прыпільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.

Пільнуючы, дачакацца паяўлення каго‑, чаго‑н.; высачыць. [Тамаш:] — Я зачапіць яе не адважваўся, яна для мяне як святая была. А гэты гад прыпільнаваў, калі яна з вячорак ішла... Чарнышэвіч. «Трэба прыпільнаваць таго, хто сюды ходзіць, хоць бы прыйшлося сядзець тут да самай зімы», — падумаў Косця. Якімовіч. // перан. Дачакацца, выбраць (зручны момант, час і пад.). — Паспрабуйце дастаць добры план горада Мінска.. — Калі выпадзе зручны момант — паспрабуем. — Такі момант яны прыпільнавалі. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падо́нкі, ‑аў; адз. падонак, ‑нка, м.

1. адз. няма. Рэшткі вадкасці з асадкамі на дне пасудзіны.

2. перан. Дэкласаваныя, разбэшчаныя, злачынныя элементы грамадства. [Завербаваныя] былі выпадковыя людзі, розныя падонкі, якія трапілі ў рады Чырвонай Арміі, ратуючыся ад суда і следства, ім было ўсё роўна, каму служыць, абы толькі не сядзець за калючым дротам і не галадаць... Машара. Рэакцыя Іры была зусім нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважліва і на поўны голас, пры маці, сказала: — Падонак ты! Што ты разумееш? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастая́лец, ‑льца, м.

Уст. Той, хто часова наймае ў каго‑н. жылое памяшканне, кватэру; кватарант. [Альбіне] няблага дапамагалі сыны і дочкі, усю гародніну сваю ебывала на рынку, пастаяльцы плацілі за кватэру. Ракітны. Сваё нежаданне пусціць у хату пастаяльца, якому толькі і трэба, што стол ды цішыня, яна вытлумачыла тым, што чалавек — не муха, яму і паесці трэба, а не толькі сядзець за сталом і пісаць. Навуменка. Невялікі радыёпрыёмнік, які прынёс быў Астап свайму вымушанаму пастаяльцу [камісару], зусім ажывіў хату. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпо́на, ‑ы, ж.

Спец.

1. Аднаслаёвая, няклееная фанера, якая ідзе на выраб клеенай фанеры, на фанераванне і пад. Рабочыя пры дапамозе вялізных нажніц разразаюць драўлянае палатно на кавалкі пэўнай велічыні. Гэтыя асобныя лісты тонкай драўніны называюцца шпонамі. «Беларусь».

2. У друкарскай справе — металічная пласцінка, якая служыць для павелічэння інтэрвалу паміж радкамі ў наборы. Дзяжурны павінен сядзець каля друкарскай машыны і сачыць, каб не палезлі шпоны, не з’ехала клішэ, бо друкар адзін не ўгледзіць за ўсім. Гаўрылкін.

[Ад ням. Span — трэска.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; ‑сядзім, ‑седзіце; зак.

Сядзець некаторы час. Пасядзець на лаўцы. Пасядзець над задачай. Пасядзець з дзецьмі дома. Пасядзець у астрозе. □ [Бацька] пасядзеў, апусціўшы галаву, потым устаў і пайшоў з хаты. Ляўданскі. [Турсевіч:] — Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Колас. Дзядзька Нічыпар спрабаваў прыпыніць гэты рух гасцей, угаворваў яшчэ крыху пасядзець. Кулакоўскі. — Нам прыйдзецца толькі пасядзець тут тыдзень ці два, пакуль спадзе вада. Маўр. Калі ўсё было гатова, бацька сказаў: — А цяпер, перад дарогай, пасядзім трохі. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Се́дзілка, се́дзелка, се́дзялка ‘сядзенне ў прасніцы’ (паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘стойка для дзяцей’ (круп., Сл. ПЗБ), ‘сядзенне ў прыстасаванні для пад’ёму бортніка’ (рагач., Сл. ПЗБ), седа́лка ‘крэсла для малога дзіцяці’ (ТС), се́дзелко ‘услончык, месца для сядзення’ (ТС), се́дзела, се́дзелка ‘частка прасніцы, на якой сядзяць’ (віл., Шатал.). Славен. sedélo, балг. седело. Прасл. *sědědlo, паводле Варбат (Морфон., 213), дэрыват ад прасл. *sědětiсядзець’. Лаўчутэ (Балтизмы, 131) адносіць слова да балтызмаў, параўн. лат. sêdela ‘крэсла, сядзенне’, дыял. sêdelis ‘сядзенне ў ільномялцы’, што не мае падстаў; хутчэй, запазычанне з беларускай мовы, параўн. макед. седил ‘верхняя частка сядла’, седало ‘сядзенне’, балг. седа́лка ‘тс’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сярто́ліцца ’быць у неспакоі, неспакойна пачувацца, сядзець’ (лаг., Гіл.), ’выконваць доўгую і цяжкую работу’ (ушац., Нар. лекс.). Словаўтваральны варыянт да сёртаць (гл.): *sьrtati > *sьrt‑olʼa > sьrt‑ol‑iti (sę), што да прасл. *sьrt‑ < і.-е. *ser‑ ’цячы, рухацца’ (Варбат, Этимология–1975, 32–34). Параўноўваюць з балг. дыял. ср̥тим ’цяжка, з намаганнем працаваць’ (Пятлёва, Этимология–1985, 18). Сюды ж, магчыма, і ўкр. се́ртувати ’цягаць сюды і туды’, якое выводзіцца з польск. certować ’цырымоніцца, браць удзел у барацьбе, змагацца’ < лац. certo ’змагаюся’ (ЕСУМ, 5, 222), што не выключае кантамінацыі згаданых дзеясловаў. Адносна экспрэсіўнага суф. ‑oli‑ гл. Борысь, Etymologie, 697.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

клас м., в разн. знач. класс;

рабо́чы к. — рабо́чий класс;

ву́чань пе́ршага кла́са — учени́к пе́рвого кла́сса;

сядзе́ць у кла́се — сиде́ть в кла́ссе;

к. млекако́рмячых — класс млекопита́ющих;

паказа́ць к. гульні́ — показа́ть класс игры́;

каю́та пе́ршага кла́са — каю́та пе́рвого кла́сса

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

звы́чай, ‑ю, м.

1. Агульнапрыняты парадак, правіла, якое здаўна ўкаранілася ў быце народа або пэўнай грамадскай групы. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Сіпакоў. Ёй зусім не хацелася хаваць сваёй радасці, але такі ўжо быў звычай: маладой непрыгожа быць на вяселлі празмерна вясёлай... Васілевіч.

2. Прывычны спосаб дзеяння; прывычка. Дубравіна мела звычай неяк нібы нядбала пакідаць на сябе касынку ці шалік. Карпюк. — А я маю звычай пасля абеду шпацыраваць і сядзець не хачу, — і, заклаўшы рукі назад, пачала шпацыраваць па зале. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бачко́м, прысл.

Разм.

1. Ісці плячом уперад. Нарэшце прыйшоў Кацура. Бачком улез у дзверы, абтрос мокрую шапку. Асіпенка. // Сядзець напаўпаварота. Андрэй сядзеў на ложку бачком, і акно было ў яго якраз перад вачыма. Пташнікаў.

2. Стараной, туляючыся. Сабраўся Сіпак у камячок .. і бачком-бачком падаўся быў да школьнай дрывотні. Лынькоў.

3. Між іншым, не кранаючы асноўнага. А крытыка пра гэта скажа бачком: вельмі добрая, сакавітая мова, або — нудная, сухая мова. Скрыган.

•••

Ехаць бачком — хітраваць; прыстасоўваючыся да абставін, хітруючы, старацца не трапляць у кепскае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)