Прыдзіра́ць, прыдра́ць ’ачысціць ад дзёрну і дадаць да асноўнага ўчастка палоску зямлі’ (нараўл., жыт., Выг.; ТС), прыдзе́рці ’прыараць цаліны’ (ТС). Прэфіксальнае ўтварэнне ад дзе́рці/драць (гл.) са звужэннем семантыкі, што ўзыходзіць да прасл. *derti/*dьrati. Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі, якія працягваюць семантыку дзеясловаў: пры́дзір ’кусок зямлі, прыараны да старога пляца; поле, вырабленае на сенажаці’ (Бяльк.; лях., ЛА, 2), прыдзі́рак ’маленькі кусочак поплава’ (ст.-дар., Жыв. НС), прыдзі́рок, прыдзю́р, прыдзёр ’дадатак прыаранай цаліны’, прыдзёра ’ўпершыню апрацаваны ўчастак зямлі, дададзены да асноўнага’ (Выг., ТС), прыді́рок ’кусок поля, узнятай цаліны, што прылягае да вялікага масіву поля’ (Сл. Брэс.), прыдзёр ’кавалачак поля, які прыворваюць, “прыхопліваюць”, дадаюць да свайго поля ці агарода’ (Сіг.), а таксама словы з іншай, але блізкай семантыкай: прыдзіра́ць, прыдра́ць ’пазначыць лініі паза ў бервяне “драчкай” (Шат.), прыдзіра́ць ’выбіраць драчку’, прыдра́ць ’намеціць месца падгонкі бярвенцаў драчкай’ (ТС). Параўн. семантычна аналагічныя ўтварэнні з прэфікс, вы‑: выдзёр, вы́дзірак1, вы́дранка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зямля́, -і́; мн. зе́млі, зяме́ль, Д зе́млям, ж.

1. (у тэрміналагічным значэнні — з вялікай літары). Трэцяя ад Сонца планета, якая круціцца вакол сваёй восі і вакол Сонца.

Месяц — спадарожнік Зямлі.

2. Суша (у адрозненне ад воднай або паветранай прасторы).

На гарызонце маракі ўбачылі зямлю.

Адрознівацца як неба ад зямлі (вельмі моцна, рэзка).

3. Глеба, верхні слой кары планеты Зямля, паверхня.

Апрацоўка зямлі.

Хадзіць па зямлі.

4. Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, што ўваходзіць у састаў кары нашай планеты.

З. з пяском і глінай.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім-н. уладанні, карыстанні.

Калгасная з.

Цалінныя землі.

6. Краіна, дзяржава (высок.).

Беларуская з.

|| памянш.-ласк. зяме́лька, -і, ДМ -льцы, ж. (да 3—5 знач.; разм.) і зямлі́ца, -ы, ж. (да 3—5 знач.; разм.).

|| прым. зяме́льны, -ая, -ае (да 5 знач.), земляны́, -а́я, -о́е (да 3 і 4 знач.) і зямны́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Зямельны ўчастак.

Зямельныя работы (работа па ўпарадкаванні насыпаў, каналаў і пад.). Зямны шар.

Зямная вось.

Зямны паклон — нізкі паклон як выказ глыбокай павагі, удзячнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

круг, ‑а, М крузе; мн. кругі, ‑оў; м.

1. Частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю. Вылічыць плошчу круга. // Шлях руху каго‑, чаго‑н., падобны на акружнасць. Бусел зрабіў некалькі кругоў над балотам, знізіўся і сеў. Дуброўскі. // Шлях аратага або сельскагаспадарчай машыны па ўсяму полю і назад да месца адпраўкі. Круг за кругам гракі ходзяць услед за трактарам. Бялевіч.

2. Круглы ўчастак якой‑н. паверхні. Правільны круг сажалкі абсаджаны маліннікам. Бядуля. // Такі ўчастак, абмежаваны замкнутым ланцужком людзей. [Хруцкі] выходзіў на цесны круг і так выбіваў барыню, што неўзабаве ў яго на спіне выступала потная пляма. Парахневіч.

3. Прадмет, падобны па форме да круга або кола. Выратавальны круг. □ [Шашура] палажыў на калені Крыўца булку хлеба і круг каўбас[ы]. Мележ. // Прыстасаванне спецыяльнага прызначэння ў выглядзе пляцоўкі круглай або авальнай формы. Паравозны круг. Ганчарны круг. // Замкнуты ланцужок людзей, размешчаных адзін каля аднаго. Стаць у круг. □ Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч. // Хвалі, якія разыходзяцца па акружнасці ад цэнтра. Кінеш камень, знікне ў вадзе, а кругі ідуць і заміраюць... Дубоўка.

4. перан.; чаго. Пра замкнуты ланцуг дзеянняў, спраў, працэсаў, якімі вычэрпваецца што‑н. Першы круг шахматнага турніра. // Пералік, аб’ём чаго‑н. Круг абавязкаў. Круг ведаў.

5. перан.; чаго. Тое, што і кола (у 6 знач.). Круг дзейнасці.

6. перан.; каго або які. Тое, што і кола (у 7 знач.). Увайшоў у дом, у круг сямейны, Як ўваходзяць сваякі. Пысін.

•••

Квадратура круга гл. квадратура.

Круг кровазвароту — замкнуты шлях руху крыві ў арганізме.

Палярны круг — паралель, якая праходзіць на 66″ 33′ ад экватара на Поўнач або на Поўдзень і лічыцца граніцай халоднага кліматычнага пояса.

Даць круг гл. даць.

Зрэзаць круг гл. зрэзаць.

Кругі пад вачамі ў каго — сінякі пад вачамі ў каго‑н. ад хваробы, стомы, бяссонніцы.

Кругі перад вачамі (у вачах) — у вачах у каго‑н. цямнее (пацямнела) ад стомы, слабасці і пад.

На круг — у сярэднім, па прыблізных падліках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́явіць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., каго-што.

1. Знайсці, адшукаць; заўважыць. Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і першы раз, нікога не выявілі. Лупсякоў. Не пакідаць жа хлопца ў лесе або ў чужых людзей, дзе яго лёгка маглі б выявіць. Колас. // Выкрыць што‑н. Выявіць злачынства. □ [Свірыд] толькі што зрабіў вялікую шкоду і баіцца, каб яго не выявілі. Сабаленка.

2. Праявіць, выказаць якую‑н. скрытую якасць, уласцівасць. Выявіць талент. Выявіць спрыт. □ Навічок, калі яго абступіла дзетдомаўская дзетвара, адразу выявіў свой характар. Васілевіч. // Разм. Паказаць сябе. Сцёпка адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас.

3. Вызначыць па якіх‑н. прыкметах; высветліць. Выявіць запасы карысных выкапняў. Выявіць падрыхтоўку вучняў. // Бясспрэчна даказаць што‑н., выкрыць. У дакладзе.. Грышка выявіў прычыны ўсіх вясковых бед. Чорны.

4. Разм. Выпісаць, выключыць са складу. Выявіць кватарантаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ні́ва ’участак зямлі, ралля’ (Яруш., Чуд., Шат., Касп.), ’участак зямлі аднаго гаспадара’ (Сцяшк.), ’вялікі ўчастак ворнай зямлі, прызначаны цалкам для адной культуры’ (ТС), ’палетак’ (Сл. ПЗБ), ні́ва, ныва ’невялікае поле сярод лесу’ (Сл. Брэс.), ні́ўка ’невялікая палоска раллі’ (Нас., Яруш., Бяльк.), ’невялікае поле, звычайна сярод лесу’ (ТС), укр. ни́ва ’узаранае поле’, рус. ни́ва ’вырабленае і выпаленае пад раллю месца; поле на такім месцы; участак зямлі сярод лесу; засеянае поле, сенажаць’, польск. niwa ’поле, ралля; навіна; поле сярод лесу’, чэш. níva ’поле, ніва, луг’, славац. niva ’тс’, н.-луж. niwa ’ралля, поле, ніва’, славен. njiva ’поле, ралля’, серб.-харв. ни̏ва ’тс’, балг. нива ’тс’, макед. нива ’поле, ралля, луг’. Прасл. *niva, збліжаюць з грэч. νειός ’поле, луг’, што ўзыходзіць да і.-е. *nei̯‑ ’унізе, наніз’; сюды ж літ. neivóti ’паніжаць’, лат. niẽva ’паніжэнне’ (Фасмер, 3, 72; Фрэнкель, 479; Бязлай, 2, 225; Шустар-Шэўц, 13, 1005). Іншыя версіі грунтуюцца на зыходнай семантыцы ’навіна’ (Махэк₂, 400) або ’край, руб’ (Ваян, RÉS, 22, 191).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пане́ль, ‑і, ж.

1. Дарожка для пераходаў па баках вуліцы, пакрытая каменем, асфальтам і пад.; тратуар. На вузенькай, цеснай вуліцы, дзе панель не шырэй метра, бегчы стала яшчэ цяжэй. Новікаў. Касьян вярнуўся па левую панель і павярнуў у завулак, які выводзіў на прыгараднае ўзвышша. Гартны.

2. Драўляная абшыўка або афарбоўка ніжняй часткі сцяны ў памяшканні. Сцены і столь у пакоі.. былі абабіты жоўтым кардонам, бэлькі пафарбаваны ў карынкавы колер, панелі абабіты фанерай, размаляванай пад дуб. Карпаў.

3. Спец. Мармуровая, пластмасавая і пад. дошка, якая з’яўляецца часткай шчыта або пульта кіравання. Асабліва зацікавіў хлопчыка куток, дзе размяшчалася панель кіравання. На чорным шчыце — рады белых круглых акенцаў і там не то гадзіннікі, не то манометры. Гамолка.

4. Спец. У зборным будаўніцтве — гатовы элемент збудавання ў форме вялікай пліты. За некалькі мінут мантажнікі ўмацоўваюць панель — і гатова сцяна яшчэ аднаго пакоя. «Звязда».

5. Спец. Квадратны або прамавугольны ўчастак шахтавага поля, абмежаванага штрэкамі.

[Ням. Paneel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круг, -а, М кру́зе, мн. кругі́, -о́ў, м.

1. Частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю, а таксама сама акружнасць.

2. Круглы ўчастак якой-н. паверхні.

3. Прадмет, падобны па форме на круг ці кола.

Выратавальны к.

4. перан., чаго. Пра замкнуты ланцуг дзеянняў, спраў, працэсаў, якімі завяршаецца што-н.

Завяршыць першы к. шахматнага спаборніцтва.

5. перан., чаго. Тое, што і кола (у 4 знач.).

К. дзейнасці.

6. каго або які. Сукупнасць, група людзей з агульнымі інтарэсамі, сувязямі; кола (у 5 знач.).

К. знаёмых.

Сямейны к.

7. Больш далёкі, абходны шлях, дарога і пад. (разм.).

Пайшоў не той сцежкай і зрабіў вялікі к.

Кругі пад вачамі ў каго — сінякі пад вачамі ў каго-н. ад хваробы, стомы, бяссонніцы.

Кругі перад вачамі (у вачах) — цямнее ў вачах ад слабасці, стомы і пад.

На круг (разм.) — па прыблізных падліках.

|| памянш. кружо́к, -жка́, мн. -жкі́, -жко́ў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. кругавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.) і кружны́, -а́я, -о́е (да 7 знач.).

Кругавыя працэсы.

Кружная дарога.

Кругавая абарона — лінія абароны, якая ўтварае замкнуты ланцуг вакол якога-н. пункта.

Кругавая парука

а) адказнасць усіх за кожнага і кожнага за ўсіх;

б) узаемнае ўкрывальніцтва, узаемная выручка ў нядобрых справах.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

То́няўчастак вадаёма, прызначаны для лоўлі рыбы закідным невадам’, ’адзін закід невада, а таксама ўлоў ад аднаго закіду’ (ТСБМ), ’глыбокая яма на рэчцы’ (кам., ЛА, 2), ’мачулішча’ (докш., ЛА, 4), ’вір’ (Ласт.; кам., ЛА, 2), ’месца, праз якое за адзін раз працягнуты невад’ (Арх. Вяр.), ’разавы прагон рыбалоўнай сеткі, невада’ (Крыв.), ’глыбокае месца ў рэчцы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ’затон, вір; адзін заход пры лоўлі рыбы сеткай; колькасць рыбы, злоўленай сеткай за адзін заход’ (ТС), ’адзін заход з сеткай (закідванне і выцягванне сеткі); найбольш глыбокі ўчастак возера, дзе водзіцца рыба’ (в.-дзв., Нар. сл.), ’колькасць рыбы, злоўленай за адзін раз’ (івац. ЖНС), ’месца, дзе водзіцца рыба, затон; адзін запуск невада ў раку’ (ушац., Нар. сл.), ’месца, дзе можна закінуць невад; адна закідка невада’ (полац., З нар. сл.), ’глыбокае месца на рацэ ці возеры, дзе закідваецца невад; вір’ (навагр., свісл., лід., стаўб., Сл. ПЗБ), то́ня, то́нька ’старарэчышча, затока’ (докш., Сл. ПЗБ), таня́ ’невад’ (брасл., Рабк.), ст.-бел. тоня ’месца для лоўлі рыбы’ (Статут 1529). Гл. таксама тонь1. Укр. то́ня ’частка вадаёма для лоўлі рыбы невадам; невад з рыбай’, дыял. ’месца, дзе можна ўтапіцца’, рус. то́ня, тонъ ’адна працяжка невада’, ’прастора, якую ахоплівае невад’, ’месца, дзе можна закінуць невад’, ’месца, дзе ловяць рыбу; сетка’, польск. tonia, toń ’глыбокае месца; месца, дзе можна закідваць невад’, н.-луж. toń ’невад; балота, дрыгва’, чэш. tůně, tůň ’глыбокае месца’, славен. дыял. tonja ’тс’, ’лужа’, серб.-харв. то̀ња ’тарфянік, тарфяная глеба’, балг. дыял. то́на ’зручнае для рыбнай лоўлі месца’ (БЕ, 23, 5, 437). Прасл. *tonʼa ’глыбокае месца (дзе збіраецца рыба)’, *tonь ’тс’, традыцыйна звязваюць з *topiti ’тапіць, акунаць’, адпаведна з *topnʼa, *topnь (Фасмер, 4, 77; Махэк₂, 661; Брукнер, 573; Талстой, Геогр., 170), параўн. і то́пень ’месца, дзе можна закінуць невад’ (мёрск., Жыв. НС). Зубаты (Studie, 1, 2, 120) і Мяркулава (Этимология–1975, 52–58) разглядаюць праславянскія словы як звязаныя з *tęgnǫti ’цягнуць’ < і.-е. *ten‑ на падставе таго, што ў шэрагу славянскіх моў пераважае семантыка, звязаная з працягваннем невада, параўн. таксама волак (гл.) і ст.-бел. озеро зволочити ’аблавіць возера’ (Статут 1529 г.). На думку іншых (Шустар-Шэўц, 1516; Фурлан у Бязлай, 4, 198), мае месца аманімія двух слоў з рознай этымалогіяй або дапускаецца аб’яднанне ў адным слове генетычна адрозных слоў (Борысь, 637). Параўн. тонь2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́ўка1 ’лава на вуліцы каля хаты, у парку, памяшканні, вагоне’, ’школьная парта’, ’услон’ (ТСБМ, Сцяшк., Грыг., Шат., Бяльк., Яруш., Касп., Мат. Гом.; паўд.-усх., КЭС, Сл. паўн.-зах., Ян.), ’частка ганка’, ’дошка на рэчцы (возеры), на якой жанчыны мыюць бялізну’, ’пераход праз рэчку, перакінуты з аднаго берага на другі — з дошак ці з бярвення’ (Інстр.), ’частка агароджы’ (уздз., Жд. 2), ’звязаныя адно з адным некалькі бярвенняў для сплаву’, ’адно звяно плыта’ (нёманск., Нар. лекс.; карэліц., З нар. сл.), ’частка плыта, звязаная з 24 бярвенняў’ (гродз., Нар. сл.) ’планка для замацоўвання ножак стала’ (петр., Шатал.). Да лава1, лава2 (гл.).

Ла́ўка2 ’лука, луг’ (Яшк., Бяс.), мядз. ’поле’ (Непакупны, Связи, 122–183). Запазычана з літ. laũkas ’поле’. Сюды ж, відавочна, і лід. ла́ўкаўчастак лесу’ (Сл. паўн.-зах.).

Ла́ўка3 ’папярочная баразна’. Да лава1 (гл.).

Лаўка4 ’магазін’ (Сцяшк., Мат. Гом.; в.-дзв., Шатал.; уздз., Жд. 2, Ян.; тур., Выг.). Філін (Происх., 619) адносіць да ўласнарускіх слоў. Аднак існаванне ст.-бел. лав(ъ)ка (з 1561 г.) пярэчыць гэтаму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гак1 ’гак, кручок’ (БРС, Шат., Нас.), ’шып у падкове, загнутыя канцы подковы’ (Шат., Касп., Нас.), ’збытак, адлегласць’ (Шат., Касп., Бяльк.), ’каса’ (Касп.). Таксама ўжываецца як геаграфічны тэрмін (’намыты вадой паўвостраў’, ’неглыбокае месца ў рацэ, дзе намыта пясчаная каса’, ’прырэчны роўны заліўны луг’, гл. Яшкін). Ст.-бел. гакъ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Слова гэта вядома ў многіх слав. мовах і лічыцца запазычаннем з ням. мовы (с.-в.-ням. hāke(n)). Гл. Махэк₂, 156; Брукнер, 167. Рус. гак ’жалезны крук, гак’. Фасмер (1, 384) выводзіць прама з гал. haak (Слаўскі, 1, 393) і лічыць бясспрэчным, што бел. і ўкр. гак запазычан праз пасрэдніцтва польск. мовы (так і Булыка, там жа, 77).

Гак2 ’гака, капачка для копкі бульбы’. Гл. га́ка.

Гак3 ’калісьці мера або ўчастак зямлі ў Заходняй Беларусі і Ліфляндыі’ (Яшкін, Нас.). Параўн. рус. (з Пятроўскай эпохі) гак ’мера зямлі ў Остзейскіх правінцыях’, якое Фасмер, 1, 384 (услед за Міклашычам), выводзіць з ням. Haken, с.-в.-ням. hake. Параўн. таксама Слаўскі (1, 393), які, здаецца, дапускае магчымасць польскага пасрэдніцтва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)