уціхамі́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Супакоіцца, суняцца. [Васіль Міронавіч:] — Пачынаем вечар пытанняў і адказаў... Таварышы — уціхамірцеся... Нічога не пачуеш там ззаду. Пташнікаў. // Заспакоіцца душэўна. [Галіна] кінулася да калыскі, і сэрца ўціхамірылася. Сабаленка. // Аслабець (пра сілу, праяўленне чаго‑н.); аціхнуць. Перастала штарміць. Мора ўціхамірылася. Машара.

2. Стаць паслухмяным, пакорным; утаймавацца. Раз’юшаны тыгр нарэшце ўціхамірыўся. □ Я скрыгатаў зубамі, лаяўся, махаў кулакамі, а хросны падскокваў да мяне, хапаў за рукі, прасіў уціхамірыцца. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўгамо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа супакоіцца, утаймавацца; вельмі рухавы. Неўгамонныя дзеці. □ Журботныя думкі навявалі гэтыя могілкі сваёю закінутасцю і адзіноцтвам. Толькі неўгамонныя птушкі парушалі зняменне і цішыню. Колас. Дагасалі ліхтарыкі светлякоў, неўгамонныя матылі кідаліся над вогнішчам і трапяткімі пялёсткамі падалі на росную траву. Самуйлёнак. // Які не спыняецца, не змаўкае. Цішыня, толькі неўгамонны шум мора і соснаў парушаюць яе. Хадкевіч.

2. Неспакойны, турботны. Пасёлак спіць, і ціха ўсюды, Хіба што ў хаце дзе якой Дзіця заплача з перапуду Ці птушка свісне за ракой. І толькі ў дзедавай каморы У тон знямелае цішы Дзве неўгамонныя душы Вядуць сакрэтна разгаворы. Колас. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Адноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)