изукра́ситься
1. (приобрести нарядный вид) убра́цца, прыбра́цца, упрыго́жыцца, аздо́біцца;
2. (испачкаться, изуродоваться) размалява́цца, спэ́цкацца, спаску́дзіцца;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
прыбра́цца, -бяру́ся, -бярэ́шся, -бярэ́цца; -бяро́мся, -бераце́ся, -бяру́цца; -бра́ўся, -ра́лася; -бяры́ся; зак.
1. Адзецца прыгожа, лепш, чым звычайна.
П. як на вяселле.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., у што і без дап. Пакрыцца чым-н., упрыго́жыцца.
Горад прыбраўся к святу.
3. Прывесці ў парадак што-н., зрабіць уборку чаго-н. або давесці да ладу што-н. (разм.).
|| незак. прыбіра́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Вы́лупіць ’абадраць, ачысціць ад скуры, лупін’ (БРС, Нас., Яруш., Касп.); ’вырваць, паглуміць’ (Сцяшк.); ’вытарашчыць вочы’ (Нас., Бяльк.); ’пабіць, адлупцаваць’ (БРС, Нас., Шат.); ’выставіць напаказ’ (Нас.), вы́лупіцца ’вылезці з яйца (аб птушанятах)’ (Нас.); ’накінуцца на некага з крыкам, ашчэрыцца’ (Нас., Шат.); ’прыбрацца, упрыгожыцца’ (Касп.). Гл. лупіць. Апошняе значэнне запазычана, магчыма, з рус. мовы; параўн. рус. пск., цвяр., валаг., каз. і г. д. вылупа́ться ’прыбірацца, выстройвацца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
прыбра́цца, ‑бярыся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; заг. прыбярыся; зак.
1. Адзецца прыгожа, лепш, чым звычайна. Ігар прапусціць лекцыю, але затое прыбярэцца ў інстытут: надушыцца, выпрасуе кант, на тоўсты вузел завяжа гальштук. Карпюк. Мяне здзівіла толькі перамена ў настроі, але не тое, што цётка Матруна прыбралася. Лось. // Адзецца ў якую‑н. адзежу. Успамінаюць [казакі] асабліва пра тое, як.. [Паўло Сямёнавіч] у адну з найцяжэйшых гадзін ліпеньскай блакады, ідучы на разведку далёка наперад, прыбраўся чамусьці ў спадніцу і хустку. Брыль. Прыбраўся Кудлаты ў боты, у сярмягу. Танк. // перан.; у што. Пакрыцца чым‑н.; упрыгожыцца чым‑н. Зышліся і скучыліся каля гасцінца кусты алешніку. Прыбраліся яны ў белыя мяккія вопраткі і пра нешта раяцца паміж сабою. Галавач. У гэты дзень, 6 студзеня, з самае раніцы прыбраўся горад у чырвоныя сцягі. Гарэцкі.
2. Разм. Прыбраць дзе‑н., навесці парадак. Прыбралася, памылася, зварыла бульбы, а бацькі ўсё не было. Савіцкі. // Давесці што‑н. да ладу. Прыбрацца з сенакосам.
3. Разм. Сабрацца зрабіць што‑н., заняцца чым‑н. — У горад хачу паехаць на які тыдзень, праветрыцца трэба, ды не прыбяруся ніяк. Чорны. [Сымон:] — Я даўно, дзядок, збіраўся Дзеду нештачка сказаць, Ды ніяк не прыбяруся, Не асмелюся ніяк. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)