бе́гаць, бе́гаю, бе́гаеш, бе́гае; незак.

1. Тое, што і бегчы (у 1 знач.), але абазначае дзеянне, якое адбываецца шматразова ці ў розных напрамках.

Мурашкі бегаюць.

2. Часта бываць у каго-н., хадзіць да каго-н.

Б. па хатах.

3. за кім. Заляцацца да каго-н. (разм.).

Б. за дзяўчынай.

4. Займацца бегам як спортам.

Б. хутчэй за ўсіх.

5. Хутка рухацца, мільгацець (аб прадметах, пальцах, вачах і пад.; разм.).

Вочы так і бегаюць, як у злодзея.

Па завуголлі бегаць (разм., неадабр.) — пазбягаць працы.

Па нітачцы бегаць (разм., неадабр.) — быць паслухмяным, дысцыплінаваным.

|| наз. бе́ганне, -я, н. (да 1 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Жва́ка, жва́чка ’ежа (або нейкі прадмет), што шматразова перажоўваецца’ (ТСБМ). Рус. жвак, жва́ка, жва́чка, укр. жва́ка, жва́чка ’тс’, серб.-луж. žwak, в.-луж. žwačk, н.-луж. žwack ’тс’, балг. дыял. жва́ка, жва́чка ’тс’, серб.-харв. жва́ка ’тс’, жва̑к ’жавок, адзін рух сківіц пры жаванні’. Няма сумнення пра корань *žьv‑a‑ (гл. жава́ць). Далейшае ўтварэнне або ад жвакати бяссуфіксным спосабам (Лідэн у Зб. Міккале, 120, паводле Фасмера, 2, 37) або з суфіксам ‑к‑, як драка (Шанскі, 1, 5, 279), і памяншальным ‑ьк‑а (параўн. драчка), што больш верагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

валачы́ць, ‑лачу, ‑лочыш, ‑лочыць; незак.

1. каго-што. Тое, што і валачы; розніца толькі ў тым, што валачыць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова і ў розны час. Валачыў воўк, павалаклі і ваўка. Прыказка.

2. што. Разм. Насіць (пра адзенне). Скінь лахманы, што доўгія векі, Ты валачыла з кастры, з палыну. Купала.

3. перан., што. Весці бязрадаснае, цяжкае жыццё. [Старац:] Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна. Купала. Гэта была гнедая, яшчэ не да смерці худая кабылка, якраз тая гарапашніца, што валочыць сялянскую горкую долю. Брыль.

4. што. Спец. Рабіць валачэнне. Валачыць дрот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тры́дзевяць ‘вельмі многа, няпэўная колькасць’: сядзіць маць Прачыста на прыстоле і дзержыць трыдзевяць ключы ў прыполе (БНТ, Зам.), ‘дваццаць сем’: у камори стоиць тридзевяць дубовых; тридзевяць скацерсци шавковыя (Рам. 5), у 1930‑я гады адпавядала тро́йчы дзе́вяць (Некр. і Байк.); сюды ж трыдзевя́ты: трыдзевятае царства ‘вельмі далёкая краіна, зямля’ (ТСБМ), трыдзевя́тка ‘крынічнік-дуброўка, Veronica chamaedrus L.’ (маг., Кіс.). Параўн. укр. три́девʼять ‘дваццаць сем’, рус. три́девять ‘тс’; ‘многа’: три́девять иминь ‘заклінанне ад ліхіх сіл’, ст.-рус. тридевѧ(т)о (у берасц. грамаце XIII ст., Залізняк, Древненовг.), польск. trzy dziewięcie ‘тры разы па дзевяць (у вясковых лекарак)’, серб. цімак. три́девет ‘дваццаць сем’: чим вода́ ў реку пројде тридевет ка́мена, мож се пије; балг. радоп. три́‑де́ветʼ: три́‑деветʼ по̂́тишматразова’, макед. три‑девет: зад три‑девет планини ‘вельмі далёка’. Праслав. *tri devętь — спалучэнне (гл. тры, дзевяць), якому прыпісваліся магічныя функцыі, асабліва т. зв. патроенай дзявятцы, характэрна, што лічэбнік «дваццаць сем» у замовах не называецца (Лукінова, Числ., 64). Архаізм, які захоўвае рэшткі ліку дзявяткамі (Карскі 2-3, 346), вядомы іншым мовам, параўн. лат. trejdeviņi ‘вельмі многа’, грэч. τρὶς έωφφέα ‘тройчы дзевяць’ (Жураўлёў, Язык и миф, 739). Спалучэнне лічэбнікаў у назве расліны грунтуецца на прыпісанай ёй якасці лячыць ад вялікай колькасці хваробаў (Коласава, Лексика, 139). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 636; Карпенка, Зб. Супруну, 103 (спалучэнне захавалася, бо страціла дакладнае колькаснае значэнне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Прымушаць рухацца, перамяшчацца шматразова або ў розных напрамках (звычайна пра жывёлу). Ганяць коней у прыводзе. □ У гэтым месцы Нёман мелкі і шырокі. І ездзяць, і ходзяць, і жывёлу ганяюць уброд. Колас. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі скаваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа. Брыль.

2. Перакідваць, перакочваць з месца на месца. Па двары ганяць кола аказалася нязручна, яно падскоквала на няроўным бруку і трапляла ў ямкі. Самуйлёнак. Вецер ганяў па вуліцах ашмоцце абпаленай па краях паперы. Савіцкі. // Суправаджаць, вадзіць што‑н., правячы, накіроўваючы. Яшчэ падпаскам бацькаўскі парог Янук пакінуў. У паноў служыў, Рыбачыў, Нёманам ганяў плыты. Танк.

3. Разм. Вадзіць (аўтамашыну, поезд і пад.) на вялікай хуткасці; увогуле вадзіць машыну, ездзіць на машыне. Хлапчукі ганялі па .. [асфальце] траскучыя самаробныя самакаты. «Звязда». Цэлы дзень .. [Анатоль] завіхаўся на будоўлі, кіраваў брыгадай.., ганяў у раён прычэпы па цэглу і шыфер. Шашкоў.

4. Разм. Даваць частыя даручэнні, пасылаць куды‑н. пад прымусам. Стары ляснічы .. Цаніў Міхала, як служаку: Ганяў усюды небараку, Як бы скаціну тую нему. Колас.

5. Праследаваць звера, ісці па яго слядах. Сабака добра ганяе зайцаў. □ [Кастусь] ганяў па лесе вавёрак, спорваў птушыныя гнёзды. Ваданосаў.

6. Прымушаць пакінуць якое‑н. месца; выганяць, праганяць. Ганяць з месца на месца. □ Сёння ёсць вестак у птушак нямала, Спаць вецер не даў ім, ганяў іх з-пад стрэх. Танк.

7. перан.; па чым. Разм. Задаваць многа пытанняў па розных раздзелах вучэбнай праграмы. На другі дзень Багаяўленскі выклікаў Кастуся і пачаў ганяць па граматыцы. С. Александровіч.

8. звычайна без дап. (у злучэнні са словамі «у поле», «на пасьбу» і пад.). Быць пастухом. Цэлае лета ганяў у поле.

9. безас. Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе цябе ганяла?

10. Разм. Акучваць, абганяць (прапашныя культуры). Ганяць бульбу.

•••

Сабак ганяць — гультаяваць, лодарнічаць.

Толькі ваўкоў ганяць; хоць ваўкоў ганяй — пра вялікае пустое або халоднае памяшканне. Ім адным, старым, хоць ваўкоў ганяй — зусім пустая без дзіцяці хата. Васілевіч. Сцены былі яшчэ не патынкаваны.., і, як казала мачаха, зімой у хаце было — хоць ваўкоў ганяй. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́гаць, бегаю, бегаеш, бегае; незак.

1. Тое, што і бегчы, з той розніцай, што бегаць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова ці ў розных напрамках. Бегаць навыперадкі. □ Забыліся, мусіць, каровы, што ў Ігнася пуга доўгая і што моцна ён бегае. Мурашка. / Пра рух машын. А на рэчцы на Арэсе Бегае маторка. Купала. Бегае шпарка на полі жняярка, Жыта паклоны ёй шле. Журба. // Разм. Часта бываць у каго‑н., хадзіць да каго‑н., наведваць каго‑н. [Зося:] — Замаразкі пачыналіся першыя... а я кожную суботу да сваіх бегала вечарамі... Чорны. // Разм. Прабаўляць час, наведваючы каго‑, што‑н., гуляючы дзе‑н. Бегаць па хатах. □ [Маці:] — Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкі бегаць, лепш занёс бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Колас. // Быць на паслугах у каго‑н. У драўляным дамку побач чырвонага касцёла.. [Люба] нанялася падмятаць.., бегаць на пасылках. Чорны. // Разм. Шпарка хадзіць, маючы які‑н. клопат, пільную справу, выконваючы пэўную працу. Так.. [Карн] і бегаў цэлымі днямі з калгаса ў калгас, даючы парады і дапамагаючы наладзіць справы. Дуброўскі. // Разм. Увіхацца, абслугоўваць, даглядаць каго‑н. [Дзед:] — Я дам табе, хлопча, бочку мяса і бочку крынічнай вады, але ты папасі адно лета маіх валоў. Бо сам я сляпы: мне цяжка з імі бегаць. Якімовіч. // Разм. Заляцацца да каго‑н. [Лявон:] — Думаеш, ніхто не ведае, што ты [Юзік] за Аленай Сташэвічавай бегаеш? Чарнышэвіч. // Разм. Знаходзіцца ва ўзрушаным стане, усхвалявана рухацца. Бясконца збянтэжаны бегае па пакоі ў сваім гарадскім доме Няслаўскі. Мурашка.

2. Займацца бегам як спортам. [Наташа] стала фізкультурніцай: хутчэй за ўсіх бегала, вышэй скакала, выдатна плавала. Шамякін. // Імкліва рухацца на каньках, лыжах.

3. Разм. Хутка рухацца (аб прадметах, пальцах, вачах і пад.). Мне ўжо не трэба думаць, на які клавіш націскаць, — пальцы самі бегаюць. Жычка. Пяро ў руках Рыбіна бегае хутка. Пестрак. [Тодаравы вочы] няўпэўнена бегалі па тварах, кані ён аглядаўся на залу. Крапіва. // Разм. Мільгацець (пра рух святла, ценяў, падзенне сняжынак і інш.). Бледныя водсветы палахліва бегалі па вершалінах дрэў. Лынькоў. Густыя цені Бегаюць па сценцы. Колас. Сняжынкі белыя Над полем бегалі, Ляталі, лёгкія І мітусіліся. Глебка. // Разм. Адлюстроўвацца, праяўляцца ў выразе твару (пра ўсмешку). Другі быў кароценькі і шустры, з крываватым носам і гладка пабрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок. Колас. А на [Зосіным] твары .. так і трапятала, так і бегала заварожлівая ўхмылка. Гартны. // Разм. Распаўсюджвацца, ахопліваць сваім дзеяннем. Па сцяне ад гароду пад суднікам і па шырокіх дзвярах бегаў агонь. Пташнікаў.

4. Разм. Пра перыяд палавой актыўнасць ў кароў.

•••

Бегаць як падсмалены — знаходзячыся ва ўзрушаным стане, хутка насіцца.

Мурашкі бегаюць па спіне (скуры, целе) гл. мурашкі.

Па завуголлю бегаць — пазбягаць працы.

Па нітачцы бегаць — быць паслухмяным, дысцыплінаваным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)