Кажухо́ваць, акажуховаць хату ’ашаляваць’ (Федар., рук.), кожухіўка ’шаляваная сцяна’ (кам., Нар. сл.). Рус. арл., болх., свярдл., с.-ур. кожушить ’шаляваць’, кожушка ’абшалёўванне’, польск. kożuchować ’шаляваць’, kożuchowanie, апошняе вядома з першай палавіны XVI ст., відавочна, прапускае. Бел. слова паводле фармальных адзнак і лінгвагеаграфіі неабходна лічыць паланізмам. Польск. да kożuch ’пакрыццё, аблямаванне’, параўн. дыял. kożuch ’аблямаванне з гліны, якое пакрывае ганчарную печ’. Рус. таксама вытворнае ад кожух, аднак статус яго (суадносіны з польск. словам — запазычанне? незалежныя ўтварэнні?) няясны, патрабуецца распрацоўка пытання на ўзроўні рэалій.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
шалява́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шаляваць.
2. Тое, што і шалёўка (у 2 знач.); абшыўка. Я .. паціху, каб не чула маці, — яна акопвала ў гародзе бульбу, аддзіраю ў шаляванні дошку, каб можна было прасадзіць у шчыліну руку і дастаць ластаўчына гняздо. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шалёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шаляваць.
2. зб. Тонкія дошкі, якія ідуць на абшыўку драўляных пабудоў. Сярод двара чарнеюць пад дажджом напілаваныя на цыркулярцы шалёўкі, складзеныя высокім трохкутнікаў, каб не каселі. Ермаловіч. Высокая масіўная брама была збіта ўзорам з нарэзаных шалёвак. Дуброўскі. Пятро доўга ішоў.. паўз абшытыя шалёўкай прысадзістыя дамы — амаль кожны з блакітнымі аканіцамі. М. Стральцоў. // Абшыўка з такіх дошак. Пятро і ў сваім двары быў гаспадар. Хоць дом у яго быў даўні, але жаўцеў шалёўкай, нібы падвошчаны. Ракітны. Чалавек працягнуў паверх шалёўкі калючы дрот, каб не лазілі падшывальцы ў сад, бліжэй перавязаў сабаку. Даніленка.
3. Р мн. шалёвак. Адна з такіх дошак. Выбраўшы паточаную шашалем шалёўку, [стары] скінуў яе на ніз. Брыль.
4. Накладныя планкі вакол акна, дзвярэй. Бярвенне было здаровае, смольнае, шуфляды ў вокнах тоўстыя, і шалёўка на іх шчыльна дапушчана. Чорны. Алёша пачуў, як яго пацягнула ўперад, падняло ўгору ад зямлі аж да верхняй шалёўкі ў акне. Пташнікаў.
[Ад польск. szalówka.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)