кро́іць, крою, кроіш, кроіць; незак., што.

1. Разразаць (матэрыю, шкуру, футра і пад.) на кавалкі пэўнай формы і памеру, каб пашыць, зрабіць з іх што‑н. Кроіць аўчыну. Кроіць бляху. □ Не спіць яшчэ мая старая маці: Мне на кашулю кроіць палатно. Зарыцкі. // Выразаць па мерцы часткі чаго‑н. Кроіць сукенку. Кроіць касцюм.

2. без дап. Займацца кройкай. Сам кравец спачатку кроіў, заглядаў на ўсе драбніцы. А цяпер сваёй рукою хлопец кроіць, не баіцца... Дубоўка.

3. Адразаць часткі, кавалкі ад цэлага або разразаць на кавалкі чым‑н. вострым. Кроіць лыка. □ Гаспадар, не спускаючы вачэй з Вэні, кроіў хлеб. Чорны. // перан. Разрываць, разразаць цемру, цішыню і пад. (пра яркае святло, гукі). Начныя агні паблісквалі то прыветнымі светлячкамі, то кроілі цемру.. снапамі сваіх фар. Паслядовіч.

4. перан. Разм. Прычыняць каму‑н. душэўны боль. Глыбокая.. крыўда кроіць яму сэрца. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кася́к 1, а́, м.

1. Разм. Тое, што і вушак. Віктар адышоў да дзвярэй, прытуліўся плячамі да касяка, дастаючы стрыжанай галавой да самай столі. Шамякін.

2. Пра косы, косавугольны або размешчаны коса прадмет. Апрануты .. [Жан] быў у новенькі, адпрасаваны, моднага крою карычневы касцюм з касяком белай хусцінкі ў кішэньцы на грудзях. Новікаў. Унізе плыве вялізны жоўты касяк калгаснай грэчкі. Краўчанка.

3. у знач. прысл. касяко́м. Коса, наўскасяк. Трое цёмных фігур пераходзілі касяком праспект. Гартны.

кася́к 2, а́, м.

1. Гурт кабыл з адным жарабком.

2. Чарада птушак, рыб. Гусцела імгла, а белыя касякі гусей яшчэ не вылазілі з рэчкі. Пташнікаў. Вада чыстая, празрыстая, і з байдаркі добра відаць, як цэлыя касякі маленькіх рыбак жвава і весела мітусяцца над пясчаным дном. В. Вольскі. // у знач. прысл. касяко́м, касяка́мі. У вялікай колькасці, вялікімі групамі. Шчасце ходзіць у адзіночку, гора плыве касяком. Асіпенка. Плылі сузор’і касякамі ў небе — І мы закінулі на шчасце невад. Блатун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысто́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае прынятым правілам прыстойнасці. Прыстойныя паводзіны. □ З прыстойным далікацтвам.. [Тоўхарт] з усімі развітаўся. Чорны. [Госці] шумелі, крычалі, рагаталі, адпускалі не зусім прыстойныя жарты. Колас. // Добра выхаваны; сумленны, не здольны на дрэнныя ўчынкі. Нейкі прыстойны малады чалавек устаў і даў.. [Зосі] месца. Карпаў. — А ты.. ты прыстойны чалавек, ты не станеш дамагацца кахання замужняй жанчыны. Шамякін.

2. Дастаткова добры, нядрэнны. З самага краю вуліцы, па левым яе баку, стаяла падбудаваная, яшчэ зусім прыстойная хата. Гартны. Асабняк прыстойны — шэсць пакояў, зашклёная веранда, яблыневы сад. Навуменка. Першага ганарару хапіла не толькі на прыстойны касцюм, але і на неблагі капялюш. Васілёнак. // Такі, якім належыць быць. Прыстойны выгляд. // Дастатковы па велічыні, памерах. У кожным разе барсук быў пастаўлены на стол хоць не цалкам (без галавы і кумпякоў), але ў вельмі прыстойнай колькасці. Дубоўка. На гэтай паляне, акружанай сасновым лесам, высяцца сярод агародаў, на прыстойнай адлегласці адзін ад аднаго, некалькі новых драўляных будынкаў. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сезо́н, ‑а, м.

1. Адна з чатырох пор года. Летні сезон. □ Што ні кажы, на дварэ трыццаць градусаў, а касцюм у хлопца яўна не па сезону. Беразняк. Як ніткі — тоненькія бровы, і кудзерцы — бялюткі лён. Пашые дзяўчына абновы На ўсю вясну, на ўвесь сезон. Пысін.

2. Частка года, найбольш прыдатная для якіх‑н. работ, адпачынку і пад. Будаўнічы сезон. Купальны сезон. □ Ці ж гэта жарт — бесперабойна працаваць увесь сезон, захаваць у спраўнасці ўсе машыны і ўвосень на іх даваць па дзве — дзве з палавінай нормы. Хадкевіч. На Чорным моры ў верасні сама што сезон. Васілёнак. Кожны з тэатраў рэспублікі за сезон ужо ставіць па некалькі арыгінальных твораў. «Полымя». Дачакаліся мы паляўнічага сезона палявання на птушак. Ведаеце, рукі самі так і цягнуцца да стрэльбы. Грамовіч. // Час выспявання якіх‑н. пладоў і пад. Вінаградны сезон.

•••

Бархатны сезон — асеннія месяцы (верасень, кастрычнік) на поўдні.

Мёртвы сезон — перыяд застою ў прамысловасць гандлі (у капіталістычных краінах).

[Фр. saison.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́тлый

1. све́тлы; (о лице — ещё) прасве́тлены; (о ночи — ещё) відны́;

све́тлая ко́мната све́тлы пако́й;

све́тлое стекло́ све́тлае шкло;

све́тлый костю́м све́тлы касцю́м;

све́тлый шрифт све́тлы шрыфт;

све́тлое лицо́ прасве́тлены (све́тлы) твар;

све́тлая ночь відна́я ноч;

2. перен. (отчётливый, ясный) я́сны, све́тлы;

све́тлый взгляд я́сны (све́тлы) по́зірк;

3. перен. све́тлы;

све́тлое воспомина́ние све́тлы ўспамі́н;

све́тлая ли́чность све́тлая асо́ба;

све́тлой па́мяти (об умершем) све́тлай па́мяці;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

эскі́з, ‑а, м.

1. Першы, папярэдні накід малюнка, карціны ці асобнай яе часткі. — Таксама не, — весела адказаў Коля і пачаў расказваць пра сённяшні ўрок малявання. Потым паказаў ёй [маці] свой эскіз казачнага дуба. Шыловіч. Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы. Васілевіч. // Першапачатковае афармленне скульптурнага твора, звычайна ў зменшаных памерах. Можна сказаць: ну, прыехаў паглядзець, пакідаць эскізы, а што датычыць скульптур — як удасца. Гроднеў. Сям-там, па кутках і прагалках, ціснуліся і другія незакончаныя або кінутыя работы ці толькі эскізы да іх — тулава, ногі, галава. Скрыган. // Накід, план літаратурнага ці музычнага твора. Некаторыя апавяданні Хвядоса Шынклера яшчэ носяць характар эскіза, замалёўкі. Арабей.

2. Малюнак, па якому ствараецца што‑н. (дэкарацыя, тэатральны касцюм і пад.). На маю просьбу памагчы нам аформіць спектакль, зрабіць эскізы касцюмаў Маша засмяялася. Шамякін. // Тэхнічны малюнак, выкананы ад рукі, з захаваннем асноўных правіл чарчэння, які змяшчае ўсе даныя для вырабу паказаных прадметаў. У архівах вялікага мастака выяўлены эскіз пральнай машыны. Матрунёнак.

[Фр. esquisse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фо́рма, -ы, мн. -ы, форм і -аў, ж.

1. Знешні контур, вонкавы выгляд прадмета.

У форме шара.

Прадмет выпуклай формы.

2. Від, тып, спосаб арганізацыі чаго-н., структура чаго-н., абумоўленыя пэўным зместам.

Адзінства формы і зместу.

3. Знешні выгляд, знешні бок чаго-н. як нешта, што пярэчыць унутранаму зместу, рэчаіснасці.

Вытрымаць форму.

Рабіць дзеля формы.

4. Устаноўлены ўзор, парадак чаго-н.

Запоўніць ведамасць па форме.

5. Прыстасаванне для надання чаму-н. тых або іншых контураў, пэўнага знешняга выгляду.

Ф. для капелюшоў.

6. Аднолькавае па кроі, колеры і пад. адзенне (для ваеннаслужачых, вучняў і пад.).

Пераход ваенных на летнюю форму.

Школьная ф.

7. Сукупнасць прыёмаў і выяўленчых сродкаў мастацкага твора.

Апавядальная ф. верша.

8. У мовазнаўстве: сродак выражэння граматычных катэгорый, узаемаадносін слоў у сказе.

Кароткая ф. прыметнікаў.

Формы множнага ліку назоўнікаў.

9. звычайна мн. Разнавіднасць жывёльнага або расліннага арганізма.

Прымітыўныя формы жывёл.

Па ўсёй форме (разм.) — як належыць, як трэба.

У форме — у такім стане, калі праяўляюцца ўсе сілы, здольнасці, уменне; сабраны, падцягнуты.

Шахматыст у бліскучай форме.

|| прым. фарма́льны, -ая, -ае (да 2, 3, 4, 7 і 8 знач.), фармавы́, -а́я, -о́е (да 5 знач.; спец.) і фо́рменны, -ая, -ае (да 4 і 6 знач.).

Фармальны аналіз.

Форменны бланк.

Форменны касцюм.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

но́вы в разн. знач. но́вый;

н. касцю́м — но́вый костю́м;

збо́жжа но́вага ўраджа́ю — зерно́ но́вого урожа́я;

но́выя ідэ́і — но́вые иде́и;

н. чалаве́к — но́вый челове́к;

но́выя мясці́ны — но́вые места́;

на н. лад — на но́вый лад;

Н. год — Но́вый год;

но́вая эканамі́чная палі́тыка — но́вая экономи́ческая поли́тика;

Н. свет — Но́вый свет;

н. стыль — но́вый стиль;

на н. лад — на но́вый лад;

як бара́н на но́выя варо́ты — как бара́н на но́вые воро́та;

но́вая мятла́ чы́ста мяце́посл. но́вая метла́ чи́сто метёт;

по́мніць да но́вых ве́нікаўпогов. по́мнить до но́вых ве́ников

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тро́йка, ‑і, ДМ тройцы; Р мн. троек; ж.

1. Лічба 3. Напісаць тройку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 3 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 3.

2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем пасрэдна. Клава думала .. пра тыя тры валы, якія яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта тройка па пісьму і чацвёрка па хіміі. Кавалёў. Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік: А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Ігральная карта, дошчачка даміно з трыма ачкамі. Казырная тройка.

4. Трое коней, запрэжаных поруч у адзін экіпаж. Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў: Дзед Мароз, Зіма ў кароне І Сняжыначкі з бакоў. Галіноўская. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. // Экіпаж з трыма запрэжанымі ў яго коньмі. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч.

5. Група з трох чалавек, кіруючая група, створаная для выканання пэўнай работы. Тройка па барацьбе з паводкай. Аператыўная тройка. □ ЦК ЛКСМБ строга патрабаваў ствараць невялікія групы — тройкі, пяцёркі, якія маглі лепш захоўваць канспірацыю. Дзенісевіч. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Нам дзве гадзіны назад прыслала тройка загад — спусціць з рэек гэты цягнік... Чарот.

6. Касцюм (мужчынскі або жаночы), у які ўваходзіць пінжак (жакет), штаны (спадніца) і камізэлька. Пашыць тройку.

7. Разм. Тры рублі.

•••

На тройках ехаць гл. ехаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ра ж.

1. па́ра, -ры ж.;

па́ра чуло́к па́ра панчо́х;

па́ра брюк па́ра штано́ў;

па́ра очко́в па́ра акуля́раў;

на па́ре лошаде́й на па́ры ко́ней;

супру́жеская па́ра жана́тая па́ра;

танцу́ющие па́ры па́ры танцо́раў (танцу́ючыя па́ры);

2. (мужской костюм) касцю́м, -ма м.; гарніту́р, -ра м.;

он в но́вой па́ре ён у но́вым касцю́ме (гарніту́ры);

3. в знач. сказ. па́ра, -ры ж.;

он тебе́ не па́ра ён табе́ не па́ра;

под па́ру да па́ры;

два сапога́ па́ра або́е рабо́е, два бо́ты па́ра; адзі́н аднаго́ не пераця́гне;

на па́ру слов на па́ру слоў;

па́ра пустяко́в дро́бязь; няма́ што; як арэ́х раскусі́ць;

в па́ре, на па́ру (с кем) у па́ры, на па́ру (з кім).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)