пту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Пакрытая пухам і пер’ем жывёліна класа пазваночных, якая мае дзве канечнасці, крылы і дзюбу. Вадаплаўныя птушкі. Хатнія птушкі. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. / у знач. зб. Ездзілі ў Мінск караваны з ільном, збожжам, .. птушкай. Бядуля.

2. перан. Разм. іран. Пра чалавека, з пункту гледжання яго грамадскага значэння, становішча. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонкі і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. — Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.

3. Разм. Паметка на палях тэксту або ў тэксце ў выглядзе дзвюх рысак, якія сходзяцца ўнізе вострым вуглом. Зарыпела пяро: «Тут у вас не выходзіць...» «Тут вам трэба «падумаць ...» «Тут крыху змякчыць...» «Тут вось «птушку» паставім, разважыць не шкодзіць...» Дзяргай.

•••

Вольная птушка — пра чалавека, які жыве незалежна, свабодна.

Птушка высокага палёту (звычайна іран.) — пра чалавека, які займае высокае становішча ў грамадстве.

Ранняя птушка — пра таго, хто рана ўстае, з’яўляецца рана дзе‑н.

Стрэляная птушка — пра бывалага, вопытнага ў якой‑н. справе чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апе́рыцца, ‑рыцца; зак.

1. Пакрыцца, абрасці пер’ем, убрацца ў пер’е (пра птушак). Не аперыліся птушкі, Ды лятуць з гнязда ў служкі. Бічэль-Загнетава.

2. перан. Падужаць, пасталець (пра людзей). Пабыўшы з год на вольным паветры, Людміла паправілася, або, як жартуючы пра яе казалі, аперылася; паружавелі шчокі, сама яна падрасла, аформілася як дзяўчына. Гурскі. // Палепшыць, замацаваць сваё матэрыяльнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Ствараць крык, падобны на гукі «кар-кар». Толькі ў вершалінах дрэў прарэзліва каркалі вароны ды звінелі на розныя галасы іншыя дробныя птушкі. Якімовіч.

2. перан. Разм. Прадказваць няўдачу, няшчасце, бяду. — Бачыш, піянер, як кіпіць работа! Яшчэ ж год назад знаходзіліся такія, што каркалі, быццам у калгасе ніхто працаваць па-сапраўднаму не будзе. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаго́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Дабрадушны, ласкавы. Вася быў лагодным і не памятлівым на зло чалавекам. Мележ. Помню маму ў дні свят — паружавелую, гаманлівую і бясконца лагодную... Марціновіч.

2. Мяккі, прыемны. Лагодная ўсмешка. Лагодны настрой. □ Пашумліваў вецер лагодны, ласкавы. Колас. Стаяла ціхае, лагоднае летняе надвор’е. Кавалёў. У пакой улятаў лагодны шум вясковага лесу, наперабой спявалі птушкі. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўто́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што нельга здаволіць, наталіць. Няўтольны голад. Няўтольная смага. □ Некаторыя птушкі маюць няўтольны апетыт. Гавеман. / Пра пачуцці, перажыванні і пад. Жалі парабчанкі — і ціха луналі іх песні над полем, песні жальбы і скаргі, песні гора няўтольнага. Хадкевіч. Перада мной [аўтарам], па сутнасці, былі толькі руіны крэпасці, а ў сэрцы — няўтольнае жаданне напісаць аб іх. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уразбро́д, прысл.

У беспарадку, паасобку, нядружна. Курсанты павярнуліся ўразброд. Новікаў. Птушкі выбраліся скора, Чарадою і ўразброд. Глебка. Некаторыя [дзяўчаты] спужаныя ад нечаканасці, другія са здзіўленнем адарваліся ад працы, паспешна разагнуліся, прывіталіся ўразброд... Васілевіч. // перан. Без лагічнай паслядоўнасці (пра думкі, словы і пад.). Людзі перагаворваліся вяла, за няшчырымі ўразброд словамі хаваліся нейкія важныя думкі, а можа, і справы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́ўка, ‑і, ДМ цэўцы; Р мн. цэвак; ж.

1. Спец. Дэталь перадатачнага механізма цыліндрычнай формы.

2. Прыстасаванне ў выглядзе трубкі, на якое навіваюцца ніткі і якое ўстаўляецца ў чаўнок пры тканні. Кужаль Маланка снавала, Цэўкі сукала і ткала. Купала. А потым.. [Фядора] сама памагла Анюце сукаць цэўкі. Васілевіч.

3. Косць у назе птушкі, якая знаходзіцца паміж галёнкай і пальцамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пі — пра падачу машынай гуку (мсцісл., Нар. лекс.), пібіп! — аўтамабіль дае сігнал (полац., Нар. лекс.). Новыя гукапераймальныя словы. На паўднёваславянскай тэрыторыі выклічнік pi, pi‑ звязаны з падзываннем свойскай птушкі, гукаперайманнем птушыных галасоў і ўваходзіць у назвы некаторых птушак (гл. Скок, 2, 659; Бязлай, 3, 38).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́рай, вы́рый ’цёплыя краіны, куды птушкі адлятаюць восенню; чарада пералётных птушак (або адна птушка), якія першымі з’яўляюцца вясной’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Гарэц., Мал., Нікольскі, Федароўскі, 1), вы́рііптушкі, якія прылятаюць вясной і адлятаюць восенню’ (КЭС), выро́я (Мядзв.), вы́рья, вы́рія ’тс’ (Яшк.). Рус. и́рей, и́рий, род. скл. и́рья ’паўднёвы цёплы край, куды птушкі адлятаюць на зіму; казачная краіна’, вы́рей ’жаваранак; усякая птушка, якая адлятае восенню’; ’казачная краіна’, ст.-рус. ирии, род. скл. ирьꙗ ’паўднёвыя краіны’, укр. ви́рей, ви́рій, польск. дыял. wyraj ’тс’. Па традыцыйнай версіі запазычанне з іран. *airyā (dahyu‑) ’арыйская краіна’; параўн. асец. ir ’асеціны’ (Фасмер, 2, 137 і наст.; там жа падрабязна і інш. літаратура). Гіпотэза Брукнера (195) аб прыстаўцы і‑ і сувязі з рай непераканаўчая. Ільінскі (РФВ, 74, 139) зыходзіць з *vyrojь, што тлумачыць укр. ви́рій, але па прычыне існавання ст.-рус. ирии укр. форма, відавочна, — вынік народнай этымалогіі. Паводле Мартынава, БЛ, 1975, 7, 69, крыніцай усходнеслав. слоў (польск. wyraj < бел. вырай) з’яўляецца заходнебалт. pluralia tantum *i̯uriai̯ (ст.-прус. iuriay ’мора’), якое адпавядае рус. ирей (i̯ū > i̯i). Бел. і ўкр. формы ўзніклі ў выніку пераўтварэння фразеалагізма *vъ irejь ’у вырай’. Апрача таго, на сучаснай Гродзеншчыне (старажытная заходнебалтыйская тэрыторыя) існуе паданне пра тое, як птушкі збіваюцца зімой у вялікі шар, які апускаецца ў мора. Аб сувязі славянскіх слоў з балт. формамі гл. таксама Безлай, ССл., 1976, 5, 65 і наст.

Вы́рай2 ’новы населены пункт, новая асобная гаспадарка’ (Яшк., слаўг.). З *vyrojь?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́гаўка, пікоўка ’кнігаўка’ (навагр., Нар. сл.; шальч., лід., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; воран., навагр., стаўб., ЛА, 1). Гукапераймальнае. Ад пі‑гі! — крыку птушкі. Адсюль непасрэдна пігіца, пігіца, пііца ’кнігаўка’ (воран., іўеў., Сцяшк. С.п.; ашм., шальч., ігн., Сл. ПЗБ; ЛА, 1). Сюды ж пі галка (валож., ЛА, 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)