згале́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Голы, апусцелы (пра дрэвы, нівы і пад.). Дзе-нідзе трапляліся цэлыя дзялянкі зусім згалелых дрэў, і лес сумна хваляваў пустэчай. Мележ. Згадай гэты дзень залаты, што над пушчай, згалелымі пожнямі рассыпаў залатыя лісты. Дубоўка.
2. перан. Вельмі бедны, збяднелы. Нялёгка было згалеламу шляхцюку служыць сярод багатай знаці, але к трыццаці гадам і ён стаў паручнікам. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
марко́тна,
1. Прысл. да маркотны. Вакол, ападаючы, шамацела лісце, угары маркотна, цягуча шумеў густы вецер. Мележ.
2. безас. у знач. вык. Аб пачуцці суму, маркоты. [Аляўціна Пятроўна:] — Мо табе, Макарка, што баліць? — Не, нічога не баліць, проста так маркотна, — адказаў я як мага спакайней. Сабаленка. Мне было крыху маркотна, напэўна, таму, што са старонак кнігі паўставала даволі сумная гісторыя таленавітага чалавека. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мірга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Тое, што і маргаць (у 1, 2 знач.). [Маці] стаяла сярод хаты з падарункам і часта-часта міргала вачыма. Скрыпка. Касірка міргае дзяўчынцы з раздачы [у сталовай], каб падышла да стала. Мыслівец.
2. перан. Мігаць, мігцець. Навокал было цёмна, толькі паасобныя агеньчыкі хат міргалі на ўзгорку. Броўка. Дзве вісячыя лямпы задыхаліся .. ад сціснутага паветра, міргалі і капцілі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мно́гія,
1. Пэўная колькасць каго‑, чаго‑н. Многія расліны не любяць высокай тэмпературы. □ [Міканор:] — Многіх такіх паноў ды падпанкаў рэвалюцыя турнула з нашай зямлі. Бялевіч. // у знач. наз. мно́гія, ‑іх. Значная колькасць людзей. Многія не вярнуліся з вайны.
2. у знач. наз. мно́гае, ‑ага, н. Аб чым‑н. значным па аб’ёму, зместу або колькасці. Даведацца аб многім. □ Многае для старога было нечаканым. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мно́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.
1. Колькасна павялічвацца; расці. У хаце і ў клеці, у клуні і хлявах дабра было многа, і дабро гэта расло і множылася. Колас. На шкле набухалі, множыліся дажджавыя кроплі. Навуменка.
2. Уст. Размнажацца. Розныя «божыя кароўкі», жучкі, матылькі, вусені жылі і множыліся на гэтым кавалку зямлі. Бядуля.
3. Падвяргацца множанню. Тры множыцца на два.
4. Зал. да множыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насце́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сцяны. Бетоннаму заводу трэба было выпусціць першую партыю жалезабетонных вырабаў для чыгуначнай эстакады і насценныя блокі. «Маладосць». // Прызначаны, прыстасаваны вісець на сцяне. Насценны каляндар. Насценны гадзіннік. // Змешчаны ў сцяне. Адчыніў [Вася] насценную шафу, яшчэ раз агледзеў форменны кіцель, штаны і чыстую паласатую цяльняшку. Краўчанка.
2. Які выкананы на сцяне. Насценны жывапіс.
•••
Насценная газета гл. газета.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
небага́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае вялікай маёмасці, вялікіх матэрыяльных сродкаў. Небагатая гаспадарка.
2. Недарагі; скромны. Альшэўскі спакаваў у чамадан небагатыя падарункі, пайшоў на вакзал. Навуменка.
3. перан. Абмежаваны, недастатковы. «Рэпертуар».. [Тамаша] быў небагаты: два маршы, тры полькі, кадрыль і вялікі цыкл вясельных песень. Бядуля. Левін доўга крывіўся, упёршыся блізарукімі вачыма ў паперку, на якой было напісана небагатае меню. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
небыва́лы, ‑ая, ‑ае.
Якога раней не было; нябачаны, незвычайны. Ты ідзеш шляхамі небывалымі, І ўжо блізка той жаданы год. Панчанка. Гірня хуценька сабраў ключы, адвёрткі і з небывалай для яго жвавасцю ўскочыў у кабіну... Кулакоўскі. Экспедыцыя правяла ўсебаковыя і небывалыя па маштабах даследаванні мора. «Звязда». / у знач. наз. небыва́лае, ‑ага, н. Кожны крок наш быў незвычайным крокам у невядомае і небывалае. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрывы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, да якога не прывыклі; які з’яўляецца новым для каго‑н. Здзіўлены і моцна ўражаны Пракоп нясмела сеў за стол у гэтай непрывычнай для сябе абстаноўцы. Колас. У вестыбюлі была цішыня. Непрывычная, нейкая застыглая. Васілёнак.
2. Які не мае прывычкі, звычкі да чаго‑н. Лучына дыміць і чадзіць. Непрывычнаму чалавеку было б кепска пры гэтым асвятленні. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нерэа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не існуе ў рэчаіснасці; фантастычны. Дрэвы, ахутаныя ў казачна бялюткія адзенні, стаялі нерухома, быццам зачараваныя. Усё здавалася нерэальным, таямнічым. Новікаў. У Косцевым уяўленні кожная дзяўчына была занадта паэтычная і нерэальная. Карпюк.
2. Немагчымы для выканання, здзяйснення; неажыццявімы. Нерэальныя патрабаванні. □ І ўсе іх планы былі нерэальнымі, бо не было ў хлопцаў зброі, ды і ўдвух не многае зробіш. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)