бліжэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. блізкі (у 1, 3, 4 і 5 знач.). Бліжэйшы грукат заглушае грукат далёкі. Брыль. З бліжэйшай хваіны, да якой была прымацавана шпакоўня, лілася вясёлая птушыная песня. Кулакоўскі.

2. Які надыходзіць раней за астатнія. І вось у бліжэйшы выхадны дзень краязнаўчая экспедыцыя на чале з Віктарам Сяргеевічам рушыла ў Забалоцце. Якімовіч.

3. Першачарговы. Усе бліжэйшыя задачы прадуманы і абмеркаваны, і цяпер старшыня са спакойнай душой ішоў дадому. Васілевіч.

4. Самы пільны, непасрэдны. Пры бліжэйшым разглядзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узне́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. узнёсся, ‑неслася; заг. узнясіся; зак.

1. Падняцца ўверх, у вышыню; узляцець. На лётных пляцоўках, у зацішных пералесках гатовы штохвіліны ўзнесціся ўгору грозныя паветраныя крэпасці. Шынклер. Якім падобным на стралу зрабілі ТУ–104 — Срэбны лайнер той, Што ўзнёсся над прасторамі Сібіры, Каб апынуцца недзе за Чытой!.. Кусянкоў. Вы [касманаўты] ўзнесліся туды, высока, І плылі ў міжзорным акіяне... Буйло. // Накіравацца ўвысь, узвысіцца. Той хвілінай я думаў пра шчасце, А яшчэ — пра Сінія скалы, Што ўзнесліся горда Над горадам Слівенам. Гілевіч. І бяроза, што ўзнеслася над хатай, тая ж, статная і прыгожая. Шашкоў. Новенькая беленькая шпакоўня ўзнеслася над яшчэ голымі кронамі невялічкага маладога садка. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Стаць ганарыстым, фанабэрыстым, пагардлівым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)