задуме́нны, ‑ая, ‑ае.
Паглыблены ў думкі, разважанні; задумлівы. Думкі пра інстытут цяпер прыносілі не радасць, а нудны боль. Андрэй стаў невясёлы і задуменны. Чарнышэвіч. Марынка сядзела задуменная, негаваркая, ні да чаго не дакраналася. Хадкевіч. // Які выражае роздум, задуменне. Бухгалтар зноў пачаў думаць. Задуменны позірк яго блукаў па кабінеце. Арабей. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны. Колас. // Які навявае думкі, схіляе да разважанняў. Гучаць беларускія мелодыі ў аркестры: ціхія, задуменныя, працягла-пявучыя і лірычныя. Сяргейчык. // перан. Маўклівы, таямніча-загадкавы. У ціхую пагоду зімовы лес маўклівы, задуменны і таямнічы. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мане́р, ‑а, м. (ужыв. толькі ў В і Т скл.).
Спосаб дзеяння, лад, узор. Андрэй дастае .. шчарбаты чайнік, налівае яго вадою з тэндэра і.. прымайстроўвае чайнік да топкі.. Такім жа манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам. Лынькоў. На працу .. [даяркі] ішлі ў добрым, пашытым на сучасны манер адзенні. Хведаровіч. / у знач. прыназ. у спалуч. з «на». — Як ты мяркуеш, Мартыне, — парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку, — ці можна падабраць добрых хлопцаў... ну, на манер невялічкага войска? Колас.
•••
На адзін манер — аднолькавы, падобны; аднолькава, падобна.
На свой манер — па-свойму, не так, як іншыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які не змяняецца, не можа быць зменены; пастаянны. Нязменныя прынцыпы.
2. Заўсёдны, звычайны для каго‑, чаго‑н., заўсёды аднолькавы. Сваю нязменную спадарожніцу плашч-палатку трымаў [Сагура] на плячы. Ракітны. У зубах сенатара — нязменная цыгара, на галаве — чорны фетравы капялюш, у руках — сукаватая масіўная палка. Гамолка. Таго, хто выходзіць з аўдыторыі,.. сустракаюць нязменным пытаннем: — Ну як? Шахавец.
3. Такі, якога не зменьваюць. Андрэй Паўловіч вось ужо колькі год — нязменны дэпутат сельскага Савета. Шыловіч.
4. У граматыцы — часціны мовы, якія не маюць форм скланення і спражэння.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.
1. Зрабіць усё, многае. Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку: — Толькі ж глядзі, каб усю работу нарабіў. Якімовіч. Мы парабілі цяпер такія галубятні, што ніхто не далезе, ніхто не дастане. Брыль.
2. і без дап. Папрацаваць некаторы час. Малады цыган трохі парабіў у калгасе і пасля падаўся ў горад. Чыгрынаў.
•••
Нічога не паробіш; што (ж) паробіш — пра неабходнасць зрабіць не так, як хочацца, змірыцца з тым, што ёсць. Турсевіч цмокнуў, журботна паківаў галавою. — Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго.
1. Зрабіць так, каб было сорамна каму‑н.; пасарамаціць. Данілка хацеў пасароміць хлапчукоў, але яго апярэдзіў сусед. Кавалёў. Маша знайшла конюха і пасароміла яго за.. [дрэнныя] сані, загадала зацягнуць іх на вышкі. Шамякін. — Ты ведаеш, як пасароміў мяне гэты малады чалавек? — звярнуўся Аркадзь Цімафеевіч да Веры Васільеўны і расказаў, як Андрэй вырашыў асушыць Галы. Дуброўскі.
2. Зняславіць, абняславіць. Вучань я быў кемлівы, настаўніка не пасароміў. Шамякін. Сэрца маці згаджалася, а розум пратэставаў, баяўся, каб, крый божа, не нарабіла глупства па дурноце... Не пасароміла б сябе і яе, матку... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Прышрубаваць; закруціць. Прыкруціць гайку. // Прымацаваць да чаго‑н. з дапамогай шрубы, балта і пад. Клін патрэбна было пазам пакінуць на правую па ходу цягніка рэйку і прыкруціць балтамі. Краўчанка.
2. Закручваючы, прымацаваць; прывязаць. Прыладзіў [Зіновій Цімафеевіч] пучок мачалы, дротам прыкруціў да кія. Важнецкі квач атрымаўся. Нядзведскі.
3. Закруціць трохі або тужэй; падкруціць. Прыкруціць кран. // Круцячы, пакручваючы (рычажок, ручку), зменшыць што‑н., збавіць сілу, моц чаго‑н. Прыкруціць кнот у лямпе. □ Андрэй запаліў вялікі калгасны ліхтар.., прыкруціў агонь — меншы не так патушыць вецер — і пайшоў на ферму. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпе́ўка, ‑і, ДМ ‑пеўцы; Р мн. ‑певак; ж.
1. Кароткі, звычайна чатырохрадковы, фальклорны вершаваны твор лірычнага, злабадзённага або жартоўнага зместу, які выконваецца на пэўны матыў; частушка. Вясёлыя, задорныя прыпеўкі рэхам адгукаліся ў бары. Ваданосаў. Падай хто-небудзь прыклад — і яна пайшла б каля агню ў скокі, падхапіла б самую развясёлую песню, самыя вострыя прыпеўкі. Кулакоўскі.
2. Тое, што і прыпеў (у 1 знач.). З ракі прыляцела раптам прыпеўка папулярнай студэнцкай песні. Мурашка. — Пачынай, Андрэй, твая першая скрыпка... А вы, валачобнікі, далучайцеся да нас: прыпеўку спяваем усе! — не сунімаўся Янка. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разадра́ць, раздзяру, раздзярэш, раздзярэ; раздзяром, раздзераце; зак., каго-што.
1. З сілаю, рэзкім рухам раздзяліць на часткі. — Раздзяры торбу на дзве посцілкі і высып з лубянкі свой мак. Якімовіч. Андрэй сам разадраў гэту запіску на дробныя кавалачкі і выкінуў у памыйнае вядро. Лобан. // Падраўшы, распячатаць. [Галя] .. разадрала канверт пісьма, якое было адрасавана ёй. Ермаловіч. // Зрабіць драным. Разадраць штаны. Разадраць бот. // Нанесці рану, глыбокую драпіну. [Алесь] адчуў нешта цёплае на запясці левай рукі: з невялікай ранкі кроплямі сачылася кроў. Відаць, разадраў аб .. [сук]. Караткевіч.
2. Раздзяліць злучанае, растуліць. Склеілася так, што не разадраць. □ — Проста павекі зліпаюцца — не разадраць. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развіта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да развітання; звязаны з развітаннем. Развітальныя словы. □ Андрэй узышоў на сярэднюю гару і спыніўся, развітальным поглядам абводзячы дарагія прасторы зямлі. Колас. Сярожу і Стася пахавалі ў той вёсцы, дзе была першая брыгадная застава, і ротай далі развітальны салют. Брыль. Час раз’ездаў настаў... Што ні вечар даўжэй Развітальныя вальсы, што вечар цішэй Развітальныя шэпты засмучаных пар. Куляшоў. // Наладжаны з прычыны развітання, ад’езду каго‑н. Развітальны вечар. □ Перад ад’ездам спецыяльна для .. [хлопцаў] Зіновій Цімафеевіч напаліў лазню, а Паліна Антонаўка прыгатавала развітальную вячэру. Нядзведскі.
•••
Развітальны акорд гл. акорд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раўні́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны да рэўнасці; ахоплены рэўнасцю, недавер’ем. Сустрэчы з Васілём і чакала [Ганна] і баялася: ведала, які раўнівы, асабліва да Яўхіма. Мележ. // Які выяўляе рэўнасць. Раўнівы погляд.
2. Выкліканы рэўнасцю, недавер’ем. У Леаніда ўзнікла раўнівае падазрэнне — а можа.. [Аля] ужо астыла да яго, можа гэтае спатканне ўжо не ў радасць? Мележ. На хвіліну ў .. сэрцы [Гелены] абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася. Караткевіч. // Напоўнены зайздрасцю, выкліканы бояззю перавагі каго‑н. над сабой. За ім ішлі старыя касцы, і на іх тварах Андрэй прачытаў раўнівае жаданне не адстаць ад яго. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)