ура́з, прысл.
1. У той жа момант, імгненна; раптам. Машына фыркнула пакрыўджана клубам шызага дыму, ураз падхопленага хлёсткім асеннім ветрам, уздрыгнула, але з месца не скранулася. Быкаў. Андрэй змоўчаў, бо сварка магла разгарэцца ўраз. Чарнышэвіч.
2. За адзін прыём, адразу. Люся зірнула ў вочы Гарбачову, нібы хацела ўраз разгадаць, што задумаў гэты чалавек. Шашкоў. Зрэдку, калі вецер ураз замятаў чалавечыя сляды, атрад хадзіў у далёкія, цёплыя вёскі. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускаці́ць, ускачу, ускоціш, ускоціць; зак., каго-што.
Коцячы, падняць, закаціць куды‑н. А яны [Уля і Мікола] хоць і папамучацца, пакуль дрэва зваляць, затое, як ускоцяць кругляк — у санях капылы трашчаць! Паўлаў. — Але ж дзе я паспею? — пачала апраўдвацца разгубленая Галкоўская. — Вунь хлопец ляпае сякерай. — Усміхнулася. — Ужо на тосты вянок ускацілі па бервяну. Чыгрынаў. // З цяжкасцю ўсцягнуць, палажыць на што‑н. Надзя ўскаціла Слесарэнку на сані, паклала зручней, накрыла посцілкай, закідала сенам аўтамат. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ухава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Хаваючы, зберагчы што‑н. — Дык і хлеб жа ваш згарыць. — Не згарыць. Мы ведаем, як яго ўхаваць, — у снег пазакопваем, і ён мёрзлы там да вясны можа праляжаць. Сабаленка. // Прыхаваць што‑н. [Глушак:] — Толькі і ўхаваў, што пяць мяшкоў на картаплянішчы за грушай. Мележ.
2. Утаіць што‑н. ад каго‑н. [Каваль:] — Мае грахі вядомы, але ён [Валодзька] свае чаго хавае? Усё адно не ўхавае. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
факты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да факта (у 1, 2 знач.); які адпавядае фактам; сапраўдны. Фактычных доказаў на Тварыцкага не было: у той час ён, як і заўсёды, быў дома, нікуды .. не адыходзіў. Чорны. Сустракаюцца ў кнізе і фактычныя памылкі і недакладнасці. Шкраба. // Які існуе ў наяўнасці, але не ўзаконены юрыдычна. Фактычныя шлюбныя адносіны. □ Цяжка ўразіла ўсіх вестка аб арышце Багуцкага, фактычнага кіраўніка ўсіх дыверсій на чыгунцы. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фрагме́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Асобная частка, урывак якога‑н. кампазіцыйнага цэлага (звычайна пра творы мастацтва). Фрагменты насценных роспісаў. □ Відны [на карціне] фрагменты драўлянай сядзібы і карчмы з заезным дваром за масіўнай сцяной. «Помнікі». Пейзажныя фрагменты ў вершах Танка перыяду «Нашай волі» падпарадкаваны грамадскай тэме. У. Калеснік. У старадаўняй Русі летапісы.. вяліся ва ўсіх колькі-небудзь значных гарадах, але ад Полацкага летапісання.. асталося толькі некалькі фрагментаў у складзе Іпатаўскага летапісу. «Полымя».
[Ад лац. fragmentum — абломак, кавалак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хо́дкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які хутка і лёгка рухаецца, лёгкі на хаду. Ходкі самазвал. Ходкі конь. □ Потым пакацілі ходкія гарматы, мінамёты. За імі — з той жа імклівасцю, але больш паважна, ракеты. Карпаў.
2. Які мае вялікі попыт (пра тавары, вырабы і пад.). [Іван:] — У нашу краму такога [пітва] не прывозяць. Не ходкае яно ў нас. Паўлаў. На базары лазовае лыка Самы ходкі лічыўся тавар. Хведаровіч. // Які часта выкарыстоўваецца. Ходкі афарызм.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяжкава́та,
1. Прысл. да цяжкаваты.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць невялікіх цяжкасцей, перашкод, замінак для каго‑н. у якой‑н. справе, у якім‑н. становішчы. [Якім:] — А што я ў тым атрадзе зрабіў такога? .. Адно толькі цяжкавата было ісці праз праклятыя балоты. Машара. [Валера:] — Можна спачатку на пасадкі [ісці], потым пустку адолець, і напрамкі. Але гэта, мажліва, і цяжкавата табе: лыжкі там няма. Савіцкі. Цяжкавата было спачатку і гаспадарыць [у камуне]. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяльпу́к, цельпука, м.
Разм.
1. Кароткі тоўсты кавалак дрэва; цурбан, калодка. [Дудок] перасек усё дробнае ламачча на дрывотніку, узяўся быў за буйныя бярозавыя цельпукі, але з адной рукой не мог управіцца з імі. Лынькоў.
2. Пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека. [Суседка:] — Спрытная дзеўка, маладзец! А то вунь у Палаткі нейкі цяльпук удаўся, дык не павернецца, людзей баіцца. Галавач. Трэба нешта было б сказаць, каб Кірыла не падумаў, што я нейкі там цяльпук. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Пазбягаць, цурацца каго‑н. Нейкі час .. [муж і жонка Раманюкі] жылі, як два чужыя чалавекі, выпадкова з’яднаныя гешэфтам: называлі адзін аднаго на «вы», чужаліся. Карпюк. Да .. [Пшанічнага] раптам перамяніліся ўсе дружбакі, пачалі чужацца хлопца. Быкаў. // Адмаўляцца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. (якіх‑н. дзеянняў, спраў, сфер жыцця і пад.). Крытык не чужаецца гісторыі, але кожны раз, калі звяртаецца да яе, спрабуе асвятляць з пазіцый сённяшняга дня. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шама́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Займацца шаманствам; выконваць абрад шаманства. — Анкат, гэта і ёсць шаман? — запытаў я ціха. — Шаман, шаман. — А што ён робіць? — Шаманіць, з духамі гаворыць, хворага лечыць. Бяганская. // перан. Чараваць. Шаманіць над катлом чабан З даўгім нажом, З двухзубцам. Барадулін. Па берагах не вельмі высокі, але стромкі меднастволы кедрач, густыя зараснікі тальніку, на рацэ дзе-нідзе чарнеюць лункі, ля якіх шаманяць над стаўнымі сеткамі рыбакі. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)