вага́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вагацца.
2. перан. Нерашучасць, няўпэўненасць; сумненне. Ныла сэрца. Тут быў і страх і ваганне, і адсутнасць надзейнага памочніка, што Андрэй лічыў самым важным. Пташнікаў. І таму, што не знаў ён ніколі Ні вагання, ні страху ў баю, За народ свой змагаўся, за волю, — Пра яго спяём песню сваю. Танк. Калі падышоў патрэбны аўтобус, .. [Алесь] без ваганняў ускочыў у яго і паехаў у напрамку да Камароўкі. Броўка.
3. перан. Няўстойлівасць, пераменлівасць. Ваганні тэмпературы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытвары́цца, ‑тваруся, ‑творышся, ‑творыцца; зак.
Прыняць на сябе які‑н. выгляд з мэтай увесці каго‑н. у зман; прыкінуцца. Прытварыцца хворым. □ І Юрка Хмялеўскі глядзеў на яго і дзівіўся, што гэты звер і прайдзісвет можа прытварыцца сапраўдным панам. Чарнышэвіч. Матацыкліст узняўся і далажыў афіцэру, што калі ён ляжаў, прытварыўшыся мёртвым, нехта ў яго з рукі зняў гадзіннік. Карпюк. Я прытварыўся, што нічога не ведаю, але тата ўжо здагадаўся, што гэта наша работа, і пагразіў пальцам. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
несмяро́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які жыве, існуе вечна; бессмяротны. — Як я хачу парой падкрасціся, сарваць з усёй зямлі заслону і ўбачыць, пачуць усё. Палажыць руку на пульсе жыцця, заслухацца ў яго біцці — творчым, несмяротным... Брыль. Камуністы — гэта людзі грознай сілы. Пакаленне несмяротнае байцоў. Куляшоў.
2. Які застаецца навечна ў памяці людзей. Несмяротны подзвіг. Несмяротная слава. □ Быў калісьці на свеце Сцэвола-герой. За айчыну — руку ён паклаў на агонь. Як узор несмяротнай адвагі такой у сталеццях праслаўлена імя яго... Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Памянш. да ноша.
2. Ахапак, вязка (сена, саломы, дроў і пад.). Майскім вечарам Ірына несла на сабе з бліжняга алешніку ношку дроў. Даніленка. Пад’ёмны кран плаўна і лёгка апісаў дугу, быццам у яго клыках быў не дзевяцітонны груз, а ношка саломы. Гроднеў.
3. Здабыча пчалы за адзін вылет. Ліпавы цвет каштоўны не толькі тым, што ён дае мёд высокай якасці. З яго пчолы бяруць вельмі добрыя ношкі. Гавеман.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пла́зам, прысл.
Плоскай, шырокай стараной уніз. Каля хаты .. ляжыць плазам дубовая старая брама. Бядуля. — Малады жандарскі афіцэр выцяў яго [Рыбакова] шабляй, плазам. Асіпенка.
•••
Ляжаць плазам — тое, што і ляжаць як пласт (пластом) (гл. ляжаць). — Пусціш яго [малька] ў ваду — проста плакаць хочацца, калі бачыш, што ён сотнямі ляжыць нерухомым плазам... Ракітны. Штодзень перад захадам сонца яна [ліхаманка] забірала мяне ў сваю поўную ўладу, і я ляжаў плазам да самай раніцы, і перад вачыма маімі мітусіліся то жоўтыя, то чырвоныя кругі... Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папуля́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Просты, зразумелы, даступны (па зместу, мове, форме і пад.). Папулярная літаратура. Папулярная музыка.
2. Які карыстаецца сімпатыямі грамадскасці, шырока вядомы. Яго [Каліноўскага] імя было вельмі папулярным сярод мае. Ларчанка. Па той зацікаўленасці, якую праяўлялі палітвязні да Мікодыма Вайцяхоўскага, Максім здагадаўся, што яго новы сусед сярод палітвязняў з’яўляецца папулярнай асобай. Машара. // Распаўсюджаны, шырока вядомы. Папулярная песня. □ Верш [М. Танка] «Спатканне» — адзін з лепшых і найбольш папулярных у свой час узораў грамадзянскай лірыкі паэта давераснёўскай пары. Бугаёў.
[Ад лац. popularis — народны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
субясе́днік, ‑а, м.
Той, хто бяседуе, вядзе гутарку з кім‑н. Кузьма быў надзвычай прыемным субяседнікам, умеў добра расказваць і шчыра смяяцца. Хведаровіч. А мо яго, Антона, таму і цягне ў Вуглы, што там перад ім заўжды ёсць смелы і шчыры субяседнік, якому няма чаго таіць ад яго... Савіцкі. [Анэля] ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сціска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сціснуцца.
2. Разм. Адчуваць няёмкасць, сарамлівасць. Пятрусь баяўся і таго, каб Рыгор не пачаў саромецца. .. Чаго іншага, а пачне сціскацца, адказвацца ад патрат на яго. Гартны. // (з адмоўем «не»). Абл. Дзейнічаць бесцырымонна ў адносінах да каго‑н. Цяпер яна [маладзіца] смяецца і не сціскаецца ў розных мянушках па .. адрасу [Лабановіча]. Колас.
3. Разм. Ціснуцца; скупіцца. Чалавек ён [Стась Ломаць] быў хітры, усё прыбядняўся, сціскаўся, і не любілі яго ў Наносах. Чарнышэвіч.
4. Зал. да сціскаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэмбр, ‑у, м.
1. У музыцы — якасць гуку (яго афарбоўка), якая дазваляе адрозніваць гукі аднолькавай вышыні пры выкананні на розных інструментах або рознымі галасамі. М. Ворвулеў шчасліва спалучае ў сабе прыемны па тэмбру голас, адменную музычнасць і пачуццё сцэны. «Беларусь». Галасы ўсё больш скрыжоўваюцца, пераплятаюцца, узбагачаюць напеў тэмбрамі, робяць яго ўсё больш імклівым і рэльефным. «Полымя». // перан. Аб афарбаванасці, настроенасці чаго‑н. Мяккі тэмбр душы.
2. У фанетыцы — афарбоўка гука, якая вызначаецца становішчам фармант у частотным спектры гука.
[Фр. timbre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уло́мак, ‑мка, м. (ужываецца часцей з адмоўем «не» і ў пытальна-клічных сказах).
Слабы, кволы чалавек. [Паляшук:] — Дарма што.. [дзеду] цяпер семдзесят год, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, не вытрымае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз жа ўціхамірыць, хоць Раман і не ўломак. Колас. [Ціток:] — Дзіва што ты заробіш сабе хлеба. Уга. Што ты, уломак які? Лобан. [Лісавета] падумала, што не можа быць, каб яна не ўправілася з гэтым уломкам. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)