устая́ць, устаю, устаіш, устаіць; зак.

1. Утрымацца ў вертыкальным становішчы, не ўпасці; захаваць стан раўнавагі. Устаяць на нагах. □ Вагон раптам тузанула, і чалавек пахіснуўся, але ўстаяў. Адамчык. Зазвінеў, напяўшыся, трактар, тузанула валакушы, Андрэй не ўстаяў і ўпаў на калені, учапіўшысяся за снапы. Пташнікаў. // Змагчы прабыць, пратрымацца нейкі час пры якіх‑н. абставінах. Ля сцен казармы больш нельга было ўстаяць — агонь раз’юшана бушаваў, абдаваў страшэннай гарачынёю. М. Ткачоў.

2. Стрымаць націск каго‑, чаго‑н., адстаяць у барацьбе свае пазіцыі, не паддацца. — Здавайцеся! Усё роўна вам утраіх не ўстаяць супроць усіх! Маўр. Трагедыя ў В’етнаме — вынік ігнаравання Амерыкай грамадскай думкі свету... Маленькі народ, перакананы ў сваёй справядлівай барацьбе, устаяў перад агрэсарам... Кавалёў. // Перанесці неспрыяльныя ўмовы (пра расліны). [Бярэзіны:] Грэла нас сонейка, песціў вецярок, не раз хістала бура, нагінаючы да самай зямлі, не адну зламала бура з нас, але мы ўстаялі, выраслі. Галавач.

3. перан. Астацца стойкім, не паддацца чаму‑н. [Аўсянік:] — Перад тваімі чарамі не можа ўстаяць ніводзін мужчына. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяда, гора, няшчасце, ліха, ліхое, нядоля, бяздолле, нягода, зло, нядобрае, кепскае / час, эпоха няшчасцяў: ліхалецце; бядота, горасць, гарота, ліхасць, злыбеда, злыбедзь, кепства, непамыслота, напасць, насланнё, навала, навалач, наваль, безгалоўе, нявыкрутка, непярэліўкі (разм.); пляга (абл.); удар, біч, навальніца, пераплёт, перапалка, балота, каша, пекла, пастка, сіло, мухалоўка, балячка, трасца, чума, пракляцце, кара, хмара, тупік, трагедыя, драма, катастрофа (перан.) □ чорны дзень, чорная гадзіна, чорная часіна, цяжкая часіна, злая гадзіна, ліхая гадзіна, ліхі час

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)