ЗВЯ́ЗКА,
дзеяслоў са страчаным ці аслабленым лексічным значэннем, які ўваходзіць у састаўны выказнік як службовае слова. Выражае сувязь іменнай часткі выказніка з дзейнікам, У сучаснай бел. мове ёсць З. незнамянальныя («быць», «з’яўляцца»), паўзнамянальныя («станавіцца», «рабіцца», «выглядаць», «здавацца»), знамянальныя («ісці», «хадзіць». «прачынацца», «сядзець», «спыняцца»).
т. 7, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́ДЭР
(англ. brooder ад brood сядзець на яйцах),
прылада для абагравання маладняку с.-г. птушкі ў першыя тыдні жыцця. Бываюць эл. і газавыя. Электрычныя падзяляюцца на парасоністыя (абагравальнік — эл. спіраль) і лямпавыя (абагравальнік — інфрачырвоная лямпа, выпрамяненне якой эфектыўны прафілактычны і лячэбны сродак). У газавых брудэрах паветра награваецца полымем газоўкі або керамічным выпрамяняльнікам. Лямпавыя брудэры выкарыстоўваюцца і для абагравання парасят.
т. 3, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎНА ХВАРО́БА,
храмасомная хвароба, пры якой адставанне ў разумовым і фіз. развіцці спалучаецца са своеасаблівым вонкавым выглядам хворых і недастатковасцю функцый залоз унутр. сакрэцыі (найчасцей шчытападобнай залозы). Апісана англ. урачом Л.Даўнам у 1866. У хворых на Д.х. колькасць храмасом у клетках 47 замест 46 (3 замест 2 храмасом 21-й пары). Прыкметы: паменшаныя памеры галавы, вузкія вочныя шчыліны, косы разрэз вачэй, скурныя складкі каля ўнутр. вуглоў вачэй, плоскі твар са скулавымі дугамі, кароткі нос з шырокім пераноссем, дэфармаваныя вушы, тоўсты язык, рэдкія зубы, паўадкрыты рот. Ужо на першым годзе жыцця назіраецца адставанне ў развіцці псіхікі (гл. Алігафрэнія) і рухальных навыкаў. Дзеці пазней пачынаюць сядзець і хадзіць; тонус іх мышцаў парушаны, аб’ём рухаў у суставах павялічаны, палавыя органы недаразвітыя. Лячэнне малаэфектыўнае. Навучанне ў спец. школах.
т. 6, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)