ашчаджа́цца, ‑аецца; незак.

1. Эканомна, з асцярогаю выдаткоўваць. Напэўна, ні адна беражлівая гаспадыня не ашчаджаецца так, як ашчаджаліся нашы лесарубы. Пальчэўскі.

2. Зал. да ашчаджаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхо́давацца, -дуюся, -дуешся, -дуецца; -дуйся; зак. і незак.

1. Патраціць (траціць) грошы на што-н. (разм.).

Р. на пакупкі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Патраціцца (траціцца), пайсці (ісці) на што-н.

Масла расходуецца эканомна.

|| зак. зрасхо́давацца, -дуюся, -дуешся, -дуецца; -дуйся.

|| наз. расхо́даванне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

экано́мны, -ая, -ае.

1. Які ашчадна расходуе што-н., які садзейнічае эканоміі (у 2 знач.), сціплы ў расходах.

Эканомная гаспадыня.

Эканомна (прысл.) расходаваць ваду.

Э. ў пакупках.

2. Які патрабуе невялікіх затрат, дазваляе абысціся меншай колькасцю чаго-н.; эканамічны.

Э. від рухавіка ўнутранага згарання.

|| наз. экано́мнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

безгаспада́рлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць безгаспадарлівага; няздольнасць умела і эканомна кіраваць гаспадаркай. Вось яму [старшыні суседняга калгаса] «Сокала» пасылаць не варта: абавязкова папракне ў фанабэрстве, у безгаспадарлівасці.. бо сам ён гаспадар эканомны і сціплы. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашчаджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Эканомна, з асцярогаю выдаткоўваць; захоўваць. Усё ж выдаткі на будаўніцтва былі выдаткамі: як ні ашчаджаў Бабейка, як ні выкручваўся, эканомячы, дзе можна, а грошы цяклі, нібы праз пальцы. Хадкевіч.

2. перан. Берагчы, ахоўваць. [Маці] павінна была пільнаваць, ашчаджаць [Міколку] сон. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашча́дна, прысл.

З ашчаднасцю, беражліва; эканомна. Я .. хацеў зірнуць праз вагоннае акно на знаёмыя месцы, а пасля выйсці на перон станцыі, з імем якой так багата звязана таго, што я ашчадна нашу ў сваёй памяці. Галавач. Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілу, мерным спрактыкаваным рухам вадзіў.. [Васіль] касою. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́штукаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Разм. Змайстраваць што‑н., разумна камбінуючы, эканомна выкарыстоўваючы матэрыял; выгадаць, выкраіць. Выштукаваць цацку. □ Разам з тым Лапко ўмудрыўся выштукаваць тут і цэлы пакой для галоўнай свінаркі. Колас. Быў Сахрон майстра на ўсе рукі — ён мог зляпіць печ і грубку, падбіць чаравікі, пашыць боты, выштукаваць раму, пашкліць вокны. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экано́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. што. Разумна расходаваць, эканомна выкарыстоўваць. Святлану на ўсіх сходах у прыклад ставілі — што і рабіць стараецца, нормы перавыконвае, гаруча-змазачныя матэрыялы эканоміць. Місько. Сувязь абарвалася. Павел яшчэ раз праверыў кірунак, адзначыў месца, дзе застаўся карабель, і выключыў ліхтар. Трэба было эканоміць электраэнергію. Шыцік. // Выкарыстоўваць найбольш мэтанакіравана, ашчадна. Эканоміць кожную мінуту рабочага часу. □ Быў аддадзены загад дыверсійным групам эканоміць тол. Усе адчувалі — рыхтуецца нейкая вялікая аперацыя. Дзенісевіч.

2. Максімальна скарачаць выдаткі. Эканоміць на матэрыялах. □ Білеты былі вельмі дарагія і пасля прыходзілася моцна эканоміць, сядзець на хлебе і вадзе. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

берагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.

1. Захоўваць цэлым, не расходаваць. — Можа трошкі віна і знайшлося б, — усміхнулася настаўніца, — але мы яго беражом для раненых. Маўр. // Вельмі эканомна, беражліва расходаваць. Пры другіх абставінах Платон Дулеба і сам арганізаваў бы абстрэл самалётаў, але цяпер трэба было берагчы кожны патрон. Шчарбатаў. // Ашчадна карыстацца якімі‑н. рэчамі, імкнуцца захаваць іх у найлепшым стане. — Ты кнігу беражы, сынок, Прыходзь часцей у госці! Агняцвет.

2. Клапатліва ахоўваць каго‑, што‑н., засцерагаць ад чаго‑н. [Арына] сама любіла і берагла свайго бацьку. Кавалёў. [Маці:] — Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка. [Пітолін:] — Неяк раз на зборы перад усімі праводзіў гутарку, як трэба берагчы баявыя традыцыі. Грамовіч. // Захоўваць у памяці, помніць. Берагчы наказ бацькоў.

•••

Берагчы сваю шкуру — клапаціцца, думаць толькі пра сябе.

Берагчы як зрэнку вока — старанна, беражліва захоўваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)