узро́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Колькасць часу, гадоў, пражытых ад нараджэння, пачатку росту; перыяд, ступень у развіцці, росце чалавека, жывёлы, расліны. Ва ўзросце трох год. Людзі аднаго ўзросту. Дзіцячы ўзрост. Сталы ўзрост. □ [Шайдак:] — Мне ішоў тады пятнаццаты год. Узрост, ведаеце які: усё хочацца ведаць, усюды паспець. Жычка. За купамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Колас. Толькі на Палессі можна яшчэ любавацца дубамі, узрост якіх дасягае добрых шасці стагоддзяў. В. Вольскі.
•••
Бальзакаўскі ўзрост — узрост ад 30 да 40 год, уласцівы гераіням бальзакаўскіх раманаў, якія ў гэты перыяд захавалі свежасць і маладосць пачуццяў.
Выйсці з узросту гл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фурго́н, ‑а, м.
1. Крытая конная павозка. А побач з Насцяй цягнуць коні Фургон закрыты, а ў фургоне Герой мой, прапаршчык Дзяжа. Колас. Як расказваюць старажылы, конка добра бегла пад гару, а на пад’ёмах нават чатыры кані не маглі цягнуць цяжкі фургон. Жычка. Насустрач ім выехаў нейкі старамодны фургон, запрэжаны тройкай добрых коней. Шамякін.
2. Закрыты кузаў на аўтамашынах, прычэпах, калёсах для перавозкі грузаў. З хлебнага фургона, рэзка затармазіўшы машыну, выскачыў шафёр і кінуўся цераз вуліцу наперарэз гасцям з Афрыкі, хочучы сказаць ім нешта важнае... Навуменка. Па калдобістай дарозе імчацца магутныя грузавікі, фургоны рамонтных майстэрань, аўтакрамы... Хведаровіч.
[Фр. fourgon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шрот, ‑у, М шроце, м.
1. зб. Дробныя свінцовыя шарыкі, якія разам з порахам служаць зарадам для паляўнічых стрэльб. Дазвол далі Грыгору паляваць у графскіх лясах, яшчэ і пораху і шроту выдалі. Колас. У стрэльбе быў добры зарад шроту. Корбан.
2. зб. Спец. Адходы пасля выціскання алею з насення алейных раслін, якія ідуць на корм жывёле.
3. перан. Пра тое, што сваім знешнім выглядам і ўласцівасцямі нагадвае такія шарыкі. Вадзяны шрот сыпаўся нам на шапкі, на целагрэйкі, сек па каленях. Ермаловіч. Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары — Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны. Жычка.
[Ням. Schrot.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пало́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Наводзіць страх, боязь. Сцепуржынскі тупаў нагамі і.. сваім шэптам, каб ніхто не чуў, палохаў Міхала Тварыцкага. Чорны. // Страшыць кім‑, чым‑н. Змалку нас палохалі цыганамі. Зробіш што не так, адразу страшаць: «Вось прыйдуць цыганы, забяруць цябе ў мех». Жычка. // Успуджваць. У гарачыя летнія дні качкі купаліся ў вадзе і спакойна жыравалі. Калі-нікалі іх палохалі паляўнічыя, і тады яны падымаліся з вады. Лупсякоў. // Выклікаць трывогу. Сесія не палохала мяне і не трывожыла: я была ўпэўнена, што добра здам экзамены. Савіцкі. Ёсць людзі, якіх перашкоды не толькі не палохаюць, а выклікаюць яшчэ большы накал і ахвоту да справы. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
працягну́цца, ‑цягнецца; зак.
1. Выцягнуцца ў якім‑н. напрамку. Дзверцы адчыніліся, працягнуліся дзве пары рук. Ваданосаў.
2. Расцягнуцца, размясціцца на вялікую адлегласць; выцягнуцца. Новы прамысловы раён горада працягнуўся доўгім белым ланцугом уздоўж Амура. Грахоўскі. Праз паўгадзіны .. [Андрэй] быў ужо каля роднай вёскі, электрычныя агні якой працягнуліся ад ракі аж да лесу. Скрыпка.
3. Прадоўжыцца. Даклад працягнуўся дзве гадзіны. Падарожжа працягнецца два месяцы. □ — Калі дождж працягнецца, нам не хопіць паліва, — заўважыў Тайдо. Маўр. Вайна ж доўга не працягнецца, хутка нашы разаб’юць фашыстаў, бацька вернецца. Жычка.
4. Павольна прайсці (пра час). Увесь той дзень працягнуўся, як пакута. Чорны.
5. Прайсці праз вузкую адтуліну; прасунуцца. Нітка працягнулася ў іголку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́цемак, ‑мку, м.
Паўзмрок, паўцемра адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. У ранішнім прыцемку .. [дарога] нагадвала рэчышча, а купкі чорных дрэў здаваліся падобнымі на скалы. Мележ. Улетку на вёсцы спаць кладуцца з прыцемкам. Сачанка. // Паўзмрок, паўцемра ў дрэнна асветленым памяшканні, месцы. — Не спяшайся запальваць агню. Пасядзім лепш у прыцемку. Нашто ж, каб вокны свяціліся. Машара. А ў прыцемку варот, густой імглой прыкрыты, Як здань мінулага, стаіць стары гандляр. Панчанка. Гадзіннік здаўся.. [Валі] прыгажэйшым, як у магазіне, бо там прыцемак кідаў цень на яго беленькі цыферблат. Пестрак.
•••
На прыцемку — адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. Толькі на прыцемку.. [Насця] пачне гатаваць страву. Жычка. У панядзелак Янка ўстаў на прыцемку. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
багаты́р, ‑а, м.
1. Той, хто валодае вялікай маёмасцю, мае многа грошай; багач. [Настаўнік:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе. Колас. [Павал:] — Калі я цяпер узбіўся на добрую.. гаспадарку, дык ужо мяне багатыром лічаць. Чорны.
2. Казачны асілак, волат; вялікай сілы і адвагі чалавек, воін. Я не жартуючы хацеў бы пусціць па краіне мастацкае палатно, падобнае па зместу да «Багатыроў» Віктара Васняцова. Толькі сучаснае, аб нашых багатырах, якія стаяць на варце спакою і волі краіны. Брыль. // перан. Пра што‑н. велічнае, магутнае. Вось які ты, слаўны Кіеў, Старажытны багатыр! Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
баль, ‑ю, м.
1. Вечар з танцамі і вясёлымі забавамі. У дадатак да белага плацця з шаўковага палатна, што шылася да выпускнога балю, было зроблена яшчэ два. Асіпенка.
2. Вялікі званы абед. А праз два тыдні такі баль гадалі бацькі маладых, што вёска як жыве, не бачыла. Чарот. За багаты сядзем стол Баль святочны справіць. А. Александровіч.
3. перан. Пагард. Нястрымны разгул чаго‑н. (рэакцыі, ваеншчыны і пад.). Рукі байца — Гартаваная сталь, Рукі армейца Нястомны. Панства, Крывавы спраўляючы баль, Нашы ўдары Прыпомніць. Хведаровіч. / у перан. ужыв. Ладзіць баль завіруха. Куляшоў. На баль вясновы запрашэнне Прыслалі родныя бары. Жычка.
•••
Баль-маскарад — касцюміраваны вечар з танцамі.
[Фр. bal.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ло́пацца, ‑аецца; незак.
1. Даваць трэшчыны, разломвацца, раздзірацца; трэскацца. Лопаецца скура на руках. Лёд лопаецца. □ Лопаліся шыбы вокнаў, і з іх вырывалася клубы дыму і языкі полымя. Лупсякоў. Уначы ад марозу лопаліся бярвенні ў сценах. Хомчанка. // Ірвацца з трэскам. Струны лопаюцца. Трос лопаецца. // Трэскаючыся, распадацца. На ўзгорках ужо зусім суха. Лопаюцца прыгрэтыя сонцам пупышкі арэшніку. Жычка. // Выбухаць, разрывацца (пра бомбы, снарады, міны і пад.). Снарады сталі густа, са скрогатам лопацца над танкамі. Мележ. // Надзімаючыся, разрывацца і знікаць. У лужынах на асфальце ўсхопліваліся і, праплыўшы крыху, лопаліся бурбалкі. Карпаў.
2. перан. Разм. Цярпець поўную няўдачу, крах. Лопаюцца планы. Лопаюцца надзеі.
•••
Лопацца са смеху — тое, што і паміраць са смеху (гл. паміраць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маты́ў, ‑тыву, м.
1. Прычына, падстава для якога‑н. дзеяння. Матывы асабістага парадку хілілі .. [Аўгіню] у процілеглы Васілю бок. Колас.
2. Прасцейшая рытмічная адзінка мелодыі, адна з састаўных частак мелодыі. // Мелодыя, напеў. Зіна падабрала матыў, і дзяўчаты пачалі спяваць песню. Жычка. Матыў падхоплівае дружны дзявочы хор, і песня льецца над прырэчнымі прасторамі, залітымі сонцам. Дуброўскі.
3. Прасцейшая састаўная частка сюжэта; тэма ў творах мастацтва. У .. вершах [Я. Купалы] было многа сумных і нярадасных матываў, бо сумная і нярадасная была і рэчаіснасць, з якой ён чэрпаў тэмы сваіх твораў. Шкраба. [Бацька] угледзеў малюнак над ложкам — першы жоўты кляновы ліст падае з дрэва — і падумаў, што ў малюнках пераважаюць асеннія матывы. Шамякін.
[Фр. motif.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)