гайда́, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца як загад або заклік ісці куды‑н.: пойдзем, ідзі(це). — Можна было б пабыць тут і болей, каб не экзамены, — сказаў Лабановіч. — Гайда, хлопцы, у дарогу! Колас. // Ужываецца для абазначэння хуткага руху, дзеяння: паспяшаўся, паехаў, пайшоў і пад. Аканом пабачыў, што [з сялянамі] ні аб чым не дагаворышся, сеў на каня ды гайда да маёнтка. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Жыць бедна, цярпець гора. Так і гаруе бедны Сцяпан: зямлі мала, сям’я — сем ратоў, кожнага накармі. Чарнышэвіч. Тады перастануць гараваць, як не будзе каму панаваць. Прыказка.

2. Сумаваць, тужыць па чым‑н.; перажываць якое‑н. няшчасце. Пражылі [Марта з Васілём] пяць год, а дзяцей усё не было. Асабліва гаравала па гэтым Марта. Пестрак.

•••

Гора гараваць (нар.-паэт.) — перажываць гора, пакутаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глумі́ць, глумлю, глуміш, глуміць; незак., што.

Разм.

1. Марна траціць, псаваць. Шкада было глуміць мяккі даўгунец, старанна выпаланы калгаснымі дзяўчатамі. Грахоўскі.

2. Здзекавацца, насміхацца з каго‑, чаго‑н. Большасць ведала, што сыны ваююць за праўду, якую глуміў немец, за Расеюшку, за цара, а больш нічога не ведалі, а хоць і ведаў хто, дык маўчаў, бо быў на вачах старасты, урадніка і земскага. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

1. ад чаго і з інф. Адвыкнуць ад чаго‑н. Колькі ні смяяліся з .. [Якавенкі] таварышы, ён усё не мог адвучыцца ад гэтага нязграбнага жэста. Мележ. Адвучылася смяяцца [Малання] за вайну, дык і цяпер яшчэ ўсё не наважыцца. Кулакоўскі.

2. Разм. Закончыць навучанне, перастаць вучыцца. Адвучылася Люба ў гімназіі. І радасна адначасна было ад гэтага і сумна. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атлёт, ‑а, М ‑лёце, м.

Разм. Быстры, рашучы, лоўкі, адчайны малады чалавек. Дзеўка яна [Ганна] не цаца была, а Ванька — атлёт. Век бы ён Ганны не ўзяў, каб на Грыбава дабро не пагнаўся. Брыль. [Мітрафан:] — Слаўны, братка, у цябе сувязны. Атлёт! Бажко. У гэтым стомленым, азызлым і, мусіць, маральна зламаным чалавеку цяжка было пазнаць былога віленскага фарсуна, атлёта і бадзёрага прыгажуна-мужчыну. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аніга́дкі, прысл.

Разм.

1. Адпавядае выразу: «хоць бы што». Нашкодзіў і анігадкі. □ Іменна, галубок, драч. Мы яго дзеркачом завём, — разгаварыўся дзед Мікалай. — Кажуць, птушка тая пехатой шыбуе з самой Афрыкі. Ідзе і ідзе сабе і анігадкі. Даніленка.

2. Спакойна, са спакойнай душой. Было ўсё прадугледжана для таго, каб за пагодаю схапіць сена, скідаць яго ў стагі і быць анігадкі на ўсю зіму. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́карыстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Скарыстаць што‑н., ужыць у сваіх мэтах. Выкарыстаць адпачынак. Выкарыстаць зручны момант. □ Якаў радаваўся свайму вольнаму вечару, было жаданне як мага лепш выкарыстаць яго. Кулакоўскі. Свет для моладзі цяпер адкрыты, шырокі — чаму ж не выкарыстаць гэтую магчымасць?.. Хадкевіч. // Знайсці прымяненне. Пакуль на поле не выехалі, прараб стараўся выкарыстаць кожнага цалінніка на будоўлі. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́працаваць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Зрабіць пэўную колькасць работы; вырабіць. Выпрацаваць мінімум працадзён. Выпрацаваць норму. // Развіць, выхаваць пэўныя рысы, якасці. Выпрацаваць навыкі, характар.

2. перан. Стварыць што‑н. на аснове абагульнення пэўных звестак, вопыту, вывучэння і пад.; распрацаваць. Выпрацаваць праект рэзалюцыі. Выпрацаваць агульнанацыянальныя літаратурныя нормы. □ [Нявіднаму] трэба было звязацца з партызанамі дзеда Талаша і выпрацаваць план сумеснага дзеяння. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абшука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зрабіць вобыск дзе‑н., у каго‑н. [Начальнік атрада:] — Ну, хлопцы, абшукаць добра ўсе закануркі. Крапіва. За сталом сядзелі памешчык і надзьмуты палкоўнік. — Абшукаць! — быў кароткі загад. Міколку і дзеда старанна абшукалі. Лынькоў.

2. Агледзець старанна ўсё, шукаючы што‑н. Было вырашана абшукаць увесь лес повідну, у выпадку варожай аблавы агню не адкрываць, а хавацца. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абыва́цель, ‑я, м.

1. Уст. Сталы жыхар якой‑н. мясцовасці. Так Сяргей Пятровіч зрабіўся абывацелем горада Сярдзечанска. Сяргейчык.

2. Чалавек, які жыве дробнымі, вузкаасабістымі інтарэсамі. Ёсць ціхае шчасце абывацеля і эгаіста, калі ён плюе на ўсё на свеце, абы яму добра было. Хадкевіч. Пакутных думак чарвякі Мазгі расточваюць парой: Ды хто ж, урэшце, я такі? Ці абывацель, ці герой? Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)