Капшу́к1 ’мяшочак для тытуню’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., Арх. ГУ, Арх. Бяльк., Малч., Некр., Клім., Гарэц., Сцяшк., Шн., Янк. 1, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; Яруш., Нік. Очерки, Сержп.), ’сумка для грошай’ (Др.-Падб., Сержп.), ’плавальны пузыр’ (З нар. сл.), ’жывот’ (Жд. 2). Параўн. укр. капшук, капчук ’кісет для тытуню’, рус. капшук, капчук ’кісет, сумка для дробных рэчаў, старая шапка’, польск. kapciuch, kapszuk ’кісет для тытуню’ з бел. як і літ. kapšùkas ’тс’. Усходнеславянскае запазычанне з цюрк. моў. Параўн. татар. kapčyk ’мяшочак’ ад kap ’мяшок’ (Слаўскі, 11, 52, Фасмер, 2, 189, Локач, 94).

Капшу́к2 ’мёрзлая бульба, якая праляжала зіму на полі’ (Жыв. сл.). Параўн. літ. (ap)kapšavóti bùlbe ’абкопваць бульбу’. Магчыма, капшук < літ. kãpčius, kãpšius ’грэбля, яма’, якое ў сваю чаргу з бел. капец (Фрэнкель, 217–218). Гл. капшук4.

Капшу́к3целяпень’ (Жыв. сл.), да капшук2.

Капшук4 ’сажалка на гары з праведзенай ад яе канавай’ (Яшк.) з літ. kãpčius у тым жа значэнні. Літоўская форма з бел. капец (гл. капшук2). Як і капшук2, капшук3, кантамінацыя з капшук1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́льбух ‘трыбух’ (Сцяц.), ‘страўнік, начынены мясам’ (Мат. Гом.), ‘чэрава; страўнік у свінні’ (брэсц., ЛА, 1), ‘жывот, бруха; тоўсты чалавек’ (ТС); ‘вялікі жывот; чалавек з тоўстым жыватом’ (Мілк. Сл.). Сюды ж тэльба́та (гл.), тэльбухава́ты ‘трыбухаты’ (Сцяшк. Сл.), тэльбухова́тый ‘тс’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.; мазыр., З нар. сл.), телʼбуши́ти ‘трыбушыць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. старое польск. дыял. telbuch ‘жывот’. Няясна. Звычайна разглядаецца як варыянт польск. terbuch ‘тс’ з чаргаваннем р/л (Сцяцко, БММ, 2, 209), якое было характэрна для польскай мовы, гл. Брукнер, 567; ЕСУМ, 5, 541, 627; Глухак, 637 і інш. У Брукнера telbuch ‘бруха’, terbuch, trybuch ‘тс’, trybuszyć ‘трыбушыць’ узводзіцца да праславянскага кораня і параўноўваецца з torba (гл. торба). Фасмер адмаўляе роднасць каранёў terb‑ і torb‑ (Фасмер, 4, 96), аднак не выключае сувязі з прасл. *kolbъ, што мае значэнне ‘круглы, выпуклы’, параўн. бел. ке́лбухі ‘кішкі, вантробы’ (гл.) пры коўб2 ‘свіны страўнік’, якое ў выніку замены к > т магло даць разглядаемую форму. Малаверагодна вывядзенне на аснове укр. дыял. телебу́х ‘вантробы жывёлы’, тельбо ‘вялікі жывот; чалавек з вялікім жыватом’ прасл. *tъlbo, *tъlbuch арэальна абмежаванай інавацыі, гл. Шульгач, Слов. етим., 454; адносна яе распаўсюджання гл. Сяткоўскі, Słow. nazwy, 218 (на мяжы Польшчы, Украіны і Беларусі). Няясныя адносіны да прыметніка чэш. tělpatý ‘тоўсты’, якое Махэк₂ (639) параўноўвае з рус. телепень, тельпень, тельпеш, гл. целяпень, цяльпеш. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. ід. telebenden ‘целяпацца, боўтацца’. Гл. таксама цельбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўка́ч1 ’качалка з патоўшчаным круглым канцом, мяла’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Бяльк., Сержп. Прымхі, Варл., Растарг., Сл. ПЗБ, Федар. 4), ’пра някемлівага, дурнога чалавека’ (ТСБМ, Шат.), ’пра непаваротлівага, няспрытнага чалавека’ (Скарбы), ’той, хто замінае, таўчэцца пад рукамі; маруда’ (Сцяц. Сл.), ’целяпень, нязграбны чалавек’ (Гіл., Мат. Гом.), тоўка́ч, товка́ч ’мяла (у ступе), качалка’ (ТС, Арх. Вяр., Вруб., Сл. ПЗБ), таўка́чка ’тс’ (Ян.), ст.-бел. толка́ч ’тс’: толкачи до них железныи два (1518 г., КГС). Укр. товка́ч ’тс’, рус. дыял. толка́ч ’тс’, польск. дыял. tłukacz ’мяла для размінання бульбы для свіней’, ст.-слав. тлъкачь ’мяла’. Назоўнік, вытворны ад таўчы, што да прасл. *telkti, гл. таўкці, таўчы. Меркаванне пра незалежны характар утварэння таўка́ч ’дурань’ гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1166: утварэнне з суф. ‑ач, што абазначае суб’ект дзеяння са значэннем непавагі, грэблівасці, відаць, суадноснае з таўчыся ’сноўдацца без справы’.

Таўка́ч2 ’пачатак кукурузы’ (Сл. ПЗБ), ’катах рагозу’ (Сл. ПЗБ; дзятл., Жыв. сл.; ЛА, 1), товка́ч ’галоўка чароту’ (драг., Нар. ск.), таўка́чык, таўка́чыкі ’палявы хвошч, Equisetum arvense L.’ (Касп., Бяльк., Яўс., Бяльк., ЛА, 1), ’насеннікі бярозы’ (свісл., Шатал.), таўка́чыкі ’катахі рагозу’ (зэльв., слонім., ЛА, 1), ’мох у выглядзе збаночкаў’ (Меер Крыч.), таўка́чнік ’хвошч’ (Кіс.). Вобразны перанос з таўкач1.

Таўка́ч3 ’плавальны пузыр’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пухір у рыбы’ (віл., лаг., ЛА, 1), туўка́ч ’тс’ (шарк., мёрск., ЛА, 1), талка́ч ’тс’ (полац., ЛА, 1). Відаць, з-за знешняга падабенства да таўкач1, гл.

Таўка́ч4 ’круг, кальцо (каўбасы)’ (лід., Сл. ПЗБ). Аналагічна да папярэдняга слова, гл.

Таўка́ч5 (тыўка́ч) ’драўляны гузік прадаўгаватай формы’ (Шатал.), таўкачо́к ’бірка (зашпілька)’ (Сл. ПЗБ; рас., в.-дзв., полац., шуміл., ЛА, 4). Да таўкач1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табала́1 ’натоўп, гурт’ (Ласт., Кал.; дзярж., Нар. сл.), ’воўчая гайня; руя (многа) дзяцей’ (віл., ЛА, 5), ’вялікая зграя’ (віл., Сл. ПЗБ), з семантычным працягам ’набор жартаўлівых песень’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. аналагічныя ўкр. та́бала і табала́ ’натоўп, гурт, зграя’, якія, паводле ЕСУМ (5, 499), запазычаны з рум. tábără ’маса, натоўп’, апошняе ў сваю чаргу — да табар1, гл. Аднак паўночна-заходні арэал распаўcюджанасці беларускіх найменняў не дазваляе прама звязваць іх з украінскімі, а хутчэй прыводзіць да думкі аб тыпалагічнай тоеснасці фанетычнай субстытуцыі санорных ў запазычанай лексемы, гл. табар2. Больш імаверна, згодна з Лабко (БЛ, 14, 67–68), звязаць іх з літ. tabala ’цурбанны вечар, куцця’, што да tabala ’калодка, якую цягалі хлопцы і дзеўкі на Каляды’, tabalaĩ ’народны музычны інструмент у выглядзе падвешаных дошчачак, якія выдаюць гукі рознай вышыні’ (параўн. Экерт, Зб. Бернштэйну, 33–35; Велюс, Балто-слав. иссл., 337; Грэймас, Этн., 281), адсюль значэнне ’натоўп, гурт’ адносна ўдзельнікаў шматлікай і шумнай святочнай працэсіі. Падобны звычай пад назвай “валачыць калодку” на масленіцу (Касп., Дабр., Растарг., і інш., падрабязна гл. Антропаў, Зб. памяці Талстога, 21–33) вядомы таксама ва Украіне, Славеніі і ў цэнтральнай Еўропе, параўн., напрыклад, градзішч.-харв. rast vleć ’валачыць дуба’, bor vleći ’цягнуць сасну’, korito vloć ’цягнуць карыта’, што, магчыма, звязана са старой еўрапейскай каляднай традыцыяй, якая ўзыходзіць да рымскіх часоў, параўн. Агапкіна, Основы, 203–244; Плотнікава, Слав. языкозн., XIV, 415. Таму нельга выключыць сувязь з лац. tabula ’дошка’, на падабенства якога з літоўскімі словамі звярнуў увагу Шмітляйн, Revue International d’Onomastique (Paris), 24, 208.

Табала́2 ’пустамеля’ (віл., Жд. 2), ’недарэка, звягала, што лаецца і крычыць’ (Варл.). Рус. дыял. табалу́ бить ’бадзяцца без справы, гарэзіць’ і вытворныя табалы́га ’бадзяга, гультай’, табалы́жить, табалы́жничать ’бадзяцца без справы; гультаяваць’ (Даль; без тэрытарыяльных памет). Фасмер (4, 5–6) параўноўвае з літ. tabalóti, ‑oju ’кульгаць; блытаць’, tabalùs mùšti ’куляцца’, але яны, на думку Брукнера, запазычаны са славянскіх моў (там жа; але без адпаведных славянскіх лексем), супраць чаго па фанетычных паказчыках Фрэнкель (1048), які да літ. tabalús mušti, tabaluoti дадае яшчэ старое літ. tabalka. Аднак ён не выключае магчымасці калькавання дзеяслова з рус. табалу́ бить у літ. tabalús mušti, што падаецца даволі сумніўным. Улічваючы фіксацыю, ёсць падставы выводзіць беларускае слова непасрэдна з літ. tabalas ’тое, што боўтаецца’, ’бірулька’ з цалкам натуральным семантычным пераасэнсаваннем літ. tabalúoti ’матляць’ — ’балбатаць’, да семантыкі параўн. целяпаццацеляпень, гл. Лабко, БЛ, 14, 67 і папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)