раза́к 1, ‑а, м.

1. Прылада для рэзання чаго‑н. Мадэльеры распрацавалі спараныя разакі для раскрою мяккага скуртавару. «Звязда». // Рэжучая частка якой‑н. прылады, інструмента, машыны. Не забыта .. [зямля], бо вунь пры шляху востра паблісквае на сонцы разаком плуг. Мурашка. // Абл. Піла. Назаўтра з раніцы засунуў [Марцін] за пояс спрытную сякеру, узяў разак, прыстасаваны такім парадкам, каб можна было ім аднаму пілаваць, і пайшоў ў лес. Колас.

2. Інструмент для кіслароднай рэзкі металаў. Аўтагенны разак.

3. Рабочы, спецыяліст па забою жывёлы, птушкі.

4. Абл. Жорсткая, але нетрывалая заледзянелая скарынка снегу або лёду. Святло .. [ракеты] часам прымушала яго легчы на жорсткі, сцукраваны снег, і Васіль па разаку вужам перапаўзаў.. на шэрае ворыва або таіўся нерухома ў праталай разорыне. Грамовіч. — На разаку ты такі лавок не паставіш правільна .. — зрушыць плынню. Масарэнка.

раза́к 2, ‑у, м.

Шматгадовая вадзяная расліна сямейства жабнікавых з моцнымі калючымі лістамі і буйнымі белымі кветкамі, якая ў час цвіцення ўсплывае на паверхню. У затоках вясною і ў дажджлівыя гады стаяла брудная рудая вада і ў ёй расла жорсткая і такая ж рудая асака, перамешаная крамяным лапушыстым разаком. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассячы́ і рассе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. рассек, ‑ла; зак., каго-што.

1. Разбіць, раздзяліць на часткі, кавалкі ўдарам вострага прадмета. Рассячы калоду. Рассячы костку. □ Сякера яе глыбока сядзела ў сукаватым яловым палене, якое .. [цётка], відаць, марна старалася рассекчы папалам. Быкаў. // перан. Быстрым рухам, узмахам як бы разрэзаць, раздзяліць (паветра, ваду). — Аб чым гаворка, збяром дошак, — рассек рукою паветра дзед з шырокаю барадою. Гурскі. // перан. Рэзка прагучаўшы або засвяціўшы, парушыць цішыню, рассеяць змрок і пад.; разарваць. Раптам мірную цішыню лесу рассеклі кароткія стрэлы. Шамякін. Зарніца рассекла цемру, і ў палахліва-яркім святле Майка ўбачыла, як аднекуль, з зарыва, падаў проста на яе чалавек з распасцёртымі рукамі. Караткевіч.

2. Нанесці глыбокую рану, парэз чым‑н. вострым. — Чаму ты тупіцаю колеш? — Бо тата не дае вострае сякеры. Кажа, што я яшчэ калена рассяку сабе. Чорны.

3. Прайсці па паверхні чаго‑н., падзяліўшы на часткі. Граніца, якая рассекла Беларусь на дзве часткі пасля Рыжскага дагавору, стала на шляху [дадому] неадольнай перашкодай. Данілевіч. // Прарваўшы, раздзяліць (войска, фронт, армію праціўніка).

•••

Рассячы гордзіеў вузел — смела, рашуча вырашыць якія‑н. цяжкасці, супярэчнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ссып, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рассыпа́ць — рассы́паць (у 1 знач.).

2. Разм. Пра што‑н. рассыпанае ў вялікай колькасці. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Брыль. // перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н., быццам бы рассыпанага на паверхні. Мацвей Сымонавіч за якія два дзесяткі метраў убачыў россып лісічак. Мяжэвіч. На траве ляжаў бліскучы россып вадзяных кропель. Савіцкі. Каленік уздымае вышэй галаву і ўзіраецца ў густы россып зор на Млечным шляху, аж пакуль стамляюцца вочы. Галавач.

3. Спец. Лес, які сплаўляецца асобнымі бярвеннямі, а не плытамі.

4. Спец. Страты пры пагрузцы і перавозцы сыпкіх рэчываў.

5. Спец. Адкладанні, у складзе якіх маюцца крупінкі, крышталі карысных мінералаў (золата, плаціны і пад.). Алмазны россып.

6. Спец. Вялікая колькасць каменных глыб рознай велічыні і формы, якія ўтвараюцца пры выветрыванні горных парод. Пароды, якія выветрываюцца, утвараюць вялікія каменныя россыпы.

7. у знач. прысл. ро́ссыпам. Хто куды, у розныя бакі; урассыпную. Зноў пачуўся ўсё большы і большы гул матораў. Людзі кінуліся россыпам. Гурскі.

8. у знач. прысл. ро́ссыпам. У рассыпаным, разрозненым стане. Лес сплаўляюць россыпам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

год, -а, М -дзе, мн. гады́, гадо́ў, м.

1. Прамежак часу, за які Зямля робіць адзін абарот вакол Сонца.

Мінула два гады.

Засушлівы г.

Чатыры пары года: зіма, вясна, лета, восень.

2. Адрэзак часу, які ўключае ў сябе 12 каляндарных месяцаў.

Новы г. (наступаючы год, а таксама дзень 1 студзеня). Два гады ад нараджэння.

Г. ад году (з кожным годам). Круглы г.

Гадамі не сустракаемся.

3. Прамежак часу, у які праводзіцца цыкл якіх-н. работ, заняткаў.

Навучальны г.

Фінансавы г.

4. мн. Доўгі перыяд, у які нешта адбываецца, якому што-н. уласціва.

Пасляваенныя гады.

Гады маладосці.

5. мн. У спалучэнні з парадк. ліч.: адрэзак часу ў межах дзесяцігоддзя.

Васьмідзясятыя гады дваццатага стагоддзя.

6. мн. Узрост.

Ён ужо ў гадах (пажылы, стары). Не тыя гады.

Не па гадах.

7. Прамежак часу, на працягу якога адбываецца абарот якой-н. планеты вакол Сонца.

Г.

Марса.

Высакосны год — кожны чацвёрты год, які мае ў лютым не 28, а 29 дзён.

Светлавы год — адзінка адлегласці, роўная шляху, які праходзіць прамень святла за адзін трапічны год.

Трапічны год — прамежак часу, за які Сонца завяршае адзін цыкл змен пор года (напр.: ад аднаго вясенняга раўнадзенства да наступнага і пад.).

Гады ў рады (разм.) — вельмі рэдка (сустракацца, бачыцца).

З году ў год (разм.) — пастаянна, на працягу некалькіх гадоў.

|| ласк. го́дзік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.) і гадо́к, -дка́, мн. -дкі́, -дко́ў, м. (да 2 знач.).

|| прым. гадавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).

Гадавая справаздача.

Г. план.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Набой1 ’зарад’ (Касп., Шат., Байк. і Некр., Яруш., Гарэц., БРС, ТС), укр. набі́й ’тс’, рус. набо́й ’тс’, польск. nabój ’тс’, чэш. náboj, славен. naboj ’зарад, патрон’. Ад набі́ць, набіва́ць (стрэльбу) ’заражаць’, што адлюстроўвае старажытны спосаб зарадкі праз ствол. Магчыма, праз польскую з чэшскай, паралельна да славен. nabój, якое, паводле Бязлая (2, 210), запазычана з чэш. náboj (< na‑biti), бо толькі ў чэшскай адначасова значыць ’кулак’, што блізка да ням. Nabe, тады збліжэнне з *biti другаснае. Гл. Махэк₂, 387; Брукнер, 35.

Набой2 ’мазоль, вітае месца’ (Сцяшк.), ’болька на падэшве нагі, узнікае ад непрывычкі хадзіць босымі нагамі’ (Сцяц.), наб​уой (nabuoj) ’пухір на пяце’ (Арх. Федар.), рус. набой ’набітае месца, жаўлак’; няясна, ці звязана з укр. набій ’вусень насякомага Arctia’ (Грынч.), параўн. шматлікія выпадкі супадзення назваў розных болек і вусеней: вусеніца ’нарыў паміж капыта ў каровы’ і ’вусень’ (ТС), славац. liška ’лішай’ і ’вусень, матылёк’, што, як паказаў Важны (O jménech, 106 і наст.), звязана з уяўленнямі пра насякомых як разношчыкаў хвароб. Ад набіва́ць, параўн.: Набіў ботам мазоль (Сл. ПЗБ). Серб.-харв. набој ’нарыў на ступні, у якой засталася калючка’, балг. на́бой ’балячка, скула, пухліна ад пацёртасці’, магчыма, дае падставы для рэканструкцыі адпаведнай праслав. лексемы.

Набой3 ’след на дарозе, выезджаны санямі’ (Арх. Федар.), ’высокі пласт снегу на дарозе, які перашкаджае яздзе’ (Кліх), ’тупкая частка зімняй дарогі’ (Сцяц., ТС), ’наезджаная частка зімняй дарогі’ (в.-дзв., Шатал.), ’астаткі саннага шляху’ (столін., Яшк.), укр. набі́й ’утаптаная снежная дарога, сляды саней на ёй’, рус. набо́й ’тс’. Ад набіва́ць, бі́ць, бі́тая (дарога).

Набой4 ’набойка, прылада набіваць абручы на бочку’ (Бяльк.), набойка ’тс’ (гродз., Нар. сл.; ТС). Ад набіва́ць, біць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

му́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Непразрысты, нячысты, змешаны з дробнымі часцінкамі чаго‑н.; каламутны (пра вадкасці). Паплыло ў кабінет волкае паветра дажджлівага лістападаўскага дня.. Па шыбах паўзлі мутныя кроплі. М. Ткачоў. Па вуліцы шалёна несліся патокі мутнай вады, змываючы ўсё, што ні пападалася на іх шляху. Васілевіч.

2. Пацямнелы, затуманены (аб бліскучых ці празрыстых прадметах). На покуце, перад вялікімі абразамі гарэла лампадка. Яе агеньчык адбіваўся ў мутных сярэбраных аправах. Хомчанка. Сляпыя вокны анямела Глядзяць на двор, на курганок, Ужо другі дзень вечарамі У іх не свеціцца лучнік, І толькі ў мутным шкле часамі Ад[а]б’ецца месяц-чараўнік. Колас. / Пра вочы, позірк. Дзед Купрыян прысеў на палатках і падняў на Васіля свае мутныя старэчыя вочы. Колас.

3. Зямліста-шэры, ахутаны імглою, туманам; туманны. [Неба] было нізкае, па-асенняму мутнае, халоднае і нічога, акрамя дажджу, не абяцала. Сачанка. Воз пакідаў за сабой лёгкі белаваты пыл, які хутка разыходзіўся па баках мутным туманам. Бядуля. // Няясны (пра святло). [Разведчыкі] спыніліся ў мутным святле з вялікага акна. Брыль.

4. перан. Разм. Недастаткова выразны, зразумелы, абгрунтаваны. Трэба заўважыць, што кожнае выступленне Фабрэгата працягвалася гадзінамі, і ў мутнай плыні слоў няцяжка было прыкмеціць загадзя абдуманае спаўзанне «радыкальнага» прафесара-дыпламата з адной пазіцыі на другую. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Наскочыць, напароцца на што‑н. вострае. Наткнуцца на сук.

2. Рухаючыся, нечакана наскочыць на каго‑, што‑н. (на якую‑н. перашкоду). Страляючы перад сабою, Мішка выскачыў на палянку, наткнуўся на нешта цвёрдае і ўпаў. Паслядовіч. Ідзе [юнак] па тратуару і аглядваецца назад. Заглядзеўся і наткнуўся на вусатага дзядзьку з гаспадарчай сумкай. — Малады чалавек, не страляйце варон. Пянкрат.

3. перан. Рухаючыся, нечакана сустрэцца з кім‑, чым‑н., набрысці на каго‑, што‑н. Познім адвячоркам абоз нечакана наткнуўся на варожую засаду. Якімовіч. Ішлі мы неяк вясной групай па лесе і наткнуліся на немцаў. Карпюк. // Нечакана, выпадкова выявіць, знайсці што‑н. Толькі ў канцы вайны неяк праглядаючы ў газеце спіс узнагароджаных Урадам партызан, Марынка нечакана наткнулася на .. прозвішча [Паходні]. Хадкевіч. Да дна ператрос чамадан у зацішку. Тут раптам вачыма наткнуўся на кніжку. Арочка. // Разм. Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. на сваім жыццёвым шляху, у сваёй дзейнасці. У Міколы быў горкі вопыт. Летась ён уцякаў і папаўся.. На першым польскім хутары яго накрылі. Багаты хутаранін, пакуль жонка карміла ўцекачоў,.. прывёў з недалёкага маёнтка салдатаў... Ды для Калодкі гэта быў не доказ. — На аднаго сабаку наткнуўся, дык думаеш, што ўсе такія. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пралёт 1, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пралятаць ​1 — праляцець (у 1 знач.).

2. Сезоннае перамяшчэнне птушак; пара пералёту. Веснавы пралёт птушкі пачынаецца ў канцы сакавіка. «Весці».

пралёт 2, ‑а, М ‑лёце, м.

1. Адкрытая прастора паміж чым‑н. Скрозь просты і шырокі пралёт .. [вуліцы] відны былі агні Навасёлак. Кулакоўскі. // Скразная адтуліна, праём. Аконны пралёт. // Прастора, адлегласць паміж апорамі ў якім‑н. збудаванні. Мост драўляны, на чатыры пралёты. Чыгрынаў. // Прасла (у плоце). Здавалася, за тыя два гады, што не быў я дома, нічога тут так і не змянілася — гэтак жа, як і тады, буйна кучаравілася ліпа, гэтак жа хіліўся да зямлі, усё ніяк не могучы ўпасці, абгарэлы з аднаго канца пралёт плота. Сачанка. // Свабодны прамежак паміж маршамі ўнутранай лесвіцы. Але вось і гэты гук замёр недзе ў глыбіні лесвічнага пралёта. Васілёнак. // Прастора ўнутры прамысловага будынка паміж двума радамі калон, апор і пад. Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Шамякін.

2. Участак чыгуначнага шляху ад адной станцыі да другой; перагон. Трэба было праехаць адзін пралёт, таму, увайшоўшы ў вагон, .. [Кузьма] прымасціўся ў першым купэ. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ператвары́цца, ‑тваруся, ‑творышся, ‑творыцца; зак.

1. Перайсці ў другі стан, набыць зусім іншы выгляд, форму; змяніцца якім‑н. чынам. — Гэтыя азёры зарастаюць, з цягам часу яны ператварацца ў суцэльныя балоты. В. Вольскі. На дарозе ўсюды вада, маленькія ручаіны ператварылася ў рэкі. С. Александровіч. Усе бачаць, як бусел.. раптам узляцеў угору і доўга лятаў, робячы ўсё большыя і большыя кругі, узнімаючыся вышэй і вышэй, пакуль не ператварыўся ў маленькую белую мецінку. Лынькоў. — Як ператварылася, як далёка пайшло наперад наша Палессе за гады савецкай улады! Краўчанка. // Набыць іншы змест, сэнс. Гэты невялікі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. // Стаць кім‑, чым‑н. для каго‑, чаго‑н. Былы камісар Міцька Векшын.. ператварыўся ў перашкоду на шляху рэвалюцыі. Адамовіч. Вузкія палявыя дарогі, залітыя веснавою вадою, ператварылася ў пасткі для кожнай машыны. Грахоўскі.

2. Ажыццявіцца, набыць значэнне рэчаіснасці. Планы ператварыліся ў рэальнасць.

3. у каго-што. У казках, паданнях — змяніць свой твар, выгляд, перавярнуцца ў каго‑, што‑н. з дапамогай чараў.

•••

Ператварыцца ў слых — пачаць вельмі ўважліва слухаць што‑н., прыслухоўвацца да чаго‑н. Салаўёў прыслухоўваецца. Хлопцы і самі ўсе ператварыліся ў слых. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбі́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разбіць.

2. у знач. прым. Расколаны на кускі або з адбітым краем. Разбітыя дзверы заставілі шафаю. Чорны. Праз два разбітыя акны і адкрытым насцеж дзверы гуляў вецер. Лынькоў. // перан. Разбураны, загублены. Разбітае жыццё. Разбітыя мары. □ Надзеі! Цяжка жыць з разбітымі надзеямі... Галавач.

3. у знач. прым. Пашкоджаны ўдарам. Трымаючыся за разбітую шчаку і распухлы нос, бокам высунуўся Слімак. Лынькоў.

4. у знач. прым. Які пацярпеў паражэнне, пераможаны. У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч.

5. у знач. прым. Знясілены, змучаны. Часам ноччу змораная, фізічна разбітая, .. [Таццяна] незаўважна засынала каля калыскі. Шамякін. Была трэцяя гадзіна ночы, калі Мікалай, стомлены і разбіты, дабраўся на кватэру. Дамашэвіч.

6. у знач. прым. Сапсаваны, пашкоджаны яздой, носкай і пад. [Іван] у сваіх картовых штанах, старых, разбітых чаравіках выглядае няўклюдным і вахлакаватым. Кудравец. Тут жа, выштурханая на бераг мноствам бурных прыбояў, парахнее, петрае на сонцы разбітая лодка. Брыль. І вось .. [Данік] імчыць па разбітай лясной дарозе... Краўчанка. // Надтрэснуты, расстроены (пра голас, музычны інструмент). — Каго Вам трэба? — голас быў жаласлівы, разбіты. Бядуля.

•••

Разбітае (старое) карыта гл. карыта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)