про́філь, ‑ю, м.
1. Абрыс, від збоку (твару, прадмета). [Кузьма] убачыў Верын профіль, кароткі нос з роўнай пераносіцай, востры падбародак, акруглы лоб. Дуброўскі. З худым аскетычным тварам, глыбокімі вачамі і густымі сівымі брывамі .. [Гукан] нагадваў у профіль ястраба. Шамякін.
2. Спец. Вертыкальнае (папярочнае або падоўжнае) сячэнне якога‑н. ўчастка, паверхні, прадмета; від, форма чаго‑н. у разрэзе. Профіль канала. Профіль дарогі. Профіль участка зямной паверхні. // Форма папярочнага сячэння пракатнага вырабу; выраб такой формы. Усю змену, пад наглядам Івана, [Змітрок] замацоўваў дэталі, рабіў больш складаныя профілі, чым дагэтуль. Ваданосаў.
3. Сукупнасць асноўных тыповых рыс, якія характарызуюць гаспадарку, прафесію, спецыяльнасць. Профіль прадпрыемства. Профіль інстытута. Спецыяльнасць шырокага профілю.
[Ад іт. profilo — абрыс.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца вільготным ад асеўшай пары; запатнець. Затуманіліся, запацелі ад пары, нібы заінелі, на кухні вокны, і мне здавалася, што на дварэ зіма. М. Стральцоў.
2. Разм. Пакрыцца потам; спацець. Твары.. [рабочых] ужо запацелі, від[аць] было, што яны працавалі даўно. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саты́р, ‑а, м.
1. У грэчаскай міфалогіі — спадарожнік бога віна і весялосці Дыяніса, хітрая, пажадлівая істота з казлінымі нагамі, рагамі і барадой. // перан. Пра хітрага, пажадлівага чалавека.
2. Від вялікіх дзенных матылёў.
3. Птушка атрада курыных з двума падобнымі на рогі вырастамі на галаве, якая водзіцца ў Індыі і Кітаі.
[Грэч. satyros.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бокс 1, ‑а, м.
Від спорту, кулачны бой па асобых правілах. [Сяргей:] [Сцяпан] у нас быў чэмпіёнам па боксу ў часці. Мележ. [Карнейчык:] Лодар Касабуцкі ходзіць у часе працы па цэху і практыкуецца ў боксе. Крапіва.
[Ад англ. box — баксіраваць.]
бокс 2, ‑а, м.
Мужчынская стрыжка, пры якой валасы на скронях і патыліцы коратка выстрыгаюцца або выгольваюцца. Стрыгчыся пад бокс.
бокс 3, ‑а, м.
Адгароджаная частка памяшкання ў лячэбных установах для ізаляванага ўтрымання хворага. Хворага палажылі ў бокс.
[Ад англ. box — скрынка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рухаві́к, ‑а, м.
1. Машына, якая ператварае які‑н. від энергіі ў механічную энергію; машына, якая прыводзіць у рух што‑н. Паравы рухавік. Рэактыўны рухавік. Дызельны рухавік.
2. чаго. Сіла, якая пабуджае да чаго‑н., садзейнічае росту, развіццю чаго‑н.
•••
Рухавік унутранага згарання — рухавік, у якім паліва згарае ўнутры цыліндра пад поршнем.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́дкі, ‑дак; адз. ладка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
1. Уст. Удар лінейкай па далоні як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе. Даць пяць ладак лінейкай.
2. толькі мн. Дзіцячая гульня, пры якой удзельнікі ўдараюць адзін аднаго спачатку правай далонню аб правую, потым левай аб левую і г. д.
•••
Біць (пляскаць) у ладкі гл. біць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
залі́к, ‑у, м.
1. Від праверачных іспытаў у вышэйшых і спецыяльных сярэдніх навучальных установах, у спартыўных практыкаваннях і пад. Да канца заняткаў засталося два месяцы, а там залікі. Колас. // Разм. Адзнака аб праходжанні такіх іспытаў. Атрымаць залік.
•••
У залік (не ў залік) — прымаецца (не прымаецца) пад увагу. Язык — не ў залік, ты мне справу дай. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
снара́д, ‑а, М ‑дзе. м.
1. Від боепрыпасаў для стральбы з гармат. Процітанкавы снарад. Артылерыйскі снарад. □ Недзе зусім блізка разарваўся снарад. Шамякін. Час ад часу за ракой грукалі цяжкія гарматы, і над галавой Ягорава з пранозлівым свістам праляталі снарады. Краўчанка.
2. Прылада, прыстасаванне для спартыўных практыкаванняў. Гімнастычныя снарады. □ Разам з іншымі навічкамі знаёміўся [Паўлік] са спартыўнымі снарадамі, вывучаў розныя прыёмы бою на рапірах. Шыловіч.
3. Інструмент, машына, апарат. Землясосны снарад. Буравы снарад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узо́р, -у, мн. -ы, -аў, м.
1. Малюнак, у якім спалучаюцца ў пэўным парадку лініі, колеры, фігуры і пад.
У. тканіны.
Маляўнічы ў.
Ледзяны ў. на акне (перан.).
2. чаго і без дап. Паказальны або пробны выраб.
Узоры тканіны.
У. паперы.
3. чаго і без дап. Паказальны прыклад чаго-н., што-н. дасканалае, вартае пераймання.
У. мужнасці.
У. працавітасці.
4. Спосаб канструкцыі, від, форма.
Вінтоўка новага ўзору.
|| прым. узо́рны, -ая, -ае (да 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
і́ней, ‑ю, м.
Від атмасферных ападкаў: ледзяныя крышталікі, якія ўтвараюцца ў выніку ахаладжэння вадзяной пары ў ясныя і ціхія ночы і асядаюць тонкім слоем на глебе, дрэвах і інш.; параўн. шэрань. Днём яшчэ цёпла, а ночы — золкія.., і ранкамі на бульбоўніку, на траве белыя махры інею. Мележ. Пад раніцу ўжо браліся замаразкі, трава і лісце кустоў пакрываліся шараватым інеем. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)