падаспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. — Нам неабходна пратрымацца некалькі дзён, — гаворыць Мяснікоў таварышам, — а тады падаспее падлюга... В. Вольскі. Да месца бою падаспеў камандзір брыгады з невялікай групай. Гурскі. // Быць гатовым у час, у патрэбны момант. Ляжыць [Воўк] і не здыхаецца, як запараны конь. Тут якраз і падаспела снеданне. Прынеслі яго Анюта, дачка Ваўка, і Гануся, пакаёўка пані Адэлі. Машара. // Настаць, падысці (пра тэрміны, з’явы і пад.). Важкія снапы жыта былі звезены ў гумно. Прыладзілі камбайн і патроху малацілі. Якраз падаспела і пара касіць атаву. Гроднеў. Ну, а як бліжэй сысціся з Іванам Луцкім? І тут падаспеў зручны выпадак. Новікаў.
2. Разм. Стаць гатовым для збору, уборкі (пра расліны, плады). [Андрэй Сцяпанавіч:] — Скончацца суніцы, чарніцы — пойдзем у маліны. А там падаспее ажына — цудоўная ягада. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змоўк, ‑ла; зак.
1. Перастаць раздавацца, сціхнуць (пра гукі). Песня змоўкла. □ Змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Гоман працы змоўк у полі, Сціхлі гукі за ракой. Гілевіч.
2. Перастаць гаварыць, крычаць, пець і пад.; замоўкнуць, заціхнуць. Мікіта Мінавіч на хвіліну змоўк і зноў абвёў усіх спакойным поглядам. Кулакоўскі. Недзе далёка зноў закукавала зязюля і адразу змоўкла. В. Вольскі. / Пра музычны інструмент, радыё, тэлефон і пад. Ужо і радыё змоўкла, але сама [Маша] ніяк не магла заснуць. Гроднеў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Кулямёт змоўк. □ Самаходка тым часам змоўкла, затое ротныя мінамёты пачалі біць раз-поразу. Кулакоўскі. // Перастаць напаўняцца гукамі, гоманам і пад. Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын. Шамякін. Не інакш, як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.
1. Зрабіць выстрал; выстраліць. Сяржант ускінуў угару карабін, умомант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Вартавы ляснуў затворам і стрэліў. Гроднеў. // Разм. Хутка паляцець. Кавалеўскі ўлажыў муштук у левую далонь, стукнуў па ёй правай і акурак стрэліў далёка на падлогу. Чарнышэвіч.
2. перан. Утварыць рэзкі, адрывісты гук, падобны па выстрал. На патэльні гучна стрэліла сала. Асіпенка. // Выкінуць, выштурхнуць з сілай іскры, дым і пад., утварыўшы пры гэтым рэзкія адрывістыя гукі. Электрапеч вохкнула і стрэліла доўгімі іскрамі. Карпаў. // чым. Разм. Утварыць адрывісты прарэзлівы гук, ляснуўшы чым‑н. Стрэліць пугай.
3. безас. Разм. Закалоць (пра адчуванне вострага імгненнага болю). Раптам дзяўчыне стрэліла ў галаву, што яна ад плачу змянілася ў твары. Карпюк. Прыўзняў [Андрэй] рукі — цэлыя, паспрабаваў варухнуць нагамі — божухна! — гэткі боль абпаліў, што ажно ў [галаву] стрэліла. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маўклі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не любіць многа гаварыць; негаваркі. Віктараў бацька быў разважлівы, маўклівы, гаварыць многа не любіў, затое словы яго ніколі не разыходзіліся са справай. Гроднеў. Ганна Сцяпанаўна была не з маўклівых, і трэба было ўвесь час весці з ёй размову. Шыцік. // Які маўчыць, не ўступае ў размову. Праводзячы .. [Марыю], маці ўпотай плакала, а бацька ішоў маўклівы і сумны. Кулакоўскі. Байцы спалі, толькі каля зямлянак і пры ганках хадзілі маўклівыя вартавыя. Мележ. // перан. Поўны маўчання, нямы. Дубы стаялі маўклівыя, паважныя, ні адзін лісток не трапятаўся на іх. Шамякін. Ноч надыходзіла цёмная, маўклівая, па-асенняму сумная і непрыветная. Чарнышэвіч.
2. Зразумелы без слоў. У маўклівай згодзе абое [Агапа з Ігнасём] стараліся менш паказвацца ў людзі. Мурашка. // Які не суправаджаецца словамі. Маўклівае здзіўленне. □ Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве. Мікуліч. Старшыня калгаса згадзіўся [склікаць сход] з маўклівым, але прыкметным нездавальненнем. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нутро́, ‑а, н.
1. Унутраныя органы чалавека або жывёлы; вантробы. [Максім] адчуваў сябе вельмі кепска, бо голад,.. як абцугамі сціскаў нутро і балюча смактаў у страўніку. Машара. [Голуб:] — Кажуць, салдацкае нутро пераварыць шрубу, гайку і ружэйнае масла. Васілевіч.
2. Унутраная частка чаго‑н. Светлыя ніці пранізалі пыльнае цёмнае паветра, і хлопчык бачыў усё змрочнае нутро свайго памяшкання. Самуйлёнак. Нутро камяніцы завалена попелам, абгарэлымі бэлькамі, скінутымі з гары рэйкамі. Шынклер.
3. перан. Унутраная сутнасць каго‑н. Мяшчанскае нутро. □ На першы погляд Жлукта — Чарскі вельмі мілы, прывабны чалавек. Выдатная знешнасць, добрыя манеры. Гэтым ён некаторых спачатку і бярэ. Пазнаюць яго сапраўднае нутро толькі пазней. Сабалеўскі. Выгляд авечы, а нутро воўчае. Прыказка. // Пра ўнутраны псіхічны свет, душу. У Ніны апусціліся рукі. Сумленне тачыла яе нутро. Гроднеў.
•••
Заглянуць у нутро гл. заглянуць.
Не па нутру — быць не даспадобы.
Пераесці нутро гл. пераесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., што і чаго.
1. Сыплючы, пакрыць паверхню чаго‑н., высыпаць на што‑н.; нацерушыць, рассыпаць. Насыпаць пяску на сцежку. □ Кася ставіла пусты саган на падлогу, на ражок ручніка насыпала солі. Арабей. У паветры мітусілася [машкара]; яе тут, як хто насыпаў, не дыхнуць. Пташнікаў. // Тое ж, але ў нейкай колькасці. [Снег] ападаў на зямлю белай і пухкай коўдрай, дзе-нідзе між кустоў насыпаў гурбы. Гроднеў.
2. Напоўніць што‑н. чым‑н. сыпкім. Насыпаць мяхі жытам. □ Насыпаў дзед поўныя засекі збожжа. Якімовіч. // Усыпаць якую‑н. колькасць. Насыпаць аўса коням.
3. Зрабіць, пабудаваць насып з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насыпаць плаціну. Насыпаць прызбу. □ Каля дашчанай заставы насыпалі хлопцы курганок зямлі. Колас.
•••
Насыпаць солі на хвост — зрабіць непрыемнасць, моцна дапячы каму‑н.
Цераз верх насыпаць — тое, што і цераз верх валіць (гл. наліць).
насыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑ае.
Незак. да насы́паць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. узбег, ‑ла; заг. узбяжы; зак., на што.
1. Падняцца бягом куды‑н. уверх, на больш высокае месца, на вышыню. Узбегчы на трэці паверх. Узбегчы на пагорак. □ Лабановіч саскочыў з павозкі і ўзбег на ганак. Колас. // Імкліва ўз’ехаць (звычайна па вышыню). Грузавік у збег на ўзгорак. Гроднеў. // перан. Размясціцца на паверхні, што ідзе ўгору. Новыя гарадскія вуліцы ўзбеглі на бліжэйшыя пагоркі. В. Вольскі.
2. Бягом зайсці, трапіць куды‑н.; забегчы. Воўк узбег на поплаў. □ Стукнула брамка, і на двор узбегла дзяўчынка. Асіпенка. // Імгненна з’явіцца, выступіць; пабегчы. Крывавая падцечына ўзбегла на вока. Сабаленка. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, з’явіцца, прыйсці. Узбег смутак на твар. □ І тут, як кажуць, мімаволі ўзбегла па памяць вядомая песня. Грамовіч. З даяркамі Андрэй па-свойму, крыху грубавата, мог і жартаваць, і смяяцца, і ляпнуць, што ўзбяжыць на язык. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уле́гчы, улягу, уляжаш, уляжа; уляжам, уляжаце, улягуць; пр. улёг, улегла і улягла, улегла і улягло; заг. уляж; зак.
Разм.
1. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Улегчы ў навуку. □ [Андрэй] сапраўды гэтак улёг у работу, што нават не глядзеў па баках. Савіцкі. Ціхон прамаўчаў, выкарпаў з гэбля стружку і зноў улёг габляваць. Лобан.
2. перан. Уцягнуцца ў што‑н., набыць моцную схільнасць да чаго‑н. Дзівак, дзівак, нарэшце, растлумач ты: Чаго ты падарожнічаць улёг? Панчанка.
3. Кінуцца наўздагон за кім‑, чым‑н. І раптам пад самымі нагамі прашмыгнула рудая вавёрка. Нават не памятаў Алесь, як улёг за ёй. Ваданосаў. // Накіравацца ў якім‑н. напрамку. [Самалёты] доўга ішлі над лесам. Змянілі курс над нейкай леснічоўкай і ўляглі на поўдзень. Лінія іхняга палёту была ламаная, часам пакручастая. Алешка.
4. Пачаць заляцацца да каго‑н. Не на жарты [Галаўня] ўлёг за Клавай. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Адразу, адным прыёмам зрабіць што‑н. Каб не давялося потым наракаць на сябе, яна [Юля] тут жа шухнула ў печ з вядра — вуголлі зашыпелі. Гроднеў. // Нечакана, раптоўна паваліцца. Стаяць нязручна, умошчваюся прысесці і чуць не шухнуў вобземлю. С. Александровіч.
2. Хутка абваліцца, асыпацца, спаўзці, з’ехаць куды‑н. Зямля шухнула ў дзірку і ледзь не засыпала мяне. Сачанка. Раптам зверху на яго [Петрыка] шухнула салаш. Гілевіч.
3. Надысці, настаць, прыйсці (пра якую‑н. з’яву, надзею). Пасля свята раптоўна шухнула адліга. Савіцкі.
4. Выехаць, выбыць адкуль‑н. [Галасок:] — Ды яно так і будзе, як Вербец кажа: з сваёю брыгадаю яны заробяць. Горад будуецца. І я прашу вас, таварыш старшыня, прыміце меры, бо ўслед за імі і ўся мая брыгада шухне. Савіцкі.
5. Рэзка, нечакана, з сілай падзьмуць, павеяць. Шухне [вецер], Аж самлееш, на нагах ты, Водар мяты і сасновых смол. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́я, ‑і, ж.
Частка цела паміж галавой і тулавам у чалавека і наземных пазваночных жывёл. Алесь выцягваў шыю, каб за чужымі галовамі не празяваць, калі паявіцца Ніна. Шыцік. На скронях, на шыі сінімі шнурамі напяліся вены. Шамякін. — Лялька, а не конь... Жывот падцягнуты... Зубы, як адзін, шыя, нібы ў лебедзя. Васілевіч. // Тое, што сваім знешнім выглядам, формай, абрысамі нагадвае такую частку цела. На пагорку віднеліся гмахі шматпавярховых дамоў. За імі — з доўгімі шыямі пад’ёмныя краны. Гроднеў. На .. варотцах — памытыя гарлачы ўніз шыямі. Кулакоўскі.
•••
Вешацца на шыю гл. вешацца.
Вісець на шыі гл. вісець.
Выехаць на чужой шыі гл. выехаць.
Гнаць у шыю гл. гнаць.
Даць па шыі гл. даць.
Намыліць шыю гл. намыліць.
Павесіцца на шыю гл. павесіцца.
Сесці на шыю гл. сесці.
Скруціць (зламаць) (сабе) шыю гл. скруціць.
Сядзець на шыі гл. сядзець.
Шукаць пятлі на шыю гл. шукаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)