Тача́нка ’лёгкая павозка з адкрытым кузавам’ (ТСБМ, Вруб.): павозкі даўней былі… тачанкі (Маладосць, 1992, 2, 115), перан. ’павозка такога тыпу, забяспечаная кулямётам’ (ТСБМ), ’тачка’ (Ян., ПСл). Укр. тача́нка ’лёгкая павозка’, рус. тача́нка ’тс’. Відаць, арэальнае ўтварэнне на базе прасл. *tačati ’гнаць, паганяць, каціць’, параўн. стараж.-рус. тача́ти ’гнаць, паганяць’, польск. taczać ’каціць’, чэш. táčeti ’круціць, качаць’ (ЕСУМ, 5, 529). Не выключана другаснае збліжэнне з польск. najtyczanka ’від лёгкай павозкі’ (з нямецкай), адкуль Фасмер (3, 49), Трубачоў (Дополн., 4, 29) выводзяць рус. натыча́нка ’лёгкая плённая польская брычка’, тача́нка ’лёгкая павозка’. Гл. і тачаць, тачка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
закра́іна, ‑ы, ж.
1. Разм. Край чаго‑н. Навокал жа браня, вострыя вуглы ды няроўныя закраіны. «Маладосць». // Спец. Выступаючы кант чаго‑н. Закраіна гільзы.
2. Паласа талай вады паміж берагам і краем лёду. [На прыбярэжнай паласе] ўтвараюцца першыя закраіны, у той час як на сярэдзіне ракі або возера лёд яшчэ моцны і надзейны. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́йгрыш, ‑у, м.
1. Народная інструментальная мелодыя, часцей танцавальная.
2. Ненатуральнасць, штучная напружанасць (у ігры артыста і наогул у паводзінах, манерах). Без усякай экзотыкі і найгрышу жыве артыстка багатым унутраным жыццём гераіні. «Маладосць». Сяргей зразумеў, што Волька гаворыць усё гэта шчыра, што ні ў чым у яе няма найгрышу. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўгляда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Углядацца некаторы час. — Можа і я цябе дзесь бачыў, — і Саўка таксама паўглядаўся ў Цімохаў твар, падкрэсліўшы слова «дзесь». Колас. Галя падышла да Марынчынага ложка, паўглядалася Марыне ў твар, у нібы трошкі падсіненыя павекі на асмужаным ветрам і сонцам абліччы і ўспомніла сваю маладосць. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праста́к, ‑а, м.
Разм. Тое, што і прасцяк. Шапка, што ссунулася крыху на бок, некалькі расшпіленых гузікаў, твар — усё нібы крычала: глядзіце, вось я які прастак, душа ў мяне нараспашку, увесь я перад вамі, адным словам свой чалавек на вёсцы. Кавалёў. Іранічна падсм[ей]ваецца паляшук, расказваючы .. гісторыі і легенды даверлівым прастакам. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радыя́цыя, ‑і, ж.
Выпрамяненне электрамагнітных хваль. Радыяцыя зямлі. □ У ясны дзень галоўная роля належыць прамой сонечнай радыяцыі, а пры больш або менш суцэльнай воблачнасці — рассеянай. Прырода Беларусі. // Электрамагнітныя хвалі, выпрамененыя якой-небудзь крыніцай. Вымярэнне радыяцыі. Доза радыяцыі. □ Упершыню нябачны агонь радыяцыі апёк рукі адважнай даследчыцы атама Марыі Складоўскай-Кюры. «Маладосць».
[Лац. radiatio — выпрамяненне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
урукапа́шную, прысл.
Змагаючыся з праціўнікам ручной зброяй, рукамі. Гвардзейцы другой роты, на якую была накіравана нямецкая атака, прапусцілі ўсіх у сваё размяшчэнне, далі жанчынам магчымасць разбегчыся і толькі пасля гэтага кінуліся ўрукапашную. «Маладосць». З мядзведзем тады біліся ўрукапашную: камень пад рукою — дык каменем, дубіна — дык дубінаю, рагаціна — дык рагацінаю. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цывіліза́цыя, ‑і, ж.
1. Узровень грамадскага развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры, дасягнуты якой‑н. грамадскай фармацыяй. Антычная цывілізацыя. Сучасная цывілізацыя. □ [Касовіч] хацеў адшукаць вытокі элінскай цывілізацыі. «Маладосць».
2. Культура, прагрэс, асвета. Кожны чацвёрты жыхар .. [Беларусі] заплаціў сваім жыццём за нашу перамогу [у Вялікай Айчыннай вайне], за выратаванне цывілізацыі. Бугаёў.
3. Спец. Ступень грамадскага развіцця, наступная пасля варварства.
[Ад лац. civilis — грамадзянскі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
садо́ўніцтва, ‑а, н.
1. Занятак садоўніка; майстэрства даглядаць сад.
2. Развядзенне садовых раслін як галіна сельскай гаспадаркі. Даручылі мне людзі нашы крыху падвучыцца і ўзяць у калгасе садоўніцтва ў свае рукі. Скрыпка. // Раздзел сельскагаспадарчай навукі аб развядзенні і вырошчванні садоў. Ад уваходу пачынаецца жывапісная алея — выдатны ўзор дасягненняў нашага дэкаратыўнага садоўніцтва. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фізкульту́ра, ‑ы, ж.
Фізічная культура. Інстытут фізкультуры. // Фізічныя практыкаванні, зарадка. [Марылька:] — Мы ў школе фізкультуру робім. Я табе дома пакажу. Брыль. // Вучэбная дысцыпліна, якая мае на мэце фізічнае выхаванне навучэнцаў. Спорт, між іншым, пачынаецца з урокаў фізкультуры ў школе. Гэта аксіёма. «Маладосць».
•••
Лячэбная фізкультура — комплекс фізічных практыкаванняў, якія выкарыстоўваюцца з лячэбнай і прафілактычнай мэтамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)