пярэ́сціна, ‑ы, ж.

Разм. Вялікая пляма другога колеру на шэрсці жывёлы, пер’і птушак. На плоце, што адгароджваў гэты двор ад вуліцы, стаяў на моцных шышкаватых нагах прыгожы і магутны певень — шыза-чырвоны, з доўгімі залацістымі пярэсцінамі на шыі. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разумо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з дзейнасцю розуму, свядомасцю. Разумовыя здольнасці. Разумовае напружанне. Разумовае развіццё. // Які патрабуе напружанай працы розуму, думкі. Разумовая праца.

2. Які існуе або ўяўляецца толькі ў думках. І разумоваму зроку слухачоў упершыню з-за шыза-ліловай заслоны стагоддзяў паўставалі вобразы, тварэнні невядомых забытых майстроў, дойлідаў. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спяко́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі гарачы, душны. Стаяў спякотны летні дзень. Сонца хоць і пераваліла за поўдзень, але пякло неміласэрна. Чарнышэвіч. Лета ў гэтым годзе выдалася спякотнае і сухое. Хомчанка. Цяжка ў пасёлку з вадой. Калодзежаў тут небагата, ды і ў тых часта ў спякотнае лета вада перасыхае. Бяганская. // Прасякнуты спёкай, надзвычай нагрэты. Вырысоўвалася праз спякотную шыза-белую дымку цёмная паласа лесу. Шамякін. Калі пачаўся гэты подзвіг? У катлаване? Ці тады, Калі вятроў спякотных подых Адчуў геолаг малады. Панчанка. Там спякотнымі вятрамі Выпалена цаліна, Ды туды з будаўнікамі Едзе красная вясна. Зарыцкі.

2. Такі, якому ўласціва спякота. Спякотны стэп. □ Магілёўская ціхая вёска. Курная хата. Як далёка яны ад Мадрыда, Ад спякотнай Іспаніі. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)