Ну́тка ’ну, давай’ (Нас.), наткала ’калі падахвочваюць да падняцця цяжару’ (Чачот), рус. нутко ’ну, давай’. З ну (гл.) і ўзмацняльнай падвойнай часціцы ‑tk‑, якая можа адлюстроўваць кантамінацыю ўзмацняльных партыкул *‑to (параўн. серб.-харв. нито ’тс’) і *‑ka (параўн. рус. пука ’тс’) (ESSJ SG, 1, 331), або непасрэдна з ⁺нуте (гл. нуце) і ‑ka (параўн. тутака, тамака), што павінна было адбыцца яшчэ да пераходу т’ > ц у беларускай мове. Не выключаны ўплыў дзеяслоўных канчаткаў, пры якім ‑т адпавядае адз. л. ‑це — мн., а ‑ла — форме прошлага часу, параўн. славен. nut (адз. л.), ’бач’, nuta (падв. л.), nute (мн. л.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

-тка — часціца ’ну, ану’: ну‑тка, нуце‑тка, купитка горѣлки (Нас.), ‑тко ’жа, ж’: хадзем‑тко на дзедзінец (Сержп. Казкі), пойды тко паслухай (пін., Жыв. сл.), ‑тку ’ну’: зірні‑тку ж ты (Полымя, 1998, 12, 22). Параўн. укр. ‑тка/‑тки (тутка, тутки), рус. ‑тко (тутко, пойдитко, натко), ‑тка (натка, нутка). Кантамінацыя ўзмацняльных часціц *‑to/*‑tá/*‑te (гл. ‑то, ‑це) і *‑ka, *‑ko, параўн. ту́така (гл. тут), та́мка, та́мака (гл. там), на аснове чаго ўзнікае здвоеная ўзмацняльная часціца ‑t‑k‑, гл. ESSJ SG, 1, 330–331; там жа адмаўляюцца іншыя інтэрпрэтацыі паходжання названага спалучэння (з ты і ‑ко, ‑ка або з то́кмо, токма, гл. Фасмер, 4, 64; ці дзеяслоўнай флексіі з ‑ка, гл. Германовіч, Междом., 76). Параўн. тыке, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́а ’не (адмова)’: неа, ні пайду (мсцісл., З нар. сл.), ’тс’ (Грыг., Гарэц.; бялын., Янк. Мат.; ТС), не́‑а ’тс’ (Янк. 1), не́ка ’тс’ (Цых.). З не́ е(сць) (< *ne jestь) у выніку выпадзення j у інтэрвакальным становішчы і змены э > а ў занаціскным складзе, як у зна́а < знае, сыро́а < сырое (гл. Карскі, 1, 270), параўн. чэш. дыял. neʼe славен. дыял. naʼa, апошняе можа выступаць і ў форме naka, параўн. таксама і балг. радоп. на́ка ’не’, што адпавядаюць чэш. дыял. neʼ (nek) з прыдыханнем (гл. ESSJ SG, 2, 437, 441); адпаведна з гэтым гродз. не́ка ўзнікла ў выніку устаўкі ‑к‑. Іншыя версіі: неа < не́ка, дзе ‑ка, як у нема́ека, ту́така, та́мака, ёсцека і пад., або з неќаць ’гаварыць не’, здаюцца менш верагоднымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́бто ’няўжо’ (ТС), ’каб’ (Мат. Гом.), то́бто, то́пто ’праўда’ (ПСл), то бо й то ’ды і то праўда’ (Некр. і Байк.), тобойто́ ’поўнасцю з табой згодзен, згода’ (стол., Нар. ск.), то́бтомо ’напэўна’ (Сл. Брэс.), то‑бо‑то, то‑бо‑то́‑што ’вось так, як бы так’ (Некр. і Байк., Байк. і Некр.), то́‑бок ’гэта значыць’ (ТСБМ; Беларусіка, 19, 227), тож‑ба‑то ’у тым-та і справа’ (Стан.), то́ж бо ’тс’ (Федар. 4), то́ж‑то ’вось жа’ (Яруш.); то́ж‑бы‑то ’патакванне’ (Варл.), у свабодным спалучэнні ото бо ж то ’тс’ (Сержп. Прык.), ст.-бел. тоб, тобы ’тады б, калі б’ (Ст.-бел. лексікон), тобы ’як бы’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. то́бто ’гэта значыць’. У складзе элементы то‑, ‑то (гл. то1), ‑бо‑ (‑б‑, ‑ба‑, гл. бо), ‑бы (гл. бы), ‑й‑ (гл. і), ‑мо (гл. мо), ‑што (гл. што), ‑ж‑ (гл. жа); не вызначаным да канца застаецца паходжанне элемента ‑бок, вядомага і ў самастойным ужыванні, параўн. у адваротным спалучэнні raj, czy bok to niebiesnyje warota (Пятк. 2), якое Краўчук (ЭСБМ, 1, 367) у значэнні ’маўляў’ параўноўвае з укр. бак, пак ’потым, але, ж’, польск. bak (ад bakać ’гаварыць, нагаворваць’, гл. Брукнер, 12), што сустракаецца з пэўнымі фанетычнымі цяжкасцямі. Магчыма дапусціць спалучэнне бо‑ і ‑ка або ‑к, параўн. ту́така, чэш. дыял. tadyk ’тады’ і інш.; адносна апошніх гл. ESSJ SG, 1, 316–317. Параўн. форму з аканнем табатош, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тут1 ‘у гэтым месцы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Мал., ТС, Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, Вруб., Федар. 4, Сержп. Прык.; докш., карэліц., Янк. Мат.); ‘у гэты час, тады’ (ТСБМ), ст.-бел. тутъ ‘у гэтым месцы’, ‘сюды’, ‘тады’, ту́то, ту́та ‘тс’ (ГСБМ). Укр. тут, рус. тут ‘тс’, стараж.-рус. тутъ ‘тут’, ‘там’, ‘пры тым’, ст.-рус. тутъ ‘сюды, у гэтае месца’, польск. дыял. tut ‘тут, тады’, ст.-чэш. і мар. tuť ‘тс’, славац. tuto, харв. tute ‘тут’. Прасл. *tu‑ъ/*tu‑to, *tu‑ta, утворанае ад прыслоўя *tu ‘тут, у гэтым месцы’, якое мае першапачатковую форму М. скл. адз. л. займенніка ‘гэты’ (Борысь, 652) і ўказальнага займенніка (ta, to) (Фасмер, 4, 126; Праабражэнскі, 2, 22–23; Брукнер, 583; Махэк₂, 659; ESSJ SG, 697–698; ЕСУМ, 5, 686). Сюды ж: ту́тка ‘тут’ — тут, узмоцненае часціцай (суфіксам) ‑ка і яго варыянтамі (ашм., смарг., Сл. ПЗБ; ушац., Нар. лекс., ТС; в.-дзв., беш., ЛА, 2), ту́ткы ‘тс’ (драг., кобр., ЛА, 2), туцька ‘тс’ (полац., ЛА, 2); тут жа ‘адразу, без затрымкі’ (Юрч. Сін.); у складзе злучніка тут… тут ‘то… то’ (тут у зямлю рукі, тут к агню); ‘толькі’, ‘во… во’ (тут прывезлі швейныя машыны — тут разабралі) (Янк. 2); ту́та ‘ў гэтым месцы’, ‘тут’ (Нас., Бяльк., Яўс., Сцяшк. Сл., Гарэц.; в.-дзв., пруж., Сл. ПЗБ; лун., Шатал., ЛА, 2), ‘вось тут’ (Растарг.), туто (бяроз., ЛА, 2), ту́ты ‘тут’ (Нас.); прыслоўі, узмоцненыя часціцамі *‑ka/*‑ki: ту́така ‘тут’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 1, Скарбы, Ян.; калінк., З нар. сл., ПСл, Гіл., Сл. Брэс., Мат. Гом.; івац., Нар. сл., ЛА, 2; петрык., Яшк. Мясц.; люб., Жыв. НС; карэліц., докш., Янк. Мат., Сл. ПЗБ); ту́такі ‘тут’ (Ян.); ту́такі/ту́тэка ‘тс’ (Мат. Гом.), ту́тыка, ту́тыкі ‘тс’ (Яўс.); ту́тыка ‘вось тут’ (кобр., Нар. лекс.), ту́тэка ‘тут’ (пін., там жа), ту́тэка, ту́тока ‘тут’ (ТС), ту́тыка ‘тс’ (Сл. Брэс.); прыслоўі, узмоцненыя дзвюма (звычайна ласкальна-памяншальнымі) часціцамі (ці суфіксамі): ту́та‑ч‑ка, ту́ты‑ч‑ка, ту́тэ‑ч‑ка ‘тс’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), тута‑ч‑кі ‘тс’ (жытк., Мат. Гом.); ту́тачка, ту́тачкі, тутычка, тутычкі, тутъчка, тутэчкы (гродз., палес., ЛА, 2); тутацька ‘тс’ (бых., Яшк. Мясц.; круп., Сл. ПЗБ, Вушац. сл., Сцяшк. Сл., Жд. 3, Яўс.), ту́тыцька ‘тс’ (барыс., Сл. ПЗБ, Жд. 3, Яўс., Бяльк.), тутацькі ‘тс’ (бых., Мат. Гом.; талач., Шатал.), ту́тыцькі ‘тс’ (Яўс.), ту́тацькі, ту́тыцька, ту́тыцькі, ту́тыцікі, ту́тъцька (віц., маг., ЛА, 2), — адносна форм з цʼ Карскі (2–3, 69) меркаваў пра замену чʼ, а не тʼ, паколькі гэтыя формы вядомы толькі на поўначы Беларусі. Пацюпа (Arche, 2007, 3, 204) проціпастаўляе падзвінскае ‑цьк‑а падняпроўскаму ‑тк‑а; гэта датычыць, відаць, сцягнутай формы та́цька (ушацк., там жа), якое з ту́тацька і ту́цька ‘тс’ (полац., там жа). Да ласкальна-памяншальных адносяцца формы ту́тэнька (жаб., ЛА, 2), ту́танькі ‘тс’ (калінк., З нар. сл., Сцяшк. Сл.) і ту́тэнькі ‘тс’ (івац., Сл. Брэс.); з ва‑фармантам (з указальным значэннем) зафіксавана ту́това ‘тут, блізка’ (Клундук), тутакава ‘тс’ (Сцяшк. Сл.; свісл., Шатал.).

Тут2 ‘ мера, ступень’: вы так ядзіцё, што туту не знаеце (лёзн., Рэг. сл. Віц.). Няясна.

Тут3 ‘морва, Morus L.’ (Кіс.). З рус. тут ‘тс’, якое з цюркскіх моў: тур. tut, dut, азерб., тат., чагат. tut ‘тутаўнік’, апошняе з араб. tūt ‘тс’ (Фасмер, 4, 126; Міхельсон, 681; ЕСУМ, 5, 686).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)