастатку’. Іншыя версіі гл. Слаўскі, 4, 70–71; Фасмер, 2, 488–489; Скок, 2, 336–337; Бязлай, 2, 137.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

да́ўнасць, ‑і, ж.

1. Аддаленасць у мінулае да моманту ўзнікнення, завяршэння чаго‑н. Падзеі немалой даўнасці. □ Копаць на сценах была стогадовай даўнасці. Гамолка. // Разм. Даўнія часы, старадаўнасць. У даўнасці тут лясы былі непраходныя, а на гэтым месцы, дзе коні пасуцца, — балота гнілое і называлася яно Камарыным. Лупсякоў.

2. Працягласць існавання чаго‑н. Гісторыя нашай дзіцячай літаратуры мае ўсяго толькі паўвекавую даўнасць. Пшыркоў.

3. Пэўны тэрмін, на працягу якога могуць быць заяўлены якія‑н. патрабаванні або па сканчэнні якога траціцца ці набываецца якое‑н. права. Суд не ўзяўся за справы, спасылаючыся на хісткія доказы і на даўнасць часу некаторых фактаў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыто́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў непрытомнасці. Бацька цяслярыў у пана, і там яго прыбіла каля зруба дзеравякай. Так і памёр — непрытомны. Брыль.

2. (звычайна ў параўнанні). Які знаходзіцца ў стане душэўнага ўзрушэння; узбуджаны. Мікола ўсхапіўся з пасцелі, як непрытомны. Ён нічога не помніў. Колас. Настуля, нібы непрытомная, абхапіла Язэпа за шыю і пачала цалаваць. Чарот. // Які знаходзіцца ў стане атупення, абыякавасці. [Саша] ішла, як непрытомная, абыякавая ў гэты час да ўсяго, што рабілася навокал, ішла, як асуджаная на смерць. Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Раіса глядзела на.. [Ірыну Аркадзеўну] непрытомным позіркам і ківала галавой. Шамякін. Непрытомнымі вачыма ўтаропіўся [Пракоп] у сілуэты. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пля́га, ‑і, ДМ плязе, ж.

Разм.

1. Дажджлівае надвор’е, слота. [Ціток:] — Бывала, дождж ці якая пляга, то я толькі і думаю што пра цябе: дзе гэты бедны Амеля, думаю, ноч сваю каратае? Лобан.

2. Няшчасце, бяда. [Сымон:] — На печ залез я не на век І не зраблю вам ліха, плягі, Бо не такі я чалавек. Колас. // Пра што‑н. прыкрае, непрыемнае, назойлівае. [Бабка:] — Не дзеці, а пляга нейкая на маю галаву! Усё вышнараць, да ўсяго далезуць! Каліна. Вочы заплюшчаны, вушы зрэдку варушацца, а вакол галавы незлічоным роем кружацца камары, мушкі, авадні, слепні. Ад гэтай плягі лось і схаваўся ў пратоцы. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце; пр. размёў, ‑мяла, ‑мяло; зак., каго-што.

1. Метучы ў розныя бакі, расчысціць. Выйду, выйду хутчэй за вароты я І на вуліцы снег размяту. Ставер. // перан. Ачысціць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Радасць і шчасце дагонім сваё, шторм рэвалюцыі шлях нам размёў! Дубоўка.

2. перан. Разагнаць, раскідаць. Вайна размяла нас па беламу свету. Звонак. Ад дотаў Волгі да Берліна ты [армія] зброд фашысцкі размяла. Машара.

3. перан. Расхапаць, разабраць. Але немцы размялі і свякрусіну хату. Засталося ўсяго некалькі вянкоў, што ніжэй акон. Сяркоў. Словам не стала ансамбля. Спевакоў, .. [танцораў] маіх каго куды, усіх да аднаго размялі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стапта́цца, стопчацца; зак.

Знасіцца, збіцца, скрывіцца, стаць непрыгодным для носкі (пра абутак). У Мінску я адпачыў і набыў сабе новыя шчыблеты, бо старыя стапталіся дарэшты. Бажко. [Партызаны] зноў у дарозе. І ўдзень і ўначы ідзе дробны золкі дождж. Нізка над зямлёй бягуць свінцовыя хмары. Восень. Да ўсяго, вопратка наша парвалася, абутак стаптаўся. Дзенісевіч. // Стаць непрыгодным ад доўгага карыстання (пра тое, па чым ходзяць). Стаптаны дыван. □ Прыступкі ганка раней былі белыя, мармуровыя, ды, відаць, стапталіся: заменены гранітам. «Маладосць». // перан. Пастарэць, аслабець, змарнець. Ляцеў дамоў і дома заўважаў, Што ўжо зусім стапталася бабуля І пастарэў, і занядужаў бацька. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э́тыка, ‑і, ДМ этыцы, ж.

1. Вучэнне аб маралі, як адной з форм грамадскай свядомасці, аб яе сутнасці, законах яе развіцця і ролі ў грамадскім жыцці. Марксісцкая этыка. □ А. К. Ільінскі ў пытаннях мастацтва, этыкі, маралі заўсёды стаіць на прынцыповай вышыні. «Полымя».

2. Сукупнасць норм паводзін, мараль якога‑н. класа, арганізацыі, прафесіі і пад. Тамара Аляксандраўна спачатку збянтэжылася, калі яе.. «усемагутная разведка» ўстанавіла, хто тая жанчына, якую яна сустрэла з Ярашам каля дачы. Але, разважыўшы, узрадавалася: гэта яшчэ лепш, бо, акрамя ўсяго іншага, на галаву чалавека, які зрабіўся цяпер ёй ненавісны, падае яшчэ адзін цяжкі грэх — парушэнне ўрачэбнай этыкі. Шамякін.

[Грэч. ēthika ад ēthos — звычай.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Не скрыты, не сакрэтны; адкрыты. Адсідка ў крэпасці вяла за сабою паліцэйскі нагляд: яўны або патайны. Лужанін. Пасля ўсяго Гані стала зразумела адно: калі ў бойцы вораг быў яўны, адкрыты, узброены, яго бачылі твар у твар, то зараз, у мірную пару, яго цяжка распазнаць, нават з вока на вока. Грамовіч. І ні разу ён [Алесь] не прамінаў, каб дазнацца прычыну тых страхаў. А іх — яўных і ўяўных — хапала тады. Ваданосаў.

2. Зусім відавочны, зразумелы ўсім. Конь выказаў яўныя намеры кінуцца ўперад. Лынькоў. Ад гэтага вее ўжо не чым іншым, як яўным жаданнем некаму спадабацца. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куды́, прысл.

1. пыт. У якім напрамку?, у якое месца?

К. едзе аўтобус?

2. пыт. На што? для якой мэты? (разм.).

К. столькі цукру пайшло?

3. неазнач. У якое-н. месца, куды-н. (разм.).

Хлопцы пайшлі ў кіно, а можа, яшчэ к. падаліся.

4. адноснае. Ужыв. ў якасці злучніка:

а) у даданых сказах месца;

б) у даданых дапаўняльных сказах; у даданых азначальных сказах.

К. вецер вее, туды галлё гнецца.

Хто ведае, к. вядзе гэта дарога.

Усе павярнулі галовы ў той бок, к. накіраваўся бацька.

5. у знач. часц. (разм.). У спалучэнні з вышэйшай ступенню прыметнікаў і прыслоўяў абазначае: значна, намнога (разм.).

Гэта сукенка к. лепшая за тую.

6. у знач. часц. Выражае сумненне, немагчымасць чаго-н.

К. мне да вас!

Куды каторы — у розныя бакі разляцецца, разбегчыся.

Куды ні кінь вокам (разм.) — усюды.

Хоць кудызнач. вык.; разм.) — добры ва ўсіх адносінах, прыгодны да ўсяго.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бадзя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. У пошуках чаго‑н. весці вандроўнае, без пэўнага занятку і прыстанішча жыццё. Можна сабе ўявіць, якое шчасце мець свой кут і не мець вечнай патрэбы бадзяцца па свеце, каб зарабляць хлеб у чужых людзей! Чорны. Два гады бадзяўся Тодар па маёнтках, бяздомнік, беззямельнік. Чарнышэвіч.

2. Марна траціць час, сланяючыся без справы. Сын трымаўся адзін, нудзеў, бадзяўся з кута ў кут і да ўсяго быў халодны і абыякавы. Чорны. // Бязмэтна блукаць дзе‑н. Я прыйшоў у лес без якой там пэўнай мэты ці пільнай патрэбы. Проста бадзяўся па аглухлых палянах, дыхаў сыраватым паветрам. Ігнаценка. [Ігнат] бадзяўся то па агародзе, то па вуліцы, не знаходзячы месца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)