но́сік, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да нос (у 1 знач.). Зося весела засмяялася, ад чаго яе малы кірпаты носік яшчэ больш задраўся ўгору. Ваданосаў.

2. Частка чайніка, збана і пад., праз якую выліваюць вадкасць.

3. Вострая або завостранай формы частка якога‑н. прадмета. Носік касы. □ Прыстаўляючы руку да носіка кожнага яечка, я прасвечваў іх на сонцы, глядзеў, ці свежыя яны. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упа́свіць, ‑су, ‑сеш, ‑се; ‑сем, ‑сяце, ‑суць; пр. упасвіў, ‑віла; заг. упасі; зак., каго.

1. Змагчы пасвіць. Не ўпасе кароў адзін пастух. // перан. Разм. Выгадаваць, дагледзець, выхаваць. — Да трох год, кажуць, качай [дзяцей], як яечка, да сямі пасі, як авечку. А падрастуць, дык і не ўпасеш, бывае. Ермаловіч. Паспрабуй, угледзь нават трох — зайцоў і тых не ўпасеш, а тут людзі. Чыгрынаў.

2. Разм. Адкарміць на падножным корме.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́дала, ‑а, н.

1. Жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія садзяцца ноччу куры; курасадня. Пад павеццю на седале закудах[т]ала курыца. Рылько. Седалы і гнёзды для нясушак зрабіў Вацлаў Нехвядовіч, які аказаўся на дзіва кемлівым птушнікам. Б. Стральцоў. [Стэфка:] — Курачкі цяпер на седале, то ідзі злаві мне адну, Сымонка. Чарнышэвіч. // Месца, дзе гняздзяцца птушкі. Ужо каторы раз над намі моўчкі і паспешліва праляталі на свае седалы самыя познія вароны. Кулакоўскі. Сам арол вісеў галавою ўніз, безупынку лопаючы крыламі. Вось яму ўдалося зноў уладкавацца на сваім седале. Беразняк.

2. Гняздо ў куратніку, дзе нясуцца куры або выседжваюцца кураняты. Яечка — рэдкая прыемнасць у Ганьчыным жыцці. Ганька толькі збірае яйкі на седале і складае іх у стары зялёны макацёр. Васілевіч. У сярэдзіне мая маці пасадзіла на рэшата сапраўдную квактуху Чубатку. — А тваю, відаць, пара з седала выкідаць, — сказала яна да Мані. Якімовіч.

3. перан. Разм. Месца, дзе чалавек пражыў шмат год; абжыты куток. Было страшна, што адарвешся ад роднага седала ды і згубішся ў людзях. Асіпенка. Нейкі час Надзя глядзела засяроджана на сваё колішняе седала, і хоць усё для яе было тут звыклае і роднае, глядзела і не верыла сваім вачам. Гроднеў. // Наседжанае месца або прыдатнае для сядзення месца. Антон праверыў усе вуды, начапляў новых чарвякоў, пажыў рукі і, крыху адышоўшыся ад вады, пачаў рыхтаваць седала — стаяць над вудамі ён ужо стаміўся. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)