узро́вень, ‑роўню, м.

1. Умоўная гарызантальная лінія або плоскасць, якая з’яўляецца мяжой вышыні чаго‑н. Сонца апусцілася на ўзровень маладых сосен. Шамякін. Хвілін праз пяць .. [Раман] падняў на ўзровень грудзей ляшча і гукнуў: — Во!!! Ляўданскі. Дом быў злеплены так недарэчна, што вокны ў ім знаходзіліся па розных узроўнях. Маўр. // Вышыня пад’ёму вады або чаго‑н. вадкага. Вада ў Нарачы безупынна папаўняецца шматлікімі крыніцамі як па берагах, так і на дне возера, і таму ўзровень яго ніколі не зніжаецца. В. Вольскі.

2. перан. Ступень, якая характарызуе якасны стан, велічыню развіцця чаго‑н. Жыццёвы ўзровень. Ідэйны ўзровень. Узровень механізацыі гаспадаркі. □ Тэхнічны ўзровень савецкай эканомікі цяпер пераўзыходзіць дасягненні сусветнай капіталістычнай гаспадаркі, а ў многіх галінах — і найбольш разбітых капіталістычных краін. Машэраў.

•••

Нулявы ўзровень — узровень паверхні мора.

На ўзроўні (быць, знаходзіцца і пад.) — у адпаведнасці з неабходнымі патрабаваннямі.

На ўзроўні каго-чаго, якім — у якім‑н. пэўным рангу, у якой‑н. інстанцыі. Вырашаць пытанні на ўзроўні міністраў. Сустрэчы на вышэйшым узроўні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зараўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Запоўніўшы чым‑н., зрабіць на ўзроўні з якой‑н. паверхняй. Зараўнаваць яму. □ Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі Мы рэйкі праложым, збудуем масты, Равы зараўнуем, засыплем плугамі. Броўка. // Зняць няроўнасці з якой‑н. паверхні; зараўняць. Зараўнаваць зямлю.

зараўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.

Пачаць раўнаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трызу́бец, ‑бца, м.

Жазло з трыма зубцамі — атрыбут бога мораў у грэчаскай і рымскай міфалогіі. Трызубец Нептуна. // Прылада ў выглядзе наканечніка з трыма вострымі зубцамі на доўгім дрэўку; мае рознае прызначэнне. [Янук] змоўк. Шырокі, белы ад вастрыні трызубец восцяў вісеў на ўзроўні яго вачэй. Караткевіч. Гушчар павалены адкідвай Трызубцам вострым, што ў руках. Пысін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ашо́рстак ’жэрдка ў гумне, прымацавання паміж сохамі на ўзроўні сцен; ашорстак быў раней таксама ў хатах’ (лях., Янк. Мат.), ’жэрдка ў хаце, на якую вешалі адзенне’ (Сержп., ЭШ, рук.). Ад шост з устаўным р, параўн. шо́рстак (Касп.), шо́стак ’тс’ (П. С.), відаць, пад уплывам шорсткі і пад.; а прыстаўное, як у ахлеў (хлеў), афіранка і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спа́сці, 1 і 2 ас. не ўжыв., спадзе́; спаў, спа́ла; зак.

1. Упасці ўніз, аддзяліўшыся ад чаго-н., не ўтрымаўшыся на чым-н.

Абруч спаў з кадушкі.

2. Пайсці на спад, панізіцца ва ўзроўні (пасля паводкі).

Пасля паводкі вада спала.

3. Стаць меншым у сіле праяўлення, аслабець; меншаючы, знікнуць.

К вечару тэмпература ў дзіцяці спала.

Пухліна на руцэ спала.

Спасці з цела (твару) (разм.) — схуднець.

|| незак. спада́ць, -а́е.

|| наз. спад, -у, М -дзе, м. (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шо́ры, -аў.

1. Цвёрдыя пласцінкі, прымацаваныя да вуздэчкі на ўзроўні вачэй, якія не даюць магчымасці каню глядзець па баках.

Хто згадзіўся надзець ш., той надзене і хамут (прыказка).

2. У парнай запрэжцы: збруя без дугі і хамута, са шлеямі (гл. шляя ў 2 знач.; спец.).

3. перан. Тое, што перашкаджае каму-н. правільна разумець наваколле; абмежаванасць (кніжн.).

Ш. на вачах у каго-небудзь.

Ш. некультурнасці.

Браць у шоры, трымаць у шорах каго (разм.) — строга абмяжоўваць чые-н. дзеянні, свабоду дзейнасці.

|| прым. шо́рны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шту́рхаць, -аю, -аеш, -ае; незак.

1. каго-што. Рухаць ад сябе, кранацца рэзкім рухам, кароткім ударам.

Ш. у спіну сяброўку.

Ш. тачку.

2. Трымаючы на ўзроўні плячэй, рэзкім моцным рухам паднімаць над сабой (штангу, гіру) або штуршком кідаць наперад (звычайна ядро; спец.).

Ш. ядро.

Ш. штангу.

3. перан., каго (што). Прымушаць да чаго-н., садзейнічаць сваім умяшаннем развіццю чаго-н.

Ш. каго-н. на нядобры ўчынак.

|| зак. штурхану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ і штурхну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.

|| наз. шту́рханне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Кажухо́ваць, акажуховаць хату ’ашаляваць’ (Федар., рук.), кожухіўка ’шаляваная сцяна’ (кам., Нар. сл.). Рус. арл., болх., свярдл., с.-ур. кожушить ’шаляваць’, кожушка ’абшалёўванне’, польск. kożuchować ’шаляваць’, kożuchowanie, апошняе вядома з першай палавіны XVI ст., відавочна, прапускае. Бел. слова паводле фармальных адзнак і лінгвагеаграфіі неабходна лічыць паланізмам. Польск. да kożuch ’пакрыццё, аблямаванне’, параўн. дыял. kożuch ’аблямаванне з гліны, якое пакрывае ганчарную печ’. Рус. таксама вытворнае ад кожух, аднак статус яго (суадносіны з польск. словам — запазычанне? незалежныя ўтварэнні?) няясны, патрабуецца распрацоўка пытання на ўзроўні рэалій.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падмо́сткі, ‑аў; адз. няма.

1. Драўляны памост на ўзвышэнні; часовы памост. У глыбіні сасонніку прасвечвалі часова змайстраваныя дашчаныя падмосткі, якія павінны былі замяніць сцэну. Броўка. // Разм. Падстаўка з чаго‑н. Дастаць да.. [акенца] было цяжка, але якраз, на шчасце, на ўзроўні плота пры свірне ляжалі акораныя жэрдкі. Звяруга, перш чым узабрацца на падмосткі, прыслухаўся. Дамашэвіч.

2. Сцэна (у 1 знач.). На падмостках калгаснага клуба з’явіліся спевакі і танцоры. «Звязда». Па падмостках У ззянні агнёў мюзік-хола Негрыцянка пяе. Танк.

•••

Тэатральныя падмосткі — тое, што і сцэна (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пець ’спяваць’ (ТСБМ; Нас.; Некр.; Шат.; Сл. ПЗБ; Бяльк.), ’ствараць розныя гукі ў час раення — звінець, “кохаць” і інш. (пра матку)’ (слаўг., Нар. сл.), ’кукарэкаць’ (мазыр.). Рус. петь спяваць’, ’адпяваць нябожчыка’, ’гусці (пра мух)’, ’звінець (пра паштовыя шамкі)’, стараж.-рус. пѣти, польск. piać ’спяваць (пра пеўня)’, чэш. pěti ’спяваць’, ’усхваляць’, славен. pẹ́ti, макед. пее, балг. пе́я. У іншых слав. мовах — з пачатковым s‑ (z‑). Прасл. *pěti, *pojǫ < і.-е. *poi̯‑. Трубачоў (ВСЯ, 4, 1959, 135) тлумачыць прасл. *pěti як каўзатыў ад дзеяслова *ріtі ’піць’, што пацвярджаецца тоеснасцю форм 1 ас., параўн. пою ’даю піць’ і пою ’спяваю’. Тут перанос значэння ’паіць’ > ’спяваць, усхваляць’ узыходзіць да паганскага абраду ахвярнай, пахавальнай выпіўкі. Паводле Аткупшчыкова (Этимология–1984, 196), разыходжанне адбылося на ўзроўні старажытных асноў (*poi̯‑ti > пѣть пры poi̯‑ti > поить).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)