палі́тра, ‑ы, ж.

1. Дошчачка, пласцінка з выразам для вялікага пальца, на якой мастак расцірае і змешвае фарбы. Маладыя хлопцы з палітрамі і пэндзлямі ў руках працавалі за мальбертамі. Машара. Самога дырэктара студэнты засталі перад расцягнутым на падромніку палатном, з палітрай у руках. Карпюк.

2. перан. Падбор фарбаў у асобнай карціне, у творчасці мастака. Палітра Тыцыяна. // перан. Сукупнасць вобразна-выяўленчых сродкаў у творчасці пісьменніка, акцёра, кампазітара і інш. У вобразнай палітры Максіма Танка пачалі поўнасцю гаспадарыць фарбы светлыя, святочныя. Рагойша. Іграючы адмоўныя ролі, я імкнуўся ў іх выкарыстоўваць усю шматкаляровую палітру фарбаў жыцця. Сяргейчык.

[Ад фр. palette, ад іт. paletta — лапатка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

псі́на, ‑ы, ж.

1. Пра сабаку, звычайна вялікага. Негрусь лічыў сваёй патрэбай заўсёды пабрахаць на .. [Лабановіча] і наогул быў смешнаю псінаю. Колас. // Пра пах сабакі, яго поўсці. Смярдзець псінай.

2. Груб. зневаж. Пра чалавека, які выклікае агіду, абурэнне. Мяне папярэдзілі ў Мінску, каб я асцерагалася і ненарокам каб не наступіла на лапу ці на хвост якой-небудзь псіне. Мядзёлка. Для прадажнай псіны кол з асіны. Прыказка. // звычайна з азначэннем. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — А князеў хлеб дарэмна есці Не будзеш, псіна ты старая! — З апошніх слоў «Памдзея» лае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўня́, ‑і, ж.

Разм. (часцей з адмоўем). Чалавек, роўны другому па якіх‑н. прыкметах (па ўзросту, па сацыяльнаму становішчу, па ведах і пад.). Хоць Зубок быў і старэйшы за нас, а трымаўся, як наша раўня. І мы любілі Косцю за гэта. Вітка. [Кацярына:] Да мяне сватаюцца людзі — не табе раўня. Крапіва. — Мяне лёд не вытрымае, — апраўдваўся Міхась. — Я цяжкі. Не раўня табе. Хомчанка. / у знач. зб. Аднагодкі. У гарачыні вялікага клопату мінала жыццё ў мяне і ў мае раўці, у нас не было часу заўважаць, што яно мінае. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́ша, ‑ы, ж.

1. Асвежаванае і выпатрашанае цела забітай жывёлы. У мясным радзе па круках віселі асвежаваныя тушы. Карпаў. // Цела якой‑н. вялікай мёртвай жывёлы. Але забіты .. [дзік] быў не тут — сюды падцягнулі; туша зрабіла шырокі след-сцежку, ссунуўшы лісце, патрушчыўшы жалуды, на карэннях садраўшы мох. Шамякін. І .. [Рыбак], прысеўшы, дужым рыўком зноў узваліў на сябе тушу авечкі. Быкаў.

2. Разм. Пра вялікага, поўнага чалавека; цела такога чалавека. Аж цесна стала, калі ўперлася ў памяшканне чорная туша ксяндза Гадлеўскага. Новікаў. // перан. Пра што‑н. вялікае, грузнае. Туша чорная парома Ціха дрэмле на Дняпры. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Райці́ннікі ’выхавацелі і пастухі коней’ (Карскі, Труды, 320), ст.-бел. ройтиник (з 1510 г.) ’шляхціч (’путный боярин’) вялікага князя’, ’даглядчык коней, конюх, канявод’. Лічыцца запазычаннем з літ. raĩtininkas ’вершнік’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 94). Трэба думаць, што літ. raĩtininkas утворана паводле мадэлі dainininkas ’спявак, пясняр’ (< daina ’песня’), mokslininkas ’вучоны’ (< mokslas ’навука’) і інш., адсюль raĩtininkas, магчыма, ад літ. raitija ’конніца, кавалерыя’, што, імаверна, звязана з ням. reiten ’ехаць’, Reiten ’язда на кані’. Такім чынам, у якасці здагадкі, паколькі бел. райціннік мае іншую афіксацыю, можна дапусціць самастойнае яго ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑нік непасрэдна з ням. *reiten‑nik, магчыма, з прамежкавай аддзеяслоўнай формай *райцінне ’язда на кані’. Падобна, як і ст.-польск. rojćnicki (1561 г.) створана з уласнай патранімічнай суфіксацыяй < *rejtьn‑icki. Гл. таксама ройтаннік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дапасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што да каго-чаго.

1. Разм. Падагнаць; прыладзіць. Трэба дапасаваць лубяныя ніці-стужкі да дзірак такім чынам, каб ніводная кропля вады не пранікла. Маўр. // Зрабіць што‑н. супадаючым у часе з чым‑н. Дапасаваць выпуск насценнай газеты да святочнага дня. // Аднесці, прымяніць. Да Якуба Коласа, так як і да яго вялікага друга і саратніка Янкі Купалы, можна дапасаваць словы, сказаныя А. М. Горкім пра Пушкіна: «Ён у нас — пачатак усіх пачаткаў». Лужанін.

2. Паставіць залежнае слова ў тым самым родзе, ліку, склоне або асобе, у якім стаіць галоўнае слова. Дапасаваць прыметнік да назоўніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяшчо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі ласкавы, поўны ласкі, замілавання, адданасці. Пяшчотная маці. Пяшчотнае сэрца. □ І заўсёды, што б.. [Надзя] ні рабіла, .. у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе ласку, любоў. Смірын узняў вочы на Веру. Перахапіў яе пяшчотны позірк. Алешка. На яе вуснах блукала пяшчотная ўсмешка. Лупсякоў.

2. перан. Мяккі, лагодны; вельмі прыемны. Пяшчотны голас. Пяшчотны ветрык. □ Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Бядуля. Неўзабаве перад намі ўзніклі ў пяшчотнай ранішняй смузе светлыя небаскробы вялікага горада на ўзбярэжжы акіяна. В. Вольскі. // Вельмі далікатны, тонкі. На чарэшнях ужо шалясцелі маладыя пяшчотныя лісткі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цясні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.

Разм.

1. Размяшчацца ў вялікай колькасці на невялікай прасторы блізка адзін ад аднаго. Потым мы абедалі на кухні, прыляпіўшыся да невялічкага століка. Чаго было так цясніцца, я не разумеў. Місько. Каля сцен вялікага «салона» цясніліся маленькія столікі. Бядуля. // Стаяць на невялікай плошчы цесна, датыкаючыся адзін да аднаго (пра мноства людзей). Ля ўвахода на ўзлётнае поле цясніцца стракаты, маляўнічы натоўп. В. Вольскі. // перан. Перапаўняць каго‑, што‑н. (пра думкі, пачуцці). Думкі цясніліся ў маёй галаве, абганяючы адна другую. Аляхновіч. І тады страх, што цясніўся ў грудзях, набыў рэальнае і канкрэтнае асэнсаванне. Кудравец.

2. Рухацца, станавіцца цясней, вызваляючы вольнае месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. і без дап. Скрэбці, драпаць, драць, каб пазбавіцца свербу. Кіраніха збянтэжылася, пачала костачкай вялікага пальца чухаць праз хустку галаву. Ермаловіч. [Сабака] прысеў на кастрыцы і задняю нагою стаў чухаць каля вуха. Колас. Свіння Рабая вельмі любіла, калі яе чухаеш, — ажно вочы заплюшчыць. Брыль.

2. перан. Разм. Трывожыць, турбаваць каго‑н. [Забіч:] — І вы, Юліян Сяргеевіч, зусім слушна гаворыце: трэба нараду праводзіць. Пакуль нас не чухаюць, дык лепей мы самі пачухаемся. Савіцкі.

•••

Чухаць патыліцу — быць заклапочаным чым‑н. — Няўжо і на нас запытанне ў раён пасылаць будуць? — чухаў патыліцу бацька. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпізады́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Нерэгулярны, несістэматычны. Эпізадычная дапамога. Эпізадычны кантроль. □ Вывучаючы яго [Скарыны] жыццё і дзейнасць, можна пераканацца ў тым, што цікавасць да вывучэння прыроды, самога жыцця ў беларускага вучонага праявілася вельмі рана і што яго заняткі медыцынай і баганікай не мелі эпізадычнага характару. Алексютовіч. // Неістотны, які не мае вялікага, рашаючага значэння. Прозвішча выпала ў Шыковіча з галавы — эпізадычная асоба, а яму трэба было ў працэсе запамінаць сотні розных прозвішчаў, беларускіх, рускіх, нямецкіх. Шамякін.

2. Які з’яўляецца толькі ў асобных сцэнах, эпізодах. Потым .. [Манро] паступіла на кінастудыю, здымалася ў эпізадычных нямых ролях. Новікаў. На першым часе навічкі выступалі ў масоўках ці выконвалі эпізадычныя ролі. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)