наве́к і наве́кі, прысл.
Назаўсёды, на ўсё жыццё. Здавалася, што гаспадар меў перад сабою мэту паставіць будынак і абгарадзіць яго навек. Чорны. Навек пакінуў ты [Гастэла] глыбокі след У неўміручай памяці народнай. Аўрамчык. О, як бы нам хацелася здабыць Навекі мір для роднае краіны! Панчанка. Быццам памаладзееш, як нагаворышся аб далёкім ды навекі блізкім юнацтве. Кулакоўскі.
•••
Заснуць навекі (навек) гл. заснуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кара́лі, ‑яў; адз. караля, ‑і, ж.
Упрыгожанне з каралавых або іншых каштоўных камянёў, якое надзяваецца на шыю. У чорнай, глыбока дэкальтаванай сукенцы, з белымі каралямі на шыі Зіна была вельмі прыгожая. Шыцік. // перан. Пра ўсё, што нагадвае такое ўпрыгожанне. Рабіна надзела каралі І ўстала ля самай дарогі. Буйло. На полымя апалі Дзве расінкі — дзве каралі З цёмна-сіняга галля. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. у што, чым і без дап. Забрудзіць, вымазаць. Максім запэцкаў рукі і гімнасцёрку ў ліпучую смалу. Шамякін. Барада за гэтыя дні адрасла, і здаецца, што гэта .. [Раман] твар свой нечым запэцкаў. Чорны.
2. перан. Зняславіць, зганьбіць. Маёй душы нікому не запэцкаць. Панчанка. А я ганарлівы, што ў палкіх гадах Імкненні свае не запэцкаў. Лявонны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перуно́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да перуна (у 1 знач.). Чорнае дупло, у якім хаваліся ад дажджу, стала яшчэ большае, ды верхавіна ад перуновага ўдару крыху расшчапілася і засохла. Ляўданскі. Спевы, грукат перуновы Слухаць буду рад, Толькі не грымі ты, лесе, Грукатам гармат. Русак.
2. перан. Аглушальны, вельмі моцны, гулкі. Размахнуўся з-за пляча гранатай — Раз! — і грымнуў перуновы выбух. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ча́ра, ‑ы, ж.
Паэт. Пасудзіна для піцця віна. А пасля па чары «Цынандалі» Вып’ем за здароўе тых сяброў, Што сягоння ў далёкіх далях Б’юцца за Бабруйск і Магілёў. Панчанка. Хочацца сціснуць далоні, У поглядзе дружбу спаткаць, Поўныя накіпам, звонам Хмельныя чары падняць. Танк. / у вобразным ужыванні. Я з кожным днём раблюся больш цвярозым, хоць з большай смагай чару п’ю жыцця. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шматфа́рбны, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і шматкаляровы (у 1 знач.). Яны [каменьчыкі] шматфарбныя, бліскучыя, празрыстыя; у іх дзівосныя імёны: Халцадон, Сердалік, Нефрыт... Брыль.
2. перан. Яркі, каларытны. Шматфарбны свет у мае ўваходзіць знічкі, Каб акунуцца ў крыніцу сэрца І песняй непаўторнай празвінець. Панчанка. Шматфарбная краса формы нішто, калі ў ёй няма ніякага зместу, — такую выразную думку ўклаў у гэты верш паэт. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзю́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.
Разм.
1. Кляваць, дзяўбаць (пра птушак).
2. Удараць, кляваць чым‑н. вострым. [Разносчык газет] дзюбае жалезнай палкай па тратуары і крычыць: — Купляйце! Купляйце газету! Сабаленка. // Ударацца аб што‑н., пакідаючы след. Аганёк паўзе па мосце, А услед бяжыць Дзіега. Ён не чуе, як навокал Кулі дзюбаюць жалеза. Панчанка.
•••
Дзюбаць носам — тое, што і кляваць носам (гл. кляваць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гумно́, ‑а́; мн. гу́мны (з ліч. 2, 3, 4 гумны́), ‑мен і ‑наў; н.
1. Вялікая халодная будыніна для складвання і абмалоту збожжа. Бясконцым патокам у гумны Снапы залатыя плылі. Панчанка. У новым калгасным гумне гула і пастуквала арфа: перапускалі насенне. Чорны.
2. Пляцоўка перад гэтай будынінай. Брыгада Івана Іванавіча канчала звозіць снапы на калгаснае гумно. Кавалёў. Люба выйсці, прайсці па лагу, па гумне. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бай 1, бая, м.
У дарэвалюцыйны час у Сярэдняй Азіі — буйны землеўладальнік; багач. Ён [Джамбул] калісьці дзяўчыну-красуню кахаў, Тлусты бай яго ластаўку сілай забраў. Панчанка.
бай 2, бая, м.
Разм.
1. Міфічная істота дзіцячага фальклору, якая расказвае байкі, казкі. Бег бай па сцяне ў чырвоным жупане. З нар.
2. Гаварун, пустамеля.
3. Пагалоска, паданне. Ходзіць вецер долам Лёгкаю паходкай І вядзе свой бай. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
межава́ць, мяжую, мяжуеш, мяжуе; незак.
1. Разм. Тое, што і межавацца (у 1, 2 знач.). Той куток Беларусі, дзе я нарадзіўся, межаваў некалі па Дзвіне з Заходняй Беларуссю, якая ў той час была акупіравана Панскай Польшчай. Хадкевіч. Для чалавека любой эпохі падарожжа ў космас будзе рамантыкай, якая мяжуе з летуценнем. Шыцік. Мяжуе гора з добрай радасцю... Панчанка.
2. што. Вызначаць межы ўчасткаў пры падзеле зямлі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)