прыпазні́цца, ‑пазнюся, ‑познішся, ‑позніцца; зак.

Трохі спазніцца, затрымацца. Васіль паехаў на станцыю, як і загадаў яму старшыня, але прыпазніўся. Савіцкі. [Партызаны] прыпазніліся, выйшлі на дарогу ўжо на світанні. Быкаў. І хоць сёлетняя вясна прыпазнілася, яна таксама была цудоўная, можа нават самая найлепшая ад усіх ранейшых. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабаўні́к, ‑а, м.

Той, хто рабуе каго‑, што‑н.; грабежнік. Ці ён які рабаўнік, ці злыдзень, навошта б спыняць яму гэтага мірнага таўстуна, настаўляць на яго пісталет, тым болей рабаваць, калі б не фашызм, не вайна, не палон з тысячамі пакут і зняваг. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растэрміно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.

Выкананне або выплата чаго‑н. па частках у які‑н. тэрмін. Продаж у растэрміноўку. □ І хоць у .. [Піка], як і ў нас, запэцканыя рукі па локаць, але меў чалавек свой домік на ўскраіне, куплены ў растэрміноўку. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́гат, ‑у, М ‑гаце, м.

Абл.

1. Тужлівыя, нудныя гукі; выццё. Скогат ветру. □ Сяржант .. пад новы скогат бомбаў шаснуў убок. Быкаў.

2. перан. Віск, плач. Ты ж выходзіў пад скогат і гвалт Засяваць беларускі папар. І, сустрэўшы нямала цяжкіх перашкод, Дасягнуў ты пастаўленых мэт. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чашчо́ба, ‑ы, ж.

Абл. Гушчар. Затрашчалі галіны, зачвякала гразь — коні і каровы падаліся ў чашчобу... Ставер. З шумам і трэскам выходзяць зубры з чашчобы на лясную паляну. «Маладосць». // Зараснік якіх‑н. раслін. Мясцінамі ў кветкавых чашчобах трапляліся жарсцвяныя плешыны, тырчалі з травы шэрыя камяні. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ездавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Прызначаны для язды, які служыць для язды. Ездавая дарога. Ездавыя сабакі. Ездавыя алені.

2. у знач. наз. ездавы́, ‑ога, м. Салдат, які правіць коннай запрэжкай. Іван усё пакрыкваў на ездавога — старога нехлямяжага байца ў дзвюх ватоўках пад шынялём, каб той наганяў хутчэй. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

1. Згінаючыся, завярнуцца, падвярнуцца; скрывіцца. Цвік загнуўся. Палі ў капелюшы загнуліся. // Утварыць загіб, паварот. Правы фланг першага ўзвода неўзабаве загнуўся і пачаў адставаць. Быкаў.

2. Разм. груб. Памерці. — Падхапіў двухбаковае запаленне лёгкіх, вось і ўсё. Ледзь не загнуўся. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абле́гчыся, ‑ляжацца; зак.

Разм.

1. Абаперціся, усперціся. Ён [Ткачук] грузна аблёгся на наш хісткі столік, добра зацягнуўся цыгарэтай. Быкаў.

2. Прыйсці да звычайнага стану рэчаў; уладкавацца. І прыйшлі дамоў з такім пачуццём, нібы ўсё ўжо больш-менш добра, усё сяк-так абляглося, стала на сваё месца. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кастля́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Схуднелы, высахлы, з выступаючымі касцямі. Бабцы было гадоў пад дзевяноста. У твары і ў кастлявых руках ні крывінкі, вочы выцвілі, высахлі. Лобан.

2. Сухарлявы, хударлявы. — Дарогу трэба перакрыць на суткі, — сіпатым, прастуджаным голасам гаварыў капітан — высокі кастлявы чалавек са шчаціністым змораным тварам. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́чна, у знач. вык.

Відаць; можна разгледзець. Адсюль [з абочыны] было добра бачна ўсё, што адбываецца на полі. Шыцік. / з злучн. «што», «як» і інш. Два.. байцы нехаця палезлі на абрыў; бачна было, як яны прыкметна баяліся. Быкаў. А там бог бацька, бачна будзе, Як што абернецца яно. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)