Ветраго́н1 ’прыстасаванне для ўтварэння моцнага патоку паветра’ (КТС, БРС), вітрагон ’прыстасаванне ў веялцы’ (Яўс.), укр. вітрого́н ’вентылятар’, рус. ветрогон: варон.флюгер’, урал. ’ручны вентылятар у шахце’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад вецер і гнаць (гл.). У прыметніка ветрагонны (мед.) першая частка ветра- (< вецер) ужыта ў пераносным значэнні ’газы’. Серб.-харв. ветро̀гон і вјетро̀гон ’падвей асаковы, Eriophorum, Cyperaceae’, балг. ветрогон ’сінегаловік’ утварыліся, відавочна, самастойна і не звязаны з бел. ветрагон1.

Ветраго́н2 ’легкадумны, пусты чалавек’ (КТС, БРС, Яўс., Растарг.), укр. вітрогон, рус. ветрогон, польск. даўн. wiatrogon ’вясёлы, дасціпны, легкадумны чалавек’, серб.-харв. ветро̀гоња ’пустаслоў, легкадум’, макед. ветрогон, балг. ветрогон ’тс’. Да вецер і гнаць (гл.). Узнікла ў выніку пераносу значэння па функцыі лексемы ветрагон1. Сюды ж ветрагонка ’легкадумная жанчына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Млін ’млын’ (Нас., Мал., Чуд., Янк. 1-2, Бес., Сцяшк., ТС, Ян., Сл. ПЗБ; слонім., Арх. Бяльк.; касцюк., паўд.-усх., КЭС; зэльв., Жыв. сл.). Укр. млин, рус. кур., омск. млин, ст.-рус. млинъ, млинь, млынь, польск. mlyjno, młen, н.-, в.-луж. młyn, чэш. mlýn, славац. mlyn, славен. mlȋn (málin, mélin), серб.-харв. мли̏н, ма̏лин, ме̏лин, балк. ст.-слав. млинъ, мълинъ. Прасл. mъlinъ запазычана са ст.-в.-ням. mulī, mulīn ’тс’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 147; Жураўскі, Бел. мова, 62) або з нар.-лац. malīnum, molīna ’вадзяны млын’ (Міклашыч, 186; Мее, MSL, 14, 373; Рэшатар, AfslPh, 36, 541; Фасмер, 2, 632; Бязлай, 2, 189). Махэк₂ (369) ст.-в.-ням., з якога прасл. mъlinъ, выводзіць з с.-лац., а саму рэалію лічыць вынікам распаўсюджання рымскай культуры. Шальч. млінокфлюгер’ (Сл. ПЗБ) з млін ’вятрак’ (паводле падабенства крылаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)