тулі́цца, тулюся, тулішся, туліцца; незак.

1. Гарнуцца, прыціскацца да каго‑, чаго‑н. Хлапчанё тулілася да маці і палахліва шаптала: — Я баюся, мамачка. Шамякін. Нібы да знаёмых, туліліся дзеці К савецкім байцам, абнімаючы іх. Астрэйка. За гэты час ласяняты добра падраслі; яны дрыготка пацепваліся ад холаду і туліліся да ласіхі. Кірэйчык. // Гарнуцца, прыхінацца, кахаючы каго‑н. Соладка замірала маё сэрца, калі я кружыў Таню і яна боязна тулілася да мяне. Марціновіч. — Якая ты добрая, што прыйшла ў гэтую ноч, Танечка! — шэпча абрадаваны Міхась і .. моцна туліцца да яе. Машара. // перан. Шукаць збліжэння з кім‑н., быць у прыязных адносінах з кім‑н. Аўгіня падсмейвалася з Васіля, але часамі і падхвальвала яго, ды шчыльней тулілася да Мартына. Колас. // Набліжацца і шчыльна прыціскацца да каго‑, чаго‑н. Я шчыльна тулюся да халодных аконных шыб, хапаюся рукамі за гладкую сцяну і паглынаю вачыма далёкія прасторы. Галавач. Уся вёска, вялікія і малыя, жанкі і мужчыны, туліліся бліжэй да цёплых чараноў. Мележ. Кандрацкая, здаецца, прабавала плакаць і ўсё тулілася да мураваных сцен, каб кулі не дасталі. Гарэцкі. / у вобразным ужыв. Хвалі мора да берага туляцца. Глебка. Вечар туліўся да шэрых сцен старасвецкай будоўлі. Чорны. І вось ужо Мяне глынула вуліца, Дзе ў змроку непрагляднае начы Не толькі людзі — Дрэва к дрэву туліцца! Макаль. // Хавацца ў што‑н. Генерал туліцца ў бурку, працірае вочы. Пестрак. — Ой, я баюся! — туліцца мама ў падушку. Брыль.

2. Знаходзіць прытулак, прыстанішча, размяшчацца дзе‑н. у цеснаце, у непадыходзячым месцы. У часы вялікага заводу ваўначоска працуе і дзень і ноч, завозчыкі запруджваюць двор, па начах туляцца ў сенцах, у адрыне, на прыгрэбцы, а некаторыя, найбольш знаёмыя, і ў хаце. Кулакоўскі. Вялізная Маніна сям’я з шасці дачок, двух сыноў і бацькі з маткай туліцца ў старой цеснай хаце. Васілевіч. Калісьці .. [музычная школа] тулілася ў двух невялічкіх пакойчыках пры Доме асветы. «ЛіМ». / у перан. ужыв. Войт паддаецца Бруевым разважанням і на некаторы час заспакойваецца, але ўсё ж цень трывогі дзесь туліцца ў яго сэрцы. Колас. // Ціха стаяць дзе‑н., прытаіўшыся. Не ведалі сакратар і яго маладзёжная дружына, што за яблыняй на падворку за парканам туліўся не хто іншы, як сам Мацей Гусак. Пестрак. Быццам туліцца цішком Нехта за капліцаю! Дзяргай. // Хавацца дзе‑н., ратуючыся ад каго‑, чаго‑н. Так, дорага абышлася народу гэтая блакада. Вёскі пагалелі канчаткова, людзі туліліся ў лесе, ратуючыся. Лось.

3. перан. Размяшчацца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. Прыборны і Паўленка настойвалі спыніцца ў Выселках — невялічкай вёсцы, што тулілася каля самага лесу. Шамякін. [Будынак] туліўся ля падножжа высокай скалы, нібы зрэзанай нажом зверху ўніз. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́сці, з’ем, з’ясі, з’есць; з’ядзім, з’ясце, з’ядуць; пр. з’еў, з’ела; заг. з’еш, з’ешце; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыняць якую‑н. ежу; скарыстаць на яду, на харчаванне. З’есці хлеба. З’есці яблык. З’есці па бліну. □ Кандрат Назарэўскі з асалодай з’еў увесь хлеб і ўсё малако. Чорны. Адзін з’еш хоць вала — адна хвала. З нар. // Загрызці, задушыць. Па пасёлку папаўзлі чуткі, што Гінку з’елі ваўкі. Корбан.

2. перан. Разм. Нападкамі, ганеннем звесці са свету, загубіць. — Заўсёды ён імкнуўся з’есці мяне, зжыць са свету, ну — і згубіць цяпер. Шынклер. Цешча зноў загаласіла: — А не вінаваты ж ён, не вінаваты!.. А з’елі ж яго свае зайздроснікі!.. Асіпенка. // Поўнасцю паглынуць, забраць. [Максім Астаповіч] абышоў навокал хату — усё было старое, трухлявае, разваленае. Вось і ўсё, што асталося дзеля Марынінай будучыні, хіба можа далучыць яшчэ сюды яго былую няўдалую мару, якая з’ела лепшыя яго маладыя гады. Чорны. З’ела царскае каранне Тарасову сілу, — Менш глядзеў ужо на неба, А больш у магілу. Купала.

3. Сапсаваць, пашкодзіць, грызучы і пад. (пра насякомых, грызуноў). Моль з’ела футра. □ Калі ўжо завёўся шашаль, можа ўсю будыніну з’есці дашчэнту. Баранавых. // Разм. Заесці, пакусаць (пра насякомых).

4. перан. Поўнасцю знішчыць (пра сілы прыроды і пад.). Снег рыхлы з’елі туманы, — Бярозавік цячэ ў збаны; Прынёс нам бусел на хвасце Вясну — чарэмшына цвіце. Бялевіч. Прыхваціла, з’ела Спёка ярыну. Купала.

5. Разм. Пашкодзіць, разбурыць (пра ядавітае рэчыва, іржу і пад.). Грыб з’еў падлогу. Іржа з’ела трубы.

6. Груб. пагард. Ужываецца як дакор пры звароце да каго‑н. у значэнні: вазьмі, забяры. Замест адказу Аўгіння схапіла клубок нітак, шпурнула ім у чорную Васілёву бараду. — Вось па што хадзіла. З’еш яго! Колас.

7. Сцерці, затупіць (зубы).

•••

Жыўцом з’есці (праглынуць) — тое, што і з’есці (у 2 знач.).

З’есці пуд жалезнага бобу — набрацца вялікага цярпення для чаго‑н.

Зубы з’есці (праесці) на чым — доўгай працай, практыкай набыць вопыт, веды ў якой‑н. справе.

Кукіш (фігу, дулю, трасцу) з’есці — нічога не атрымаць.

Мала кашы з’еў — тое, што і мала кашы еў (гл. есці).

Пуд солі з’есці з кім — пражыць разам доўгі час.

Сабаку з’есці ў чым, на чым — мець багаты вопыт, навыкі, веды ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салі́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, добра зроблены. Салідная пабудова. □ Слухаючы гаворку пра зямельныя ўчасткі, салідныя катэджы і плантацыі агрэсту альбо трускалак, Кірыла з’едліва ўсміхаўся. Паслядовіч.

2. Які вылучаецца грунтоўнасцю, глыбінёй, сур’ёзнасцю. Салідная адукацыя. Салідны вопыт работы. □ Работа выглядала саліднай, усё гучала ў ёй пераканаўча і па-навуковаму. Арабей. Адным словам, я [Генадзь Залужны] зрабіўся сапраўдным патрыётам Поўначы і меў намер зноў вярнуцца туды, але затым, каб паступіць у інстытут, набрацца ведаў, атрымаць салідную спецыяльнасць і толькі тады, ну, можа, на апошніх курсах інстытута, ажаніцца. Радкевіч.

3. Які заслугоўвае давер, з добрай рэпутацыяй, аўтарытэтам. Салідная ўстанова. □ Нізкі, тоўсты, з адрастаючым жывоцікам,.. [Сабалеўскі] хутчэй нагадваў прыказчыка ці коміваяжора саліднай гандлёвай фірмы, чым пасла беднага беларускага сялянства ў польскім Сейме. Машара. // Які карыстаецца аўтарытэтам, павагай; вядомы (пра чалавека). Салідны архітэктар. □ [Чарнавус:] А я вас, Аляксандр Пятровіч, цяпер ужо зусім разумею. Да гэтага дня я думаў, што маю справу калі не з салідным вучоным, дык, па крайняй меры, з сумленным чалавекам. Крапіва.

4. Важны, паважны, самастойны (пра чалавека). Тут сядзіць і пан Длугожыц. .. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго рода. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Колас. // Уласцівы такому чалавеку, характэрны для яго. Салідны тон. // Які надае важнасць, мае значны памер (пра рэчы). Аранжавы непаседа паварочваецца да нас і, здаецца, вось-вось замурлыча і паварушыць даволі-такі саліднымі вусамі. Брыль. [Іне] падабаліся яго густыя чорныя бровы, чысты ружаваты твар і даволі салідны чуб. Ваданосаў.

5. Мажны, вялікі (пра фігуру чалавека). Завуч наш быў чалавек саліднай камплекцыі, і на ўсіх худых і тонкіх меў свой від. Ермаловіч. А вы хто такі, уласна, будзеце? — пытаўся дырэктар, акідваючы позіркам салідную, міжвольна выклікаючую павагу, постаць Яўмена Фаміча. Краўчанка.

6. Не вельмі малады, сталы. Салідны ўзрост. □ З вамі на прадвесні Я, салідны дзядзя, Пеў бы, здэцца, песні, У піянератрадзе. Крапіва.

7. Значны па велічыні, памеру, сіле і пад. Салідны капітал. □ Праз тыдзень я [Мікола Бароніч] пад’ехаў да рэдакцыі амаль на новай машыне, а рэдактару аддаў рахунак на салідную суму. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́цца 1, шлецца; незак.

Зал. да слаць ​1.

сла́цца 2, сцялюся, сцелешся, сцелецца; незак.

1. Ляжаць на паверхні чаго‑н. Дыванамі слалася жоўтае лісце. Гурскі. І падаюць і сцелюцца сняжынкі на шляхі. Астрэйка. І тут [на сцежцы] снег быў некрануты, і сіняваты, і мякка, як крухмал, рыпеў пад нагамі, і зноў сляды чалавека слаліся акуратна і роўна. Кудравец. / Пра святло, цені і пад. З таго боку, адкуль чароўнай вясёлкай слаўся сонечны прамень, таксама пасыпаліся стрэлы. Кулакоўскі. Касыя, доўгія цені ад прысадаў слаліся на брук. Мурашка. // Прыпадаць, схіляцца (пра расліны). Зблытаная дажджамі трава нізка слалася па зямлі. Сергіевіч. А поруч з пшаніцай, па другі бок дарожкі, зялёнай коўдрачкаю авёс сцелецца. Колас.

2. Ляжаць, рассцілацца на вялікай прасторы. Пойдзеш ты ў свет і людзі Хадою адважнай, Прад табою слацца будзе Край наш неабсяжны. Купала. Лог зялёным дываном слаўся да рэчкі. Пташнікаў.

3. Расці, распасціраючы галіны, сцёблы, лісце па паверхні чаго‑н. У садзе былі ўжо і такія яблыні, што голлем слаліся амаль па самай зямлі. Сабаленка. Пушыста ўецца-сцелецца густая дзераза. А. Александровіч.

4. Паволі распаўсюджвацца па паверхні або над паверхняй чаго‑н. На школьным двары было яшчэ многа дыму, ён слаўся па здратаванай, уезджанай траве. Кулакоўскі. Шэрыя хмары над лесам сцелюцца, Вецер снягамі палі заносіць. Кірэенка. Над прасцягамі заросшай дрыгвы слаўся рэдкі туман. Краўчанка. Над жытам, над прыдарожным ракітнікам слаўся густы пыл. Грахоўскі. Прахалода найбольш адчувалася ля рэчкі. Лёгкі халадок слаўся па зямлі, пашчыпваў падэшвы, бадзёрыў. Хадановіч. / Пра вечар, змрок. Па полі ўжо слаўся густы змрок. Мележ. / Пра гукі. З узгорка несліся насустрач сонцу словы гімна, слаліся над сумнымі палявымі прасторамі, заклікалі. Галавач.

5. Лятаць, хутка бегчы, выцягнуўшыся ў імклівым руху. Ластаўкі неяк дзіўна сцелюцца каля самай зямлі. Гарбук. А за ворагам казакі Віхрам слаліся ў пагоні. Гаўрусёў.

6. Рыхтаваць, слаць сабе пасцель. Мы сцелемся ў халодных сенцах на нейкіх нізкіх скрынях. Чорны.

7. Зал. да слаць ​2.

•••

Лістам слацца — выдыгаць перад кім‑н., падлізвацца да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уле́гчыся, улягуся, уляжашся, уляжацца; уляжамся, уляжацеся, улягуцца; пр. улёгся, улеглася і уляглася, улеглася і уляглося; заг. уляжся; зак.

1. Легчы для сну, адпачынку. Улегчыся адпачываць. □ Васіль зачыніў сенцы, запёр іх на закрутку, раздзеўся ўпоцемку і ўлёгся спаць. Гартны. // Прыняць зручнае ляжачае становішча. Цётка .. крактала, варочалася, мабыць, пасля жніва балела цела, і яна ніяк не магла ўлегчыся. Асіпенка. [Сотнікаў] нетаропка выцяг[нуў] на снезе параненую нагу, улёгся і старанней, чымся раней, прыцэліўся. Быкаў. // Змясціцца дзе‑н. у ляжачым становішчы. Калі ж дзядзька Антось з пляменнікамі і старац улегліся ў гумне, Косцік не вытрымаў і запытаў: — Дзеду, а дзеду, калі казкі? С. Александровіч.

2. Змясціцца (аб прадметах). Улегліся кнігі ў чамадан. □ Сям-там трапляліся толькі сыраежкі і лісічкі. Яны сіратліва ўлягліся на дне кошыкаў, як дакор нашай празмернай даверлівасці да тых, хто паабяцаў нам тут грыбныя горы. Паслядовіч.

3. Асесці, апусціцца. Улеглася сена ў копах. Улёгся пыл. □ [Маці:] — От узараў, сынок, то і добра... Калі там і агрэх які, дарма... Перапрэе, уляжацца за зіму, а там на вясну зноў паднімеш. Кулакоўскі. Церусіў дробны снег, але вецер не даваў яму ўлегчыся, здуваў на абочыны вуліц, зганяў з тратуараў. Арабей.

4. перан. Разм. Аслабець, сціхнуць, супакоіцца (пра з’явы прыроды і пад.). Бура ўлеглася. □ Вецер улёгся. Цішыня стала такая, што лісце на ліпах абвяла — не зварухнецца. Ваданосаў. Летнім надвячоркам, калі ўжо трохі ўлеглася дзённая гарачыня, світанскі брыгадзір Лявон Цупкін падышоў пад акно яшчэ новай хаты і пабразгаў у шыбу. Сабаленка. / Пра гукі, шумы і пад. Дзед Талаш і яго спадарожнік прыпыніліся і стаялі моўчкі, пакуль не ўлёгся брэх сабак. Колас. / Пра пачуцці, перажыванні, душэўны стан. Не паспела ўлегчыся адна радасць, як прыйшла другая. Дадзіёмаў. А што ён казаў пра мяне? — закарцела даведацца Таццяне, як толькі трошкі ўляглося хваляванне. Пальчэўскі. / Пра грамадскія з’явы, адносіны, настроі і пад. [Гаспадыня:] — Лепей пачакаць тут, пакуль не ўляжацца гэта вайна. Чыгрынаў. [Войцік:] — Не, браце, на сваю кватэру табе [Максім] зараз ісці нельга. Эма перадала, каб ты, пакуль не ўляжацца гэта завіруха, дамоў не паказваўся. Машара.

5. Усталявацца, стаць. Ужо зіма добра ўлеглася, калолі па начах маразы вуглы ў хатах. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упа́сці, упаду, упадзеш, упадзе; упадзём, упадзяце; пр. упаў, упала; заг. упадзі; зак.

1. Зак. да падаць (у 1, 2, 4, 5, 7–10 знач.).

2. Уваліцца, запасці ўнутр. [Гардзей:] — Вунь як яна [сястра] пастарэла. Нос завастрыўся. Вочы ўпалі, як бы выцвілі. Сабаленка. Цяпер.. [Андрэй] амаль не падобны на сябе: твар густа зарос, скроні ўпалі і быццам бы пасівелі. Кулакоўскі.

3. у што. Дайсці да якога‑н. стану, становішча (звычайна цяжкага). Упасці ў роспач. Упасці ў спячку. Упасці ў беднасць. □ Кет Джэры паспрабавала расплюшчыць павекі і ўспомніць. Але ні першае, ні другое зрабіць не ўдалося. Яна зноў упала ў забыццё. Гарбук. Упаў Даніла ў злосць, у ярасць, Уладу страціў над сабой. Колас. // Прыйсці ў сваіх поглядах, паводзінах да чаго‑н. непажаданага. Упасці ў ідэалізм. Упасці ў фармалізм. Упасці ў распусту. Упасці ў крайнасць.

•••

Волас з галавы не ўпаў (не ўпадзе) гл. волас.

Не ўпасці тварам у гразь — тое, што і не ўдарыць тварам у гразь (гл. ударыць).

Сэрца ўпала гл. сэрца.

Упала заслона гл. заслона.

Упасці духам — тое, што і заняпасці духам (гл. заняпасці).

Упасці на калені — тое, што і стаць на калені (гл. стаць).

Упасці (укінуцца) у вока (вочы) камуа) звярнуць на сябе ўвагу. «Чым я так упаў яму [дакладчыку] ў вока? — падумаў я. — Вучыўся, як і ўсе.» Сабаленка; б) спадабацца. [Несвіжанка] адразу ўпала.. [Кірылу] ў вока, але ён усімі сіламі стараўся ніколі не спатыкацца з ёю. Чорны.

Упасці ў ногіа) пакланіцца каму‑н., упасці ніц перад кім‑н.; б) пачаць маліць, прасіць каго‑н. [Язэп] разумеў, што Клава ў ногі яму не ўпадзе... Яна гордая і прасіць яго не стане. Асіпенка.

Яблыку няма дзе ўпасціа) вельмі многа каго‑н. Бываюць такія сходы, што тут яблыку няма дзе ўпасці: і на падаконніках людзі сядзяць, і на парозе, хто ўжо зусім змарыўся, ёсць у канцылярыі ляжанка, дык і на ляжанку садзіцца. Кулакоўскі; б) вельмі цесна. — Зноў Заранік адчыніў дзверы, — злосна заўважыў нехта з глыбіні вагона. — Тут і так няма дзе яблыку ўпасці. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́к, а; мн. людзі, ‑ей і ў спалучэнні з колькаснымі словамі чалавекі, чалавек, чалавекам, чалавекамі, аб чалавеках; м.

1. Грамадская істота, якая мае высокаарганізаваны мозг, валодае мысленнем, маўленнем, здольнасцю вырабляць прылады працы і мэтанакіравана выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольны свет. За апошнія гады багаты палескі край асабліва шпарка ўдасканальваўся савецкім чалавекам. Чорны. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. Чалавек на зямлі будзе жыць без замкоў, Бо замкі — сваякі збітых рабскіх акоў! Гілевіч. // чаго або які. Асоба як увасабленне пэўных духоўных або фізічных якасцей, уласцівасцей, службовых характарыстык і пад. Добры чалавек. Хворы чалавек. Стары чалавек. Чалавек справы. □ [Конан:] — Замыкаю [лодку] ад ліхога чалавека. Лобан. // Ужываецца ў значэнні займенніка: «ён», «нехта», «той». — Ціха, ціха! — замахаў Аніс шапкай. — Дайце чалавеку сказаць. Дуброўскі. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. // Ужываецца ў спалучэнні з лічэбнікам або прыслоўем для ўказання на колькасць асоб. Паднялі дзесяць чалавек, і Арсень не прамінуў забраць большасць іх у свой узвод, паколькі меў права выбару. Хадкевіч.

2. Разм. Муж; мужчына. Жанчына ведала нораў свайго чалавека: калі яму што ўбілася.. ў галаву, дык лепш не чапай, бо бяды не абярэшся. Сабаленка.

3. Асоба як выражэнне высокіх маральных і інтэлектуальных рыс, духоўных якасцей. — Будзь старанным, сынку, — Станеш чалавекам, Будзеш ты чытаць нам, Цёмнікам, няўмекам. Колас. [Дзядзька Пракоп:] — Ну, як тут мой студэнт? — Нішто сабе, — адказвала настаўніца. — З яго будзе чалавек. Сабаленка.

4. Разм. Слуга ў тракціры, рэстаране. Успамінаецца Ваську не жыццё, а нейкае непаразуменне, быў падкухарам, быў і чалавекам у тракціры, потым неяк здарылася — захляснула Ваську жыццё цёмнай хваляй. Лынькоў.

•••

Неандэртальскі чалавек — тое, што і неандэрталец.

Боскі (божы) чалавек (уст.) — старац.

Добры чалавек — ласкавы зварот да незнаёмага. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер.

Малады чалавек — зварот да маладога мужчыны або мужчыны маладзейшага ўзросту. — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць, — павярнуўся .. [Няслаўскі] да Ігнася. Мурашка.

Наш чалавек — хто‑н. блізкі, свой.

Свой чалавек — роўны каму‑н. па становішчу, аднаго светапогляду; аднадумец, той, якому можна даверыцца.

У рост чалавека гл. рост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асно́ва, ‑ы, ж.

1. Частка прадмета, на якой замацоўваюцца астатнія яго часткі; каркас, касцяк. Хлопцы.. прынеслі з лесу дзве расохі і ўбілі іх у зямлю. Наверсе паклалі перакладзіну, і аснова шалашыка была гатова. Чарнышэвіч. Рухаюцца ўперад асновы будучых машын на галоўным канвееры, абрастаючы ўсё новымі вугламі і дэталямі. Данілевіч.

2. Грунт ці штучнае збудаванне, на якім трымаецца, знаходзіцца што‑н.; падмурак. Аснова вежы. // Ніжняя плоскасць, якой прадмет, збудаванне датыкаецца да паверхні чаго‑н. // Ніжняя частка якога‑н. прадмета ці збудавання. Стог у аснове меў каля пяці метраў. □ Дваццатага чэрвеня мы ўжо змаглі прыступіць да падрыхтоўкі бетоннай асновы, а ў верасні распачалі ўкладку бетона. «Полымя».

3. перан. Тое, што складае ядро чаго‑н., з’яўляецца зыходным матэрыялам для ўтварэння, стварэння чаго‑н.; узор, пачатак. Народная аснова літаратурнай мовы. □ Мы бачылі, што Маркс ў 1845 годзе, Энгельс у 1888 і 1892 гг. уводзяць крытэрый практыкі ў аснову тэорыі пазнання матэрыялізму. Ленін. У аснову паэмы «Магіла льва» пакладзена народная легенда пра Машэку. Шкраба. Мы песні сваёй Палажылі ў аснову І чыстую праўду, І чыстую мову. Лужанін. // Тое галоўнае, на чым грунтуецца, будуецца што‑н. І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут, І там зажыць сабе нанова: Свая зямля — вось што аснова! Колас. // звычайна мн. (асно́вы, ‑ноў). Пачаткі, прынцыпы (пра лад, сістэму і пад.). Хістаўся стары лад у самых асновах сваіх, у муках болю нараджаўся другі, новы парадак. Колас. І рушыць ён [час] і рве асновы ўсе старыя, Дрыжыць прад сілай той і цемра і туман. Гурло.

4. звычайна мн. (асно́вы, ‑ноў). Зыходныя, галоўныя палажэнні якой‑н. навукі, тэорыі і пад. Асновы агратэхнікі. Тэарэтычныя асновы марксізма-ленінізма. Эстэтычныя асновы паэзіі. Асновы навукова-атэістычнага светапогляду. Фізіялагічныя асновы чалавечай псіхікі. Асновы мічурынскага вучэння.

5. Падоўжныя ніткі ў тканіне. Быў пад рукамі ў іх [ткачых] не шоўк, А просты, каляровы Па густу выбраны ўток І тонкая аснова. Арочка.

6. Частка слова, якая раскрывае яго лексічнае значэнне і ў якую, апрача кораня, можа ўваходзіць прыстаўка і суфікс.

7. Старана геаметрычнай фігуры, перпендыкулярная да яе вышыні. Аснова трохвугольніка. Аснова сегмента.

8. Злучэнне, якое ўтварае пры ўзаемадзеянні з кіслотамі соль.

•••

Закласці асновы чаго гл. закласці.

Ляжаць у аснове чаго; легчы ў аснову чаго гл. ляжаць, легчы.

На аснове чаго — выходзячы з чаго‑н., апіраючыся на што‑н.; на падставе.

Узяць за аснову гл. ўзяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

век, ‑у; мн. вякі, ‑оў; м.

1. Стагоддзе. Дваццаты век. Мінулы век. □ Збуцвеўшы лад былых вякоў З магілы не паўстане. Колас. Аж праз дзевяць вякоў [Мінск] Раптам стаў — Мільянерам! Барадулін.

2. Жыццё, перыяд існавання каго‑, чаго‑н. Пастарэлі, пакрыліся мохам будынкі. Усё дажывае свой век. Грамовіч. У хлусні кароткі век. Прыказка. // Узрост. Чалавек сярэдняга веку. □ Сярод нас былі людзі рознага веку — і старэйшыя, і маладзейшыя, і зусім маладыя. Лынькоў.

3. Перыяд, характэрны чым‑н.; эпоха. Каменны век. Касмічны век. Век тэхнікі.

4. Вельмі доўгі час, усё жыццё. Захаваць успаміны на век.

5. у знач. прысл. Заўсёды, вечна. Век вас буду слухаць. □ [Максіму Астаповічу] здалося, што ён век ведаў гэтыя рысы. Чорны. Ды не век я тут гарую, Дачакаю волі. Колас.

•••

Ад веку да веку — усё жыццё, вечна.

Век веку падасць — пра нешта вельмі моцнае, трывалае, носкае.

Век да веку — усё жыццё, да апошніх дзён жыцця.

Век звекаваць гл. звекаваць.

Век цэлы — усё жыццё, вельмі доўга.

Век-вяком; векі вечныя; век вечныа) заўсёды, з самых даўніх часоў, спрадвеку. У падхалімаў так вядзецца век-вяком! Ці б’е начальства ў цэль, ці шле «за малаком», Дык знойдуцца заўсёды Івановы, Што памахаць яму гатовы. Крапіва. — Найшлі! Як ляжала зямля век вечны без карысці, дык ахвоты не было нікому да яе! Мележ; б) ніколі. Не забудзеш век-вяком Ты ў бары вячэру! Гілевіч.

Да (канца) веку — да апошніх дзён жыцця.

Дажываць (свой) века) жыць, існаваць апошнія дні; б) рабіцца няздатным, непрыгодным.

З век вякоў — з далёкіх часоў, заўсёды.

З векам упоплеч — не адставаць ад жыцця.

З веку (ад веку) ў век — пастаянна, на працягу доўгага часу.

З вякоў вечных — спрадвеку.

Залаты век — час росквіту навукі, мастацтва ў гісторыі якога‑н. народа.

Зжываць (свой) век — траціць сваё ранейшае значэнне.

Малады век — юнацкія, маладыя гады жыцця.

На век — назаўсёды, на доўгі час.

На векі вечныя (на век вечны); на векі вякоў; на ўсе вякі — назаўсёды.

На маім вяку — у час майго жыцця, за маю памяць.

На сваім вяку — на працягу свайго жыцця.

Напроці (свайго) веку (стаяць) — быць у маладым узросце.

Не першага веку — не першай маладосці, сярэдняга ўзросту.

Па век вякоў (веку) — да скону дзён, назаўсёды.

Праз (увесь) век — на працягу ўсяго жыцця, праз усё жыццё.

Праз вякі (век) — бязмежна доўга, на працягу доўгага часу.

Спакон вякоў (веку) — з самага даўняга часу, спрадвеку.

У вякі — назаўсёды.

У глыбіню вякоў — у глыбіню гісторыі, у старажытнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́віцца, спраўлюся, справішся, справіцца; зак.

1. з чым і без дап. Змагчы зрабіць, выканаць што‑н. (якую‑н. работу, абавязак і пад.). Справіцца з заданнем. □ Зямля была мяккая, і Вова хутка справіўся з гэтай работай. Якімовіч. «Глядзі, якая яна [Усця], — думаў Васіль, — старшынёй калгаса пастаў — справіцца». Кулакоўскі. [Лясніцкі:] — А вось з санітарамі ў нас цяжка. Алена не можа справіцца адна. Шамякін.

2. з кім-чым. Перамагчы, узяць верх у баі, бойцы і пад. [Балук:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. Колас. Алесь ведаў, што з Федзем яму аднаму не справіцца, і моцна свіснуў у два пальцы. Ваданосаў. Нягледзячы на здвоеныя кантынгенты войска і жандармерыі на заходнебеларускіх землях, акупацыйная ўлада не магла справіцца з партызанскім рухам. Ліс. // Прымусіць слухацца, падпарадкавацца. Брыгада павінна справіцца з тым, хто ёй не падпарадкуецца, хто ідзе супраць яе. Шыцік. А што ж гэта за манера Паддавацца дужа: Не ўламаеш кавалера, Не справішся з мужам! Лойка. // Адолець, асіліць што‑н. Справіцца з агнём. Справіцца з цяжкасцямі. □ Але .. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. // Сумець пакарыстацца чым‑н., гладзіць, саўладаць з чым‑н. Справіцца з машынай. □ Рука ніяк не магла справіцца з гузікамі. Паслядовіч. З клямкай старшыня, нарэшце, справіўся сам і, бразнуўшы дзвярыма, скочыў з высокага ганка. Навуменка. // перан. Перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Справіцца з хваляваннем. □ Абое яны хацелі справіцца са сваёй няёмкасцю, і абаім гэта не ўдавалася. Асіпенка. Голас .. [маці] задрыжаў, але праз хвіліну яна справілася з сабою. Ус.

3. Атрымаць весткі, даведацца пра што‑н. [Гулік] зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар. Колас. — Ты скора ад нас едзеш? — справілася Зося. Гартны.

4. Паспець своечасова зрабіць, завяршыць што‑н. Да свят бярозаўцы справіліся з пасяўной, з копкай бульбы. Васілевіч. Згледзеў [Андрэй], што .. [Валюта] справілася змяніць сукенку, была цяпер у зялёнай з гарошкам. Пташнікаў. Пасля работы Васіль прыйшоў у інтэрнат і ўжо справіўся памыцца і пераапрануцца, калі, нарэшце, вярнуўся з завода Саша. Шуцько. // Разм. З’есці, выпіць усё без астатку. Абое хутка справіліся з гарбатай, і Рыгор прынёс яшчэ па шклянцы. Гартны.

5. Разм. З’ездзіўшы, схадзіўшы куды‑н., вярнуцца назад. Заўтра субота, паслязаўтра нядзеля, два выхадныя, спраўлюся туды і назад. Арабей.

6. Разм. Зраўняцца з кім‑н. Праўда, .. [Алена] не апошняя работніца ў засценку. І то сказаць, хто можа з ёю справіцца. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)