патэ́тыка, ‑і, ДМ ‑тэтыцы, ж.

Патэтычны, усхваляваны тон. Народнасць адчування жыцця — вось вызначальная стыхія стылю «Новай зямлі» [Я. Коласа], дзе пачуцці, эмоцыі падаюцца ў складанай гаме, дзе смех суседнічае са смуткам, патэтыка з афарбаванымі элегічнасцю радкамі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае эмоцыі; выкліканы эмоцыямі, напоўнены эмоцыямі. Эмацыянальная прамова. Эмацыянальная гульня. □ А па вачах было відаць, што жанчына кожную хвіліну жыве багатым эмацыянальным жыццём. Арабей. І ўсё ж ад эпізода да эпізода фільм набірае тэмп і пругкасць, расце эмацыянальны напал падзей. «ЛіМ».

2. Здольны жыва рэагаваць на што‑н.; не разважны, нястрыманы. Эмацыянальны характар. Эмацыянальны чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́дыя, ‑і, ж.

Перыяд, этап у развіцці чаго‑н., які мае свае якасныя асаблівасці. Імперыялізм — апошняя стадыя капіталізму. Туберкулёз у апошняй стадыі. □ Але ў гэты момант напружанне даходзіць да такой стадыі і так узбуджае эмоцыі, што на хвіліну да мяне нават вяртаецца здольнасць адчуваць пахі. Карпюк. Эндшпілем называецца заключная стадыя [шахматнай] партыі. «Маладосць».

•••

Светлавая стадыя — стадыя развіцця расліны, у праходжанні якой вядучую ролю адыгрываюць умовы асвятлення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмо́цыя, ‑і, ж.

Пачуццё, перажыванне чалавека. Эмоцыя радасці. Эмоцыя гневу. □ — Вы разумееце, што ўсё гэта азначае? — Ці, як легкадумны хлапчук, вы, акрамя сваіх эмоцый, нічога ведаць не хочаце? — гаварыў Рымар. Арабей. І .. [салдату] хоць бы на гадзіну ў тыдзень-другі неабходна забыцца, перавесці свой зрок і слых на іншае, што выклікала б у яго больш прыемныя эмоцыі... Ракітны. // Разм. Знешняе праяўленне пачуццяў, перажыванняў. Чалавек эмоцый, Шыковіч не стрымаўся — і ўголас вылаяўся, калі прачытаў гэта. Шамякін.

[Фр. émotion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камента́рый, ‑я; Р мн. ‑яў; м.

1. Тлумачэнне да якога‑н. друкаванага тэксту ў форме заўваг, зносак і пад. Фразеалогія арыгінала, захаваная [у перакладзе] Янкам Купалам, не патрабуе.. каментарыяў. Яна зразумела. Палітыка. // часцей мн. (камента́рыі, ‑яў). Выданне з тлумачэннямі да якога‑н. твора. Каментарыі да карт Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы. Выданне твораў Я. Коласа з каментарыямі.

2. часцей мн. (камента́рыі, ‑яў). Крытычныя і тлумачальныя разважанні на якую‑н. тэму. «Як прыгожа пахне лес, луг, рака і поле», — цытаваў Музін Краскіна і тут жа падсалоджваў уласнымі каментарыямі: «Колькі эмоцыі ў гэтых радках». Рылько.

[Лац. commentarius.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)