змацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.
1. Моцна злучыць адно з другім, далучыць адно да другога пры дапамозе чаго‑н. Змацаваць бярвёны скабамі. □ Аставалася галоўнае — змацаваць абедзве палавіны фермы на самым вільчаку будучага дома. Карпаў. // Склеіць, звязаць вяжучым рэчывам. Змацаваць цагліны цэментам. // перан. Зрабіць моцным, непарушным. Сумесная барацьба з агульным ворагам яшчэ больш змацавала адзінства савецкіх людзей усіх нацыянальнасцей. «Звязда».
2. Засведчыць подпісам ці пячаткай які‑н. дакумент. Сяляне рушылі да стала і мазолістымі загрубелымі пальцамі выводзілі свае прозвішчы ці проста стаўлялі крыжыкі, а нарэшце паперу змацаваў пяча[ткай] стараста Бабіч. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыпло́м, ‑а, м.
1. Дакумент аб заканчэнні вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, а таксама аб прысуджэнні вучонай ступені ці прысваенні ганаровага звання. Універсітэцкі дыплом. Дыплом кандыдата філалагічных навук. Дыплом старшага навуковага супрацоўніка.
2. Пасведчанне, грамата, якія прысуджаюцца за якія‑н. дасягненні, поспехі і пад. Дыплом конкурсу піяністаў. □ Калгас быў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі і атрымаў дыплом другой ступені. Жычка.
3. Разм. Работа, даследаванне, праект, якія выконваюцца пры заканчэнні вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы; дыпломная работа.
•••
Дыплом з адзнакай — дыплом спецыяліста, які закончыў вышэйшую навучальную ўстанову з выдатнымі адзнакамі.
[Фр. diplôme з грэч.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дэклара́цыя, ‑і, ж.
1. Афіцыйная заява аб чым‑н.; урачыстае абвяшчэнне ўрадам або партыяй якіх‑н. прынцыпаў сваёй палітыкі, а таксама дакумент, у якім яны выкладзены. Выступіць з дэкларацыяй. Урадавая дэкларацыя. Дэкларацыя аб утварэнні СССР.
2. Назва некаторых афіцыйных дакументаў з паведамленнем якіх‑н. патрэбных звестак. Гандлёвая дэкларацыя.
3. перан. Немастацкае, абстрактнае апісанне, якое не выклікае эмоцый, або чыё‑н. выказванне такога характару. Некаторыя.. паэты павярхоўна падыходзілі да з’яў жыцця, мастацкае адлюстраванне жыцця падмянялі дылетанцкімі, верхаглядскімі дэкларацыямі. Навуменка. Дэкларацыя, якая б яна ні была.., ніяк не можа замяніць актыўнасць уласна-мастацкай, актыўнасць вобразнага пазнання. Бярозкін.
[Ад лац. declaratio — заява, аб’ява.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
назначэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. назначаць — назначыць.
2. Распараджэнне, пастанова аб прызначэнні на якую‑н. пасаду, работу. Атрымаць назначэнне. □ Дэсант лічыўся разгромленым, і .. [камандзір] чакаў новага назначэння. Чорны. // Разм. Дакумент, які пацвярджае прызначэнне на пасаду, работу. У кішэні ляжала назначэнне на новую работу.
3. Асноўная функцыя, роля каго‑, чаго‑н. Атрад асобага назначэння. // Мэта, прызначэнне каго‑, чаго‑н. Мець сваё назначэнне. □ Сваё галоўнае назначэнне, як настаўніка, Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум. Колас.
4. Прадпісанне ўрача. Доктар Сільвановіч запісваў у картачку назначэнне хвораму. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Арыгіна́л ’твор ці дакумент у першапачатковай форме’, ’своеасаблівы чалавек’. Першае значэнне зафіксавана яшчэ ў 1599 г. Жураўскі, Працы IM, 7, 215 (у форме оріиналъ), Гіст. лекс., 110: оригиналъ, Гіст. мовы, 1, 258; орииналъ (іншыя формы — Булыка, Запазыч.); Гарб. фіксуе originarii, originales у значэнні ’асобы, што паводле нараджэння належаць да пэўнага стану’, што ў пэўным сэнсе можа лічыцца папярэднім да сучаснага другога значэння. У станаўленні сучаснай семантычнай структуры слова, у прыватнасці ва ўзнікненні друкарскага значэння слова ’крыніца (машынапіс), па якой набіраецца тэкст’, адыграла ролю руская мова (Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. мовы, 2, 146; Гіст. лекс., 252), для якой адпаведную ролю, верагодна, адыгралі нямецкая і французская мовы. Крыніца беларускага і рускага слоў — лац. originalis ’арыгінальны, першапачатковы’. Для старабеларускага слова, магчыма, не трэба абавязкова знаходзіць мову-перадатчык; для рускай такой лічаць польскую ці нямецкую (Фасмер, 3, 152).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пра́ва¹, -а, мн. правы́, право́ў, права́м, н.
1. Сукупнасць устаноўленых і ахоўваемых дзяржаўнай уладай норм і правіл, што рэгулююць адносіны людзей у грамадстве, а таксама навука, якая вывучае гэтыя нормы.
Правы чалавека.
Выбарчае п.
2. Ахоўваемая дзяржавай, узаконеная магчымасць, свабода што-н. рабіць, ажыццяўляць.
Правы і абавязкі грамадзян. П. на адукацыю.
П. голасу.
3. Магчымасць дзейнічаць якім-н. спосабам.
П. кантролю.
Мець п. на што-н.
4. Падстава, прычына.
Вы не маеце п. на мяне крычаць.
Я гэта магу сказаць з поўным правам.
5. мн. Дакумент, які дазваляе каму-н. кіраваць аўтамабілем, матацыклам і пад.
Атрымаць вадзіцельскія правы.
◊
Сваё права правіць (разм.) — настойваць на сваім.
|| прым. прававы́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).
Прававыя нормы.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
вы́пісаць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Спісаць адкуль‑н. Выпісаць цытату.
2. Зрабіць заказ у пісьмовай форме на выдачу, высылку чаго‑н. Выпісаць кнігу з кнігасховішча. Выпісаць газету. // Вызваць пісьмом, тэлеграмай і пад. каго‑н. Пан Вальвацкі зрабіў так, як рабіў не адзін пан, заводзячы культурную гаспадарку: ён выпісаў немца спецыяліста. Крапіва.
3. Выключыць са спісаў, са складу чаго‑н. Выпісаць хворага з бальніцы.
4. Напісаць для каго‑н. дакумент. Выпісаць ордэр, чэк, пропуск, квіток.
5. Кніжн. Старанна апісаць сродкамі мовы, стварыць што‑н. філіграннае; намаляваць. Выпісаць вобразы дзеючых асоб. Выпісаць узор.
6. Разм. Зрасходаваць пісаннем. Выпісаць чарніла з аўтаручкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ле́пшы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. добры; проціл. горшы. Паняслася песня волі Між лясоў густых, балот... І аб лепшай вольнай долі Стаў ля рэчкі пець чарот. Чарот. [Бацька:] — Ведаеш, сынку, нам трэба было б набыць лепшага каня. Бядуля.
2. Найвыш. ст. да прым. добры; самы добры. [Шугаеў:] Гэты адказны дакумент павінны падпісаць лепшыя людзі нашага калектыву. Крапіва. Таварышы з акругі, хочучы пазнаёміць грамадства з лепшым участкам беларускай граніцы і лепшым камандзірам ўчастка, — накіравалі мяне іменна сюды. Брыль. // у знач. наз. ле́пшае, ‑ага, н. Збіраліся, прыходзілі і садзіліся за сталы калгаснікі, адзетыя ў лепшае. Васілевіч.
•••
У лепшым выпадку гл. выпадак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́ступ, ‑у, м.
1. Месца, па якім можна падысці, наблізіцца да чаго‑н.; падыход. [Серада] узяўся правесці іх туды, дзе ёсць.. надзейная схованка. Доступ туды ведае толькі ён адзін. Брыль. Да дома Сяргея Андрэевіча доступ быў закрыты агнём. Кавалёў.
2. Магчымасць уваходу куды‑н., наведвання каго‑, чаго‑н.; допуск. Доступ наведвальнікаў у музей. □ Часта добра падроблены дакумент забяспечваў падпольшчыкам доступ да важных ваенных аб’ектаў ворага. Пятніцкі. // Магчымасць карыстацца чым‑н., займацца чым‑н. У нас кожнаму адкрыты доступ да навукі.
3. Пранікненне чаго‑н. куды‑н. Доступ свежага паветра ў памяшканне.
•••
Няма доступу да каго гл. няма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кашто́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які дорага каштуе, мае вялікую цану. Каштоўны падарунак. □ Адзін з шайкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідаць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. Залатаносны пясок прамываўся на аўчыне — пясок зносіла вада, а часцінкі каштоўнага металу заставаліся ў поўсці. Самуйлёнак.
2. Які мае важнае, істотнае значэнне. Каштоўная тэхнічная культура. Каштоўны дакумент. Каштоўная прапанова. // Вельмі патрэбны. Каштоўная якасць. □ [У Лясніцкага] была каштоўная прывычка партыйнага кіраўніка: у цяжкі момант раіцца з людзьмі, ведаць іх погляды, думкі. Шамякін.
•••
Каштоўныя камяні гл. камень.
Каштоўныя паперы гл. папера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)