сла́бы, -ая, -ае.

1. Які мае малую сілу, магутнасць.

С. чалавек.

С. рухавік.

2. Нездаровы, хваравіты.

Слабая бабуля.

Слабыя нервы.

3. Які не вызначаецца моцным характарам; нястойкі.

Слабая натура.

Слабая воля.

4. Нязначны, малы.

Слабая падтрымка.

С. ўдзел.

5. Дрэнны, няўмела падрыхтаваны, выкананы недастаткова ўмела і пад.

С. вучань.

С. раман.

Сын с. ў матэматыцы.

6. Ненасычаны, нямоцны.

С. раствор солі.

Слабая гарэлка.

7. Нямоцна нацягнуты, свабодны.

Лейцы слаба (прысл.) нацягнуты.

Слабае месца або слабы бок каго-чаго (разм.) — недахоп чый-н. або чаго-н.

|| наз. сла́басць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Бац1 ’пацук’ (Касп., Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Інстр. II). Параўн. і бацу́к ’вадзяны пацук’ (Лысенка, ССП). Усё гэта формы з азванчэннем да пацук, пац ’тс’ (гл.).

Бац2 ’малое дзіця, вельмі рухавае’ (Янк. Мат.). Гэта пераноснае ўжыванне слова бац ’пацук’. Магчыма, далей сюды адносяцца таксама (спачатку як пераносныя назвы) бацю́к, бацю́та хлопчык’ (Касп.), бацю́та ’перарослы гарэза’ (Нас.). Але не выключаецца, што апошнія словы — утварэнне ад ба́ця, ба́цька. Параўн. бацю́та, бацю́лясын, які падобны да бацькі тварам ці ўчынкамі’ (Яўс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Выхава́нне (БРС, Нас., Яруш., Гарэц., Байк.). Запазычанне з польск. wychowanie ’тс’ (Кюнэ, Poln., 115), дзе яно з’яўляецца калькай франц. éducation (Унбегаўн, RÉS, 12, 45). З польск. wychowanka запазычана таксама бел. выхава́нка ’прыёмная дачка, выхаванка’, а бел. выхава́нец ’прыёмны сын, выхаванец’ з’яўляецца калькай польск. wychowaniec ’тс’ (Кюнэ, там жа). Улічваючы даўняе выкарыстанне (параўн. у Ф. Скарыны выхование — Воўк–Левановіч, Мова выданняў, 282) і шырокае распаўсюджанне гэтых слоў, нельга прыняць пункт гледжання Крукоўскага (Уплыў, 127) аб калькаванні рус. воспитанник, воспитанница ў бел. выхаванец, выхаванка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пані́ч, ‑а, м.

1. Сын пана; малады пан. Даўно схавалі ў склепе пана, паніч стаў за гаспадара. Дубоўка.

2. Разм. Спешчаны чалавек; беларучка. — Збераце камсамольскі сход.. Каго-каго, а разбэшчаных панічоў трэба караць. Карпаў.

3. толькі мн. (панічы́, о́ў). Абл. Тое, што і павой. Па-ранейшаму цвілі пад вокнамі чырвоныя вяргіні, высокія панічы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. падсцярог, ‑сцерагла, ‑ло; заг. падсцеражы; зак., каго-што.

Высочваючы, дачакацца з’яўлення каго‑, чаго‑н.; падпільнаваць. [Грачова:] — Ноч спаць не буду, а падсцерагу... падсцерагу, як.. [хлопец] цябе дадому прывядзе. І раскажу, усё яму вылажу. Ракітны. А летам сын гуляў на волі, Хадзіў па лесе і па полі, І вось раз Насцю падсцярог. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нябо́ж, ‑а, м.

1. Абл. Сын брата або сястры; пляменнік. — А праўда, сынок! — падумаўшы, сказала маці. — Ты маеш права... І ты ж.. [дзядзьку] нябож усё-такі. Ракітны. Побач са мною ляжала мая дубальтоўка, а на заднім сядзенні трымаліся напагатове два хлапчукі..: адзін — мой нябож.., а другі проста суседскі. Кулакоўскі.

2. Разм. Ласкавы або спачувальны зварот да малодшага па гадах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўдзя́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не праяўляе ўдзячнасці за зробленыя паслугі. [Элінора] гаварыла, гаварыла... Ён і жорсткі чалавек, і няўдзячны сын, колькі турбот мела праз яго маці. Лынькоў. [Сяргей:] — Не магу прычыняць [Еве Аўсееўне].. лішніх клопатаў. Яна, як родная маці, даглядала мяне. Нельга быць няўдзячным. Машара.

2. Які не апраўдвае патрачаных намаганняў, надзей. — Табе трэба кінуць гэтую няўдзячную літаратурную работу, Ігнат, — гаварыла .. [Вікторыя Аркадзеўна]. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

незако́нны, ‑ая, ‑ае.

Які супярэчыць закону, парушае закон; недазволены. [Гушка:] — Ад імя Савета рабочых, .. сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў абвяшчаю гэты кангрэс незаконным і скончаным. Чорны. — Што гэта такое? — абурылася Эмілія. — Аддайце сшытак! — Не маеце права! — Загулі навокал. — Тут ніхто нічога незаконнага не рабіў. Маўр. // Не аформлены юрыдычна. Незаконны шлюб. // Уст. Незаконнанароджаны, народжаны па-за шлюбам. Незаконны сын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыні́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прынізіць.

2. у знач. прым. Уніжаны, зняважаны. [Махнач] стаяў перад сакратаром з вінаватым выглядам, пасаромлены, прыніжаны. Шамякін. Сын узяў .. [бацьку] за плечы, сціснуў, быццам жалезнымі абцугамі, і пасадзіў на ложак — абмяклага, прыніжанага, разбітага горам і крыўдай. Каршукоў. // Які выказвае пакорлівасць. Прыніжаны выгляд.

3. у знач. прым. Бяспраўны, зняважлівы. Прыніжанае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даха́ты, прысл.

У свой дом, у сваю хату, да сваёй сям’і; дадому. Аднаго разу паехаў Кузьма з сынам па сена. Наклалі вазы ды едуць дахаты: бацька на адным возе, сын — на другім. Якімовіч. Бывайце здаровы, Жывіце багата, Ужо ж мы паедзем Дадому, дахаты. Русак. // На радзіму, у родныя мясціны. Яны ў дарозе дахаты, едуць з Паволжа. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)