сіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць сіплыя гукі. Потым.. [гаспадар] карміў парсюка, завіхаўся каля печы, там нешта сінела, выкіпала, прыгарала. Хомчанка. Дзед.. калупаў ды прадзьмухваў люльку, якая пачынала пры гэтым сіпець на ўсе лады. Лынькоў. Сіпеў.. недзе ў шэрых прыцемках паравоз. М. Стральцоў.
2. Гаварыць сіплым голасам, вымаўляць сіплыя гукі. Глушак стары яшчэ доўга сіпеў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Мележ. — Э-э... Дрэнь... — сіпіць.. [Грыпіна] прастуджаным голасам. Пташнікаў. // Шыпець, выказваючы нездавальненне кім‑, чым‑н. Цяпер [Рак-Кандэрскі] прыходзіць у канцылярыю раней за ўсіх, .. корпаецца ў паперах і ўвесь дзень сіпіць на маладых сакратарак і машыністак. Навуменка. Наш поспех ім — пад сэрца клін. Яны дасюль сіпяць ад злосці, Што мы ўзялі ў баях Берлін. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Набыць выгляд і ўласцівасці каменя; ператварыцца ў камень. Ляжаць [дрэвы], пакуль не скамянеюць. Лынькоў. // перан. Стаць цвёрдым, сухім як камень. Скамянеў кавалак хлеба. □ Зямля скамянела, без вады. Няхай.
2. перан. Стаць нерухомым, замерці; застыць, здранцвець, аслупянець. Лявонка, які падбег да бацькі, скамянеў ад страху. Асіпенка. Скамянеў і вартавы пад наведзенай стрэльбай Карнея Скібы, скамянелі ўсе, уражаныя нечаканасцю налёту. М. Ткачоў. Воўк драпежны аж умлеў, З перапуду скамянеў. Якімовіч.
3. перан. Страціць здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаць абыякавым да ўсяго. Ды ў каменным горадзе я не скамянеў! Не глядзі, прашу цябе, гэтак па мяне... Тармола. Джулія нібы скамянела ў панылай маўклівасці, бровы яе зусім самкнуліся, на твары ценем лёг выраз рашучай упартасці. Быкаў. Маё сэрца скамянела, Быццам чорны птах. Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ску́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Памянш. да скура (у 1 знач.). Можна было б, вядома, знайсці, а то і самому вырабіць яшчэ адну скурку па бубен, ды нешта не з’яўлялася ўжо цяга да такіх турботаў. Кулакоўскі. // Тонкая маладая скура. Кроў прасочваецца праз тонкую аксамітную скурку. Крапіва. У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Адамчык. // Разм. Тонкае празрыстае покрыва па некаторых гастранамічных вырабах (каўбасе, сыры і пад.), плеўка. На стале былі акуркі, ад кілбас шнуркі і скуркі, ля стала стаяла урна — жыў мядзведзь больш-менш культурна. Шушкевіч.
2. Невялікая вырабленая шкура жывёлы (звычайна для пашыву шапак, каўняроў і пад.). [Багуцкі:] — Якія ж скуркі, галоўным чынам, цікавяць вашу фірму? [Прадстаўнік фірмы:] — О-о... розныя... Вавёркі, выдры... Лынькоў.
3. Верхняе покрыва, абалонка пладоў. Скурка яблыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спа́йка, ‑і, ДМ спайцы; Р мн. спаек; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спайваць — спаяць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. спайвацца — спаяцца. Вось Федзя ўжо ў музычнай школе, Развучвае дыезы ды бемолі, Хаця жадання ў хлопчыка няма. Ён у кішэнях носіць гайкі І марыць аб майстэрстве спайкі, Але дарма. Корбан.
2. Месца спайвання, злучэння частак чаго‑н. Мы саставілі замкнуты ланцуг розных металічных дратоў, і адну спайку награвалі, а другую ахалоджвалі. «Беларусь».
3. перан. Яднанне, калектывізм, цесная сувязь. Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. Разумее настаўнік, што сялянам бракуе грамадскае арганізацыі, спайкі. Навуменка.
4. Від злучэння розных органаў і тканак, а таксама месца гэтага злучэння. Спайка паўшар’яў галаўнога мозга. // Паталагічнае злучэнне тканак у выніку запаленчага працэсу. Утварэнне спаек у страўніку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спячы́ся, спякуся, спячэшся, спячэцца; спячомся, спечацеся, спякуцца; пр. спёкся, спяклася, ‑лося, зак.
1. Стаць выпечаным, быць прыдатным, гатовым для яды. Бульба спяклася. □ — Я думаю, што пірагі .. не спякуцца да таго часу, а хутчэй — і ў печ не пападуць. — Камісар пазнаў іранічны басок Шашуры. Мележ.
2. Быць прыгатаваным смажаннем; сасмажыцца. Яечня спяклася.
3. Стаць абпаленым сонцам; абгарэць.
4. Загусцець, засохнуць (пра кроў); запячыся. Па патыліцы яшчэ цяклі павольна рагі густой і ліпкай крыві. Згусткі яе спякліся ў скарэлых валасах. Крапіва.
5. Спец. Злучыцца ў адно цвёрдае цэлае ў выніку спякання. Руда спяклася.
6. перан. Разм. Пацярпець няўдачу ў чым‑н.; пагарэць, быць пакараным. А нядаўна ж было... крамзанеш на каго без прынукі — Ды ў канверт! І гатова! І спёкся! Тут быў — і няма! Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́ціцца, трачуся, трацішся, траціцца; незак.
1. Расходаваць свае грошы, сродкі на якія‑н. патрэбы. Прасцей бывае ў пост: сушаныя грыбы, цыбуля, кіслая капуста — усё гэта расце, сушыцца і соліцца на месцы. Траціцца даводзіцца хіба толькі на тараны ды на алей. Васілевіч.
2. Марна, без толку расходаваць. [Ліда да Сярожы:] — Ідзі скарэй правай білеты. Навошта табе траціцца? Лобан. // Марнавацца, прападаць. — Што ж ты не глядзіш? Збожжа траціцца. Колькі ў каласах! — і Кузьма сунуў жмут саломы Кардзянкову. Дуброўскі.
3. перан. Губляцца, знікаць. Зірнеш на косы ільняныя, — адвага траціцца твая, і сэрца ёкне і заные, бы ў золкай плыні ручая. Гаўрусёў. Шмат часу трацілася на гэты надвячорак. Маўр. Выходзіць, не толькі марна загінула .. праца [хлопцаў], а і трацілася апошняя надзея раскрыць таямніцу кургана. Якімовіч.
4. Зал. да траціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укарані́цца, ‑ранюся, ‑рэнішся, ‑роніцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пусціць глыбока карэнне, добра ўрасці ў зямлю. Пагукваў дзядзька ўжо на полі І ткаў сахою кросны-ролі, Ды пырнік так укараніўся, Што дзядзька з конікам таміўся. Колас.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Трывала замацавацца, атрымаць шырокае распаўсюджанне, увайсці ў звычай, звычку. У калгасе ўкараніўся строгі парадак ва ўсім. Дуброўскі. Як аграном, Мікалай Аляксеевіч добра бачыў тыя недахопы, якія ўкараніліся ў гаспадарцы. Навуменка. Яго звычка, што ўкаранілася яшчэ ў тыя часы, калі ён [Сцяпан Фёдаравіч] камандаваў ротай ці батальёнам, — быць у самым пекле бою. Мележ.
3. Асталявацца дзе‑н., умацаваць сваё становішча. [Генадзь] уладзіў .. [Вікторыю] працаваць на тэлебачанне і чакаў, калі яна там укарэніцца, каб звязаць з ёй сваё жыццё. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хадзя́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які ходзіць пехатой. Хадзячыя прадаўцы. // Такі, які можа рухацца, перамяшчацца на сваіх нагах. — А ў першы дзень [вайны] выпісалі ўсіх хадзячых хворых. Грахоўскі. Потым.. [Серада] паклікаў хадзячага параненага, і яны пачалі чытаць запісы ўдвух. Лупсякоў.
2. Шырокавядомы, агульнапрыняты. Хадзячыя фразы.
3. Разм. Які з’яўляецца жывым увасабленнем якіх‑н. якасцей. — Ды ты, таварыш, відаць, на апошніх жылах трымаешся, — з цёплай спагадай заўважыў кубанец. — Такі малады і дужы на выгляд, а выматаўся да апошняга. Давай памагу табе, гора хадзячае. Машара.
•••
Хадзячае сумленне — чалавек вялікай дабраты, чэснасці і справядлівасці.
Хадзячая энцыклапедыя гл. энцыклапедыя.
Хадзячы анекдот — пра чалавека, дзеянні, учынкі якога выходзяць за рамкі нормы, здаюцца дзівацкімі.
Хадзячы тэлеграф — той, хто распаўсюджвае якія‑н. чуткі, разносіць плёткі.
Хадзячыя мошчы — знясілены хваробай, схуднелы чалавек.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ця́жка,
1. Прысл. да цяжкі (у 1–6 і 9 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра цяжкі фізічны стан, пачуцці стомы, болю і пад. [Віця] ўстаў з мяха, на якім сядзеў, і адчуў, што яму цяжка стаяць. Чарнышэвіч. Людзям было цяжка думаць, што гітлераўскае звяр’ё можа перарваць штодзённую працу. Чорны.
3. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць нягод, пакут і пад. Ды і ці варта цяпер ісці да .. [Волькі] — нагоніш маркоты, калі самому цяжка. Каваленка. // Пра непрыемны стан, у якім хто‑н. знаходзіцца. Мне таксама было цяжка ад усяго таго, што вось-вось пабачыў. Кулакоўскі.
4. безас. у знач. вык. Пра сумны, дрэнны настрой. У Івана таксама на душы было цяжка, а ў галаве варушыліся цэлым роем думкі. Колас. На сэрцы было цяжка. Дамашэвіч.
•••
Цяжка сказаць гл. сказаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́баш, ‑у, м.
У сярэдневяковых павер’ях — начное зборышча ведзьмакоў і ведзьмаў, якія ўчынялі шалёны разгул. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася, — няйнакш, як у ёй спраўлялі свой спрадвечны д’ябальскі шабаш тысячы маладых гуллівых чарцей. Сачанка. // перан. Зверскі ўчынак; варожы разгул. У .. [Сашкі] астаўся толькі адзін няпоўны дыск кулямёта. Ды і што ты тут зробіш, калі карнікаў поўны лес і яны, відаць, вяртаюцца з чарговага крывавага шабашу, нават жывёлу гоняць з сабой? Няхай.
шаба́ш, ‑у́, м.
Разм.
1. Заканчэнне работы; перапынак для адпачынку. Працягла гуў гудок на шабаш. Шынклер.
2. у знач. вык. Скончана, даволі; канец. — Бесхарактарны я, брат Стары, — на тон самабічавання з’ехаў Садовіч, — але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Колас. // шаба́ш! Вокліч, каманда канчаць работу. — Шабаш, хлопцы! — падаў каманду Лапцін. Савіцкі.
[Стараж.-яўр.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)