ніт 1, ‑а; мн. ніты́, ‑о́ў; м.

Металічны стрыжань, які мае на адным канцы галоўку, а на другім — разьбу, на якую накручваецца гайка; болт.

ніт 2, а́; мн. ніты́, ‑о́ў; м.

1. Злучэнне ніцяных петляў у ткацкім станку для падымання нітак асновы. Укідаць аснову ў ніты.

2. Спосаб ткання, ад якога залежыць від перапляцення ніцей у тканіне. А пасадзі .. [Алёну] за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляту́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Разм. Кароткая вытворчая нарада для вырашэння неадкладных спраў. [Салаўянчык:] — Пасля работы, у канцы змены, мы збіраемся на лятучку і правяраем свае абавязацельствы. Грамовіч.

2. Разм. Пра лёгкі, хуткі від транспарту. Санітарная лятучка. □ Хутка пасля ўзрыву на месца аварыі прыбыла рамонтная лятучка. Краўчанка.

3. Крылападобны выраст на насенні некаторых раслін, які дазваляе яму лёгка разносіцца ветрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́нта, ‑ы, ДМ ‑нце, ж.

1. Від даходу, не звязаны з прадпрыемніцкай дзейнасцю, які рэгулярна атрымліваюць уладальнікі капіталу, зямлі ці маёмасці. Зямельная рэнта.

2. Бестэрміновая дзяржаўная пазыка ў капіталістычных краінах, якая прыносіць трымальнікам аблігацый пастаянны даход. Дзяржаўная рэнта.

3. О Абсалютная зямельная рэнта — рэнта ў капіталістычных краінах, якую атрымліваюць прадпрыемствы з усіх участкаў зямлі, незалежна ад іх урадлівасці або выгаднасці размяшчэння ў адносінах да рынку.

[Фр. rente ад лац. reddita — вернутае, выплачанае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цырк, ‑а, м.

1. Від тэатральнага мастацтва, які ўключае акрабатыку, эквілібрыстыку, жангліраванне, клаунаду, эксцэнтрыку, дрэсіроўку жывёл і пад. У цырку, у трэцім аддзяленні, Назарава давала прадстаўленне, — Вялізных тыграў утаймоўвала яна. Корбан.

2. Будынак з амфітэатрам і арэнай, прызначаны для цыркавых паказаў; установа, якая арганізуе такі паказ. Калі пабачыў акрабатаў у цырку, дык яны так ачаравалі яго, што ў Ніка нарадзілася мара стаць калі-небудзь сапраўдным акрабатам. Лынькоў.

[Лац. circus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Вокладка з кардону, скуры і пад. для захоўвання папер, малюнкаў і пад. Галоўны інжынер уважліва праглядаў паперы ў папцы, што ляжала ў яго на каленях. Карпаў. Адзін з.. [харыстаў] — той, што выконваў абавязкі бібліятэкара, — застаўся збіраць папкі з нотамі. Мехаў. // Від партфеля (звычайна без ручак). Хадзіў.. [выкладчык] у капелюшы, заўсёды пры гальштуку, насіў з сабой не партфель,.. а жоўтую папку. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эцю́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. У выяўленчым мастацтве: твор, выкананы з натуры, які з’яўляецца першапачатковым накідам, эскізам, часткай будучага кампазіцыйнага цэлага.

2. мн. Маляванне фарбамі з натуры для практыкавання, загатоўкі эскізаў.

Пайсці на эцюды.

3. Невялікі твор навуковага, крытычнага і пад. характару, прысвечаны якому-н. асобнаму пытанню.

Лінгвістычныя эцюды.

4. Музычны твор віртуознага характару.

Эцюды Чэрні для цымбалаў.

5. Від задання (у музыцы, шахматнай гульні і пад.).

Зборнік эцюдаў для шахматыстаў.

6. Практыкаванне (звычайна імправізацыйнага характару), якое служыць для развіцця і ўдасканальвання тэхнікі артыстычнага майстэрства.

Паказаць э.

|| прым. эцю́дны, -ая, -ае (да 1, 3—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

свіння́, -і́, мн. сві́нні і (з ліч. 2, 3, 4) сві́нні, свіне́й, ж.

1. Парнакапытная млекакормячая жывёліна, свойскі від якой разводзяць для атрымання сала, мяса, скуры, шчаціння.

2. перан. Пра таго, хто робіць каму-н. непрыемнасці, пра няўдзячнага, нявыхаванага чалавека (разм.).

С. ты, а не чалавек.

3. перан. Пра бруднага, неахайнага чалавека.

Падлажыць свінню каму (разм., неадабр.) — зрабіць непрыемнасць.

|| памянш. сві́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 1 знач.).

Марская свінка — невялікая бясхвостая жывёліна-грызун.

|| прым. свіны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

та́нец, -нца, мн. -нцы, -нцаў, м.

1. Від мастацтва, у якім стварэнне мастацкіх вобразаў дасягаецца сродкамі пластычных і рытмічных рухаў цела чалавека.

Тэорыя танца.

2. Сукупнасць такіх рухаў пэўнага тэмпу і формы, якія выконваюцца ў такт музыкі, а таксама музычны твор у рытме і стылі такіх рухаў.

Беларускі народны т.

3. толькі мн. Гулянка з музыкай, на якой людзі танцуюць; вечарынка.

Кожную суботу ў клубе былі танцы.

Ні да танца, ні да ружанца (разм., неадабр.) — пра няўмелага, ні на што не здатнага чалавека.

|| прым. танцава́льны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Віш1 ’зазімаваўшая (няскошаная) трава’ (Маш., Янк. I, З нар. сл., Мат. Гом., Шатал.), віша ’тс’ (Некр., Янк. I, Бір. Дзярж., З нар. сл.). Рус. дыял. кур. виш ’зараснікі кустоў, вялікая колькасць купін, леташняй травы ў паплавах’, ст.-рус. вишь ’зялёныя галінкі, хвораст’, польск. wisz ’тс’, н.-луж. wiš ’чарот, трава, якая расце на балоце’, чэш. viš, víš ’назва пэўнай расліны або парасткаў’, чэш. дыял. ’высокая лясная трава, якая расце на вільготных і балоцістых месцах’, серб.-харв. вишвід балотнай травы’, славен. vȋš м. р., vȋš ж. р. ’асака, чарот’. Прасл. višь. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-прус. wissene ’багун, Ledum palustre’, літ. viksvà ’асака’, vikšvà, vìkšris ’чарот, асака’, vizgà ’трава’ (Траўтман, 363; Брукнер, KZ, 44, 334; Фасмер, 1, 325; Махэк₂, 691). У якасці роднасных прыводзяцца таксама нарв. vîse ’мяцёлка, верхавіна расліны, сцябло’, vîs м. р. ’мяцёлка’, veis ’сакавітае сцябло’, veisa ’ціна’, ст.-в.-ням. wisa ’луг’ (Петэрсан, AfslPh, 36, 151; Хольтхаузен, IF, 32, 337). Магчыма, сюды ж рус. виша, вишь ’водная губка, Spongia fluviatilis’; параўн. нарв. veise ’ціна’. Гл. віс.

Віш2 м. р. ’іней’ (Мат. Гом.). Рус. арл., кур. вишь, ж. р., ви́шей, ви́шай, ви́шар ’тс’. Магчыма, да віш1, вішар (гл.) праз прамежкавую семантычную ступень ’вадзяная губка, Spongia fluviatilis, наплыў, рачная зеляніна’, якая ўтрымліваецца ў рус. вишь, виша; апошнія лексемы Махэк₂ (691) аб’ядноўвае з віш1. Фасмер (1, 326) пытанне аб сувязі рус. виша ’вадзяная губка’ з виш1 пакідае нявырашаным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́раб, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. вырабіць (у 1, 2 знач.).

2. Якасны бок апрацоўкі чаго‑н.

3. Спосаб, від вытворчасці прадукцыі. Ручны выраб скур. Машынны выраб дэталей. Рэчы хатняга вырабу. □ Перад.. [дзедам] стаяла лямпа на меднай падстаўцы свайго вырабу. Бядуля.

4. пераважна мн. (вы́рабы, ‑аў). Вырабленыя рэчы; прадукт працы. Галантарэйныя вырабы. Завод жалезабетонных вырабаў. □ [Вадзім Аляксандравіч:] — Скура і футра паўночнага аленя ідзе на розныя прамысловыя вырабы. В. Вольскі.

•••

Аўчынка вырабу не варта гл. аўчынка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)