Тума́н ‘імгла, імжа; густое непразрыстае паветра’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Арх. Вяр., ТС, Сл. ПЗБ, Вруб.): туман — гэто пара, якая падымаецца з вады (Сержп. Прымхі), ‘тое, што перашкаджае добра бачыць, што засцілае зрок’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ); туман слі͡епіць (Сержп. Грам.), тума́нь ж. р. ‘імгла’ (стол., Нар. лекс., Сл. Брэс.), ту́ман: туманом худыты ‘хадзіць без мэты’ (брэсц., Ск. нар. мовы), тумано́к ‘невялікі туман’ (Кліх, Юрч. СНЛ), тума́нішча ‘густы туман’ (Мат. Гом.); тума́н ‘абман, чмута’ (Нас., Некр. і Байк.): tumán ŭ oczy puskáje (Федар. 4), ‘неадукаваны, цёмны чалавек’ (ТС), туман напусціць ‘адурманіць, падмануць’ (ТС). Укр. ту́ман, тума́н ‘імгла’ ‘дурань’, рус. тума́н ‘імгла’, ‘хмара’, польск. tuman ‘воблака пылу’, ‘тупы чалавек’, балг. туман ‘імгла’, ‘пыл’, радоп. дума́н ‘тс’. Запазычана з цюркскіх моў: чагат., казах., кірг., караім., узб. tuman, башк., крым.-тат. томан ‘імгла’, тур. duman ‘дым, туман’, ‘пыл’, якія выводзяцца з цюрк. tum(a) ‘завалакаць, засцілаць, ахутваць’. Крыніцай паўднёвацюркскіх форм з пачатковым д‑[d‑] з’яўляюцца, аднак, індаеўрапейскія мовы: авест. dunman ‘туман’, dvąnman‑ ‘хмарка’, перс. dūdmān ‘дым’, ‘куродым, сажа’ (Фасмер, 4, 119; ЕСУМ, 5, 674–675; Арол, 4, 116; Аткупшчыкоў, ЭИРЯ, 4, 141; Жураўлёў, Язык и миф, 830). Сюды ж тумане́ць ‘з’яўляцца (аб тумане)’ (Шат.), тума́ніць ‘падманваць, пускаць пыл у вочы; затуманьваць, чмуціць’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘адурманьваць’ (Шат.), ‘засцілаць, закрываць сабой (пра пыл, дым)’, ‘завалакаць (вочы)’, ‘пазбаўляць здольнасці ясна разумець, успрымаць’, ‘блытаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘курыць (самасад)’ (Юрч. СНЛ), ‘піць, баляваць дужа шчыра’ (Вушац. сл.), ‘ілгаць’ (гродз., ЖНС), туманіць вочы (галаву) ‘задурваць, падманваць’ (Юрч. Фраз.), тума́ніцца ‘губляць разважлівасць’ (Нас.), ‘угаворваць’ (свісл., Шатал.), ‘рабіцца няясным ад слёз у вачах’ (ТС), тума́ненне ‘падманванне’ (Юрч. Вытв.), ‘выпрошванне шляхам ліслівасці’, тума́нны ‘ілжывы, ліслівы’, тума́нка ‘ашуканка’, ‘дакучлівая просьбітка’, тума́ншчык ‘хлус’ (Нас.), тума́ннасць ‘густы туман’, ‘вялікая колькасць зорак у адным месцы далёка ад зямлі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хмель, хмелю, м.

1. Павойная расліна сямейства тутавых, некаторыя віды якой выкарыстоўваюцца ў піваварэнні. Дзве альтанкі хаваліся ў зеляніне дзікага вінаграду і хмелю. Васілевіч.

2. зб. Суквецце гэтай расліны ў выглядзе шышак, насенне яе. [Дзядзька:] — Ён [дзед Хвядос] ужо за Нёманам хмель збірае... Бажко.

3. Хмельны напітак. [Андрэй:] З дзён маладых я хмелю не ўжываю. Клімковіч.

4. Стан ап’янення, выкліканы алкагольнымі напіткамі. Міхась быў чалавек вясёлы. А яшчэ быў весялейшы, як хмель пачынаў туманіць яго лахматую галаву. Колас. Бяседа ўжо ўвайшла ў тую каляіну, калі хмель развязвае языкі нават маўклівым людзям. Сабаленка. // перан. Стан пад’ёму, узбуджанасці, выкліканы чым‑н. Калі ж іх [грошай] не стала, Пад хмелем азарту Паклаў Фенька Рваны гадзіннік на карту. Арочка.

•••

Пад хмелем (пад хмяльком) — у стане лёгкага ап’янення. — А гэта?.. — зноў выкрыквае Клаўдзя пад хмелем. — Помніш, як спектакль у Рудні ставілі? Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)