холоде́ц м.

1. (студень) разг. сту́дзіна, -ны ж., хало́днае, -нага ср., квашані́на, -ны ж., халадзе́ц, -дцу́ м.;

2. (окрошка) обл. халадні́к, -ку́ м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сма́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыемны на смак (у 1 знач.); апетытны. Смачная цукерка. Смачныя ягады. □ — А мы сёння халаднік елі, — ага! З цыбуляю ды агуркамі. Смачны, смачны, — пахваліўся Сцёпка. Крапіва. Тлустае мяса вугра вельмі смачнае. В. Вольскі. Бульба трапіла смачная — сопкая, разварыстая, лепшая, чым наша. Якімовіч.

2. Які прыносіць здавальненне; прыемны (пра сон). Салодкі, смачны і глыбокі быў сон Рыгора — не дарма ж ён праспаў столькі.. гадзін! Гартны.

3. перан. Разм. Каларытны, сакавіты. І мы, спыніўшыся, рагаталі тым смачным, здаровым смехам, які прыходзіць нячаста. Брыль. Па хаце разлягалася заўзятае, смачнае сапенне.. сонных людзей. Зарэцкі.

•••

Смачны кусок (кавалак) гл. кусок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каплу́н1 ’цура’ (браг., бяроз. Шатал.; вільн., Сл. паўн.-зах., ’ежа накшталт супу з кавалачкаў сухога хлеба, цыбулі, залатых варам і засквараных салам’ (драг. Нар. словатв.; драг., іван. Вешт.; кобр. Нар. лекс.), ’абрадавая страва з хлеба і салодкай вады або малака’ (івац. Жыв. сл.). Укр. жытомірск. каплу́н ’ежа з хлеба, вады і солі’, рус. н.-рас.халаднік’, польск. kapłun, kapłon ’тс’. Відавочна, балтызм, утвораны ад дзеяслова *kap(l)‑ (параўн. літ. kapóti ’рубіць, сячы’, ’з’ядаць, тачыць’, kaplỹs ’адрэзаны, адколаты’, ’бяззубы’), які азначаў ’ламаць, крышыць’ — галоўнае адрозненне каплуна ў тым, што хлеб ломіцца, крышыцца, а не варыцца, не закалочваецца (як жур), не смажыцца. Сюды ж і каплу́к.

Каплу́н2 ’пакладаны певень’ (ТСБМ, Бес., Федар. 6; драг. Нар. словатв.), ’пражорлівы’ (Некр.). Ст.-бел. каплунъ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. kapłun ’тс’ (і kapłon), якое пры пасрэдніцтве ст.-чэш. kapún — з с.-в.-ням. kappūn ’тс’ < нар.-лац. cappōne (m) < cāpo ’тс’, ’малады пеўнік’, ’малакасос’ (Слаўскі, 2, 58). У польск. слове ł‑ — у выніку жартаўлівай ад’ідэацыі да kapłan ’свяшчэннік’, ’жрэц’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Батва́ ’расліна Beta сісlа; зяленіва наогул’ (Нас.), ’сцяблы і лісце гуркоў’ (ДАБМ, 863), ’лісце і сцяблы бульбы’ (Лысенка, Жыт.), батві́на ’сцябло буракоў’ (Нас.), батоўе ’бацвінне’ (Нас., Касп.), ’сцяблы і лісце гарбузоў, бульбы’ (ДАБМ, 864, 866), бата́ўе ’сцяблы і лісце гуркоў’ (ДАБМ, 863), бато́ўкі ’сцяблы і лісце буракоў’ (ДАБМ, 868), бацві́нне ’сцяблы буракоў; вараная капуста; боршч’ (Нас., БРС), ’лісце буракоў’ (Сцяшк. МГ), ’сцяблы і лісце гуркоў’ (ДАБМ, 863), ’бацвінне, бураковае лісце’ (Бяльк.), ’бацвінне; халаднік’ (Касп.), ’бацвінне’ (Шат.). Рус. ботва́, бо́товь, ботви́нья, укр. ботва́, ботви́на, ботви́нє, польск. boćwina, botwina і г. д. (гл. Фасмер, 1, 200). Ад і.-е. *bheu̯ā‑ ’расці’ ўтворана *bhu̯ət (> прасл. bvot‑ > bot‑), што дае рус. боте́ть, славен. naboteti ’таўсцець, тлусцець і г. д.’ Чаргаваннем вакалізму атрымліваюцца далей розныя асновы (bat‑, but‑, bъt‑), ад якіх ёсць шмат вытворных (рус. буте́ть ’таўсцець’ і да т. п.), параўн. далей грэч. φυτόν ’расліна’, слав. byti ’быць’, bylije. Бел. буцве́ць ’гнісці, чарнець ад вільгаці’ (Інстр. II, Бір. Дзярж. КЭС, лаг.), таксама бутне́ць (КЭС, лаг.) адносіцца да гэтага вялікага гнязда слоў. Гл. Фасмер, 1, 200–201, 253; падрабязна Айцэтмюлер, ZfslPh, 22, 363–372. Да беларускай праблематыкі параўн. яшчэ Сцяц. Нар., 41–42.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́дзень1 (студзѣнь) ‘сцюжа, холад’ (Шымк. Собр.), сту́дэнь ‘холад на дварэ’ (малар., Цыхун, вусн. паведамл., ст.-бел. студень ‘тс’: з велѣкое стꙋдени (XVI ст., Карскі 2-3, 40). Параўн. укр. сту́дінь ‘сцюжа’, стараж.-рус. студень ‘холад’, серб.-харв. сту̏ден ‘сцюжа, холад’, ст.-слав. стоудень ‘холад’. Прасл. *studenь ‘холад, сцюжа’, абстрактны назоўнік, утвораны ад дзеепрыметніка залежнага стану *studenъ з папярэдняй заменай першаснай асновы на ‑ĭ‑ ж. р. асновай на ‑ja‑ (Борысь, Etymologie, 335). Гл. сцюдзёны.

Сту́дзень2 ‘першы месяц года’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Стан., Некр. і Байк.), ‘снежань’ (Нас., Байк. і Некр.). Параўн. укр. сту́дзень ‘снежань’, серб.-харв. сту̀дени ‘лістапад’. Гл. студзень1.

Сту́дзень3 ‘калодзеж’ (Нас.), сту́дзін ‘тс’ (Бяльк.), студзянцы́ ‘месца на балоце, дзе заўсёды халодная вада’ (глус., КЭС), ст.-бел. студенецъ ‘калодзеж, студня’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. студени́ця ‘крыніца’, дыял. сту́день ‘тс’, рус. студене́ц ‘крыніца; калодзеж’, польск. studzienka, чэш. studánka, дыял. studánec, серб.-харв. студе́нац, славен. studénec, sdenz, sdȇnec, балг. студене́ц, макед. студенец, ст.-слав. стоуденьць ‘крыніца’. Прасл. *studenьcь ‘крыніца’, *studenъka, г. зн. ‘студзёная крыніца’, што ўтворана ад дзеепрыметніка *studenъ < *studiti ‘студзіць’, параўн. халадні́к ‘крыніца халоднай вады, якая выбіваецца з-пад зямлі’ (Сцяшк.). Гл. Фасмер, 3, 787; Бязлай, 3, 337. Сюды ж студзяні́к ‘міфічны дух, які жыве ў студні ці ў сажалцы’ (Сцяшк. Сл.}.

Сту́дзень4 ‘квашаніна’ (ТСБМ, Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Пятк. 2, Сцяшк., Жыв. сл., Нар. лекс., ЛА, 4), сту́дзіна ‘тс’ (ТСБМ), сту́дзяніца, сту́дзянь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), студзяні́на ‘тс’ (З нар. сл., Жыв. сл.), студзёнка ‘тс’ (Сцяшк.), сьцю́дзень ‘тс’ (Байк. і Некр., Касп.). Параўн. укр. студелина, студе́не́ць ‘тс’, рус. сту́день ‘квашаніна’, польск. дыял. studzielina, studzenina, studzieniec ‘тс’, славац. дыял. stuďenina, stuďeno ‘тс’ і інш. Да *studiti ‘студзіць’, гл. наступнае слова. Параўн. сту́дня, засту́да, засту́дзі́на ‘квашаніна’ (Бел. дыял.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пе́ршы, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да адзін. Першы дом з краю. Першае паўгоддзе. Першы том. Першы параграф. □ Першы прывал на паходзе быў назначан у фальварку Віркуцце. Колас. // толькі мн. Пачатковыя ў радзе пералічаных прадметаў. Першыя кіламетры дарога ішла лесам. Якімовіч. Першыя дні ў гэтым раёне вяліся жорсткія баі. Колас.

2. у знач. займ. пе́ршы, ‑ага, м. Ужываецца для абазначэння асобы, прадмета і пад., якія былі названы раней. — Слухай мяне, сынку: ёсць у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах яшчэ адзін конь, гнедай масці, маладзейшы за першага. Якімовіч.

3. Які з’явіўся крыніцай або аб’ектам дзеяння раней за іншых. Да дошкі першым выклікалі хлопца. □ [Алесь:] — Мне давялося быць за мяжой, калі наша краіна першай запусціла спадарожнік. Шыцік. — Перакур! — скамандаваў Лазавік і першы лёг на траву. — Сядай, братва! Хомчанка. // у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, м. Тое, што адбылося або стала аб’ектам якога‑н. дзеяння раней за ўсё. Першае, што Ніна зрабіла, — гэта паздзірала газеты з акон, са стала, фіранкі павесіла, настольнікі разаслала. Лобан. Першае, што кінулася .. [Антону і яго сябрам] у вочы, — нідзе не відаць было саламяных стрэх. Пальчэўскі.

4. Які з’яўляецца, здараецца, адбываецца ў самым пачатку чаго‑н.; першапачатковы. Першае ўражанне. □ Вось і першы сонечны прамень бліснуў. Лынькоў. Першыя зоры ўжо замігацелі то там, то сям у бяздонным небе. Колас. // Які з’яўляецца пачатковым этапам, ніжэйшай формай чаго‑н. Першая фаза камунізма. // Які з’явіўся ўпершыню ў сезоне, новы, ранні (пра з’явы прыроды, расліны і пад.). Першыя замаразкі. Першыя кветкі. □ Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі шлях. Мележ. У аконныя шыбы глядзіць першая вясна. Чорны. // Які здарыцца, адбудзецца ў бліжэйшы час. Пры першай магчымасці.

5. Які раней не існаваў, не ўзнікаў. Першы штучны спадарожнік Зямлі. Першая ў свеце сацыялістычная дзяржава. □ Значную з’яву ў гісторыі беларускага тэатра ўяўляе першы беларускі прафесійны тэатр, які насіў назву «Народны тэатр». «Беларусь». // Не спазнаны раней. Першае каханне. □ Тут упершыню Лене адкрыўся свет, тут яна спазнала першую радасць і першае гора. Ваданосаў.

6. Які пераўзыходзіць у якіх‑н. адносінах усіх іншых. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі, — вось якая была Кублікавых Аўгіня. Колас. Сашка так стараецца, што настаўніца дзівіцца: ледзь не першы вучань. Дадзіёмаў. [Юрка:] — Ён тут у нас, брат, цяпер першы грамацей. Якімовіч. // Самы лепшы, выдатны. Першы гатунак. Купэ першага класа. □ — Закурвайце... Табак першага сорту. Два гады ляжаў. Чорны. // Самы важны, галоўны. Першы сакратар. Рэчы першай неабходнасці.

7. Перадавы, вядучы. Ваяваць у першым эшалоне. □ На варце краіны, — На сушы, ў марах, — Байцы-камсамольцы У першых радах. Колас. Што будзе з дачкою? Бяда! На работу — першая, але і на гульні таксама. Пестрак.

8. Які выконвае асноўную партыю ў аркестры, хоры і пад. Першая скрыпка ў аркестры. // Які вядзе асноўную мелодыю, верхні. Першыя галасы хору.

9. у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, н. Рэдкая страва, якая падаецца ў пачатку абеду (суп, боршч і пад.). З’есці першае. □ На першае.. [Ніна] зробіць халаднік з яйцом, на другое — рыбу. Лобан.

10. У граматыцы — які ўказвае, што суб’ектам дзеяння з’яўляецца сам гаворачы. Першая асоба дзеяслова.

11. у знач. пабочн. пе́ршае. Разм. Тое, што і па-першае.

•••

Першая дапамога гл. дапамога.

Першае мая гл. май.

З першага знаёмства гл. знаёмства.

З першых рук гл. рука.

Іграць першую скрыпку гл. іграць.

На першы абыходак гл. абыходак.

На першы выпадак гл. выпадак.

На першы погляд гл. погляд.

Не першага веку гл. век.

Не першай маладосці гл. маладосць.

Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні — пра складаныя сітуацыі, у якія трапляюць многія.

Першай гільдыі гл. гільдыя.

Першай рукі гл. рука.

Першая ластаўка гл. ластаўка.

Першы блін камяком гл. блін.

Першы крок гл. крок.

Першы сустрэчны гл. сустрэчны.

У першую чаргу гл. чарга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)