касава́ць, касую, касуеш, касуе; незак., што.

1. Выкрэсліваць, закрэсліваць. [Сымон] борздзенька перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. Колас.

2. Адмяняць, ліквідаваць, спыняць дзеянне чаго‑н. Касаваць пастанову. Касаваць дагавор. Касаваць шлюб. □ — І каб дзядзю Мішу далі права, што дазваляць, а што касаваць, — умяшаўся ў размову Смаляк, — ён зруйнаваў бы ўсе стадыёны і спорт-пляцоўкі. Паслядовіч.

3. Пераглядаць, апратэстоўваць рашэнне суда ў касацыйным парадку.

4. Абл. Рабіць непрыкметным, адсоўваць на задні план. Дзеці — два шустрыя, чарнявыя хлапчукі — напалавіну касавалі бяду. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Падумаўшы яшчэ раз, змяніць свой намер, прыняць іншае рашэнне. Кастусь падышоў да акна, хацеў пастукаць, але перадумаў. С. Александровіч. Над пераходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Потым перадумала, нешта выглядзела сабе ў хвалях, спрытна спікіравала. Даніленка.

2. што, аб чым і без дап. Падумаць пра ўсё, многае. Малады настаўнік шмат перажыў, перадумаў. Колас. Пальчык апынуўся на гаўптвахце. Усяго яму ўляцела дзесяць сутак. Часу было многа, каб перадумаць усё, узважыць і ў многім пакаяцца. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Сыграць што‑н. паўторна, яшчэ раз. Перайграць нанава эцюд.

2. Сыграць усё, многае. Баяніст, чарнавокі хлопец, слесар суседняй МТС, перайграў бадай усе любімыя песні і танцы. Паслядовіч. Мы перайгралі амаль усе вадэвілі А. П. Чэхава: «Юбілей», «Мядзведзь», «Прапанова», «Хірургія». Сяргейчык.

3. без дап. Разм. Сыграць ненатуральна якую‑н. ролю на сцэне, у кіно і пад. Артыст страціў пачуццё меры і перайграў.

4. Разм. Памяняць якое‑н. рашэнне, пастанову; зрабіць інакш, па-свойму. [Гаруноў:] — Ладна, Аксён, перайграйце план асушэння — на кароўнік. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́хта 1, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

1. Невялікі марскі заліў, прыгодны для стаянкі суднаў. Заставацца ў адкрытым моры было нельга, да свайго порта далекавата, і капітан прыняў рашэнне схавацца ў зручнай бухце. Б. Стральцоў.

2. Абл. Глыбокае месца ў рэчцы. І ёсць загадка такая: Ні смяецца, ні гукае, Жыве ў бухце пад ракітай, На ім світа, Ды не сшыта. Колас.

[Ням. Bucht.]

бу́хта 2, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

Вялікі скрутак дроту, каната і пад. Калгаснікі, убачыўшы.. прывезеныя Дзямідам Сычам турбіны і генератар, цяжкія бухты меднага дроту, кінуліся на пошукі электрычнага шнура. Паслядовіч.

[Гал. bocht.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канчатко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не будзе больш пераглядацца, змяняцца; беспаваротны. Канчатковае рашэнне. Канчатковы вывад. □ Канчатковай канструкцыі касмічнай ракеты яшчэ не было. Гамолка. // Які з’яўляецца завяршэннем або ажыццяўленнем чаго‑н. Канчатковая мэта. Канчатковы вынік. □ Выканаў тут ён [Гукай] акон свой Апошні, часовы — заўтра адгэтуль ён пойдзе На штурм канчатковы. Куляшоў. Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль.

2. Даведзены да канца, поўны. Канчатковая перамога. □ Шчаслівая немка давяла свядомасць гэтых двух чалавек да канчатковай яснасці, быццам толькі цяпер іх вочы да канца раскрыліся на тое, што адбылося за ўсе гэтыя дні. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўмо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга ўпрасіць; непахісны. Атрахім прабаваў спрачацца, угаворваць старых. Але яны былі няўмольнымі. Навуменка. Ліза была няўмольная, яна патрабавала неадкладна даць згоду на развод. Гурскі. // Які выяўляе, выказвае непахіснасць, цвёрдасць. — Кладзіся! — зноў пачуўся той жа ціхі, але няўмольны голас. Пальчэўскі.

2. перан. Такі, што нельга парушыць; бясспрэчны. Няўмольная логіка. □ [Андрэй:] — На тваё месца мы назначым сюды другога чалавека. Такое наша няўмольнае рашэнне. Пестрак. // Няўхільны, немінучы; бязлітасны. Няўмольны ход часу паклаў свой выразны адбітак на будынкі. С. Александровіч. Няўмольная хвароба настойліва гнала паэта [Багдановіча] з роднай зямлі, на поўдзень. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухвалі́ць, ухвалю, ухваліш, ухваліць; зак., што.

1. Даць станоўчую ацэнку чаму‑н. Ухваліць задуму. Ухваліць ініцыятыву. □ Леанід непакоіўся, што таварышы могуць не ўхваліць яго ўчынак, і падрыхтаваўся абараняцца. Шахавец. У .. [Кастуся] ўжо даўно была свая запаветная мара — паступіць у Нясвіжскую семінарыю. .. Навука яму давалася лёгка, і страшыла толькі тое, ці ўхваліць гэты намер бацька... С. Александровіч.

2. Афіцыйна адобрыць, прыняць, зацвердзіць. Ухваліць план развіцця гаспадаркі. □ Райком партыі ўхваліў пастанову партсхода. Дуброўскі. // Разм. Прыняць афіцыйнае рашэнне, пастанавіць. На камсамольскім сходзе стаяла адно пытанне: дапамога калгасу ва ўборцы ўраджаю. Ухвалілі: кожны камсамолец працуе ў калгасе два дні. Сташэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́несці, -несу, -несеш, -несе; -нес, -несла; -несі; -несены; зак.

1. каго-што. Несучы, выдаліць адкуль-н., аднесці за межы чаго-н.

В. мэблю з кватэры.

2. каго-што. Перамясціць куды-н., высунуць.

Плынь вынесла лодку на сярэдзіну ракі.

В. пытанне на сход (перан.). В. дробавы лік за дужкі.

3. перан., што. Атрымаць, набыць у выніку знаёмства з чым-н.

В. ўражанне.

4. перан., што. Прыняўшы рашэнне, аб’явіць (афіц.).

В. падзяку.

В. пастанову.

В. прысуд.

5. што. Вытрымаць, выцерпець.

Цяжка было в. гэта гора.

Не мог в. грубасці.

Ледзь вынесці ногі (разм.) — з цяжкасцю пазбегнуць небяспекі, выратавацца.

|| незак. выно́сіць, -но́шу, -но́сіш, -но́сіць.

|| наз. вы́нас, -у, м. (да 1 і 2 знач.) і вынясе́нне, -я, н. (да 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

хіста́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; незак.

1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок.

Вершаліны дрэў хісталіся ад моцнага ветру.

Агеньчык свечкі слаба хістаўся.

2. Ківацца з боку ў бок пры хадзьбе.

Конь быў такі худы, што аж хістаўся.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Калыхацца, калывацца ў бакі.

Зуб хістаецца.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу.

Аўтарытэт закона хістаецца.

5. перан. Быць у нерашучасці, вагацца.

Перад тым, як прыняць рашэнне, ён заўсёды хістаўся.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Быць няўстойлівым, мяняцца.

Цэны на рынку хістаюцца.

|| аднакр. хісну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся і хістану́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся.

|| наз. хіста́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

арыгіна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца арыгіналам (у 1 знач.); сапраўдны, першапачатковы. Арыгінальны рукапіс.

2. Створаны самастойна; не запазычаны, не перакладны. Арыгінальнае мастацкае рашэнне. Арыгінальны рэпертуар. □ Цікавымі паэтычнымі творамі з’яўляюцца першыя арыгінальныя беларускія байкі. Казека.

3. Непадобны да іншых, самабытны. Арыгінальны падыход. □ Адчувалася, што.. ў.. [Чорнага] ёсць свежыя назіранні і сваё, арыгінальнае ўспрыманне свету. Барсток. [Ваброў:] — Я хачу толькі сказаць, калегі, што думка Івана Іванавіча вельмі арыгінальная. Гамолка. // Своеасаблівы, незвычайны. Нават форма цела ў ментуза надзвычай арыгінальная: вялікая, сплюснутая спераду галава, шырокая пашча з мясістымі, тоўстымі губамі, кароткія вусікі на падбародку. Матрунёнак. Твор [«Вялікае сэрца»] пачынаецца з арыгінальнай дэталі, якая адразу характарызуе галоўнага героя. Луфераў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)