Тата́рнік ’аер, Acorus calamus L.’ (лельч., Жыв. сл.; Бейл., ТС, ПСл; стол., лельч., ельск., ЛА, 1), ’расліна Onopordon L.’ (Кіс.). Укр. тата́р ’аер звычайны, Acorus calamus L.’, дыял. татара́к, тата́рка ’тс’, польск. tatarak, tatarnik ’тс’, дыял. tatar ’тс’, чэш. tatarak ’тс’. Ад этноніма тата́рын, тата́ры, гл. Найбольш распаўсюджанае меркаванне пра паходжанне слова: расліна аер завезена татарамі (ЕСУМ, 5, 527; Жаримбеков, РР, 1975, 3, 107–111; Пастусяк, Pogranicze, 317), што не зусім адпавядае рэальнасці, паколькі расліна calamus у тым жа значэнні згадваецца яшчэ ў Плінія і Катона (234–149 г. да н. э.), гл. Ванякова, Studia Etym. Brun. 6, 404. Хутчэй прывязка да этноніма ў пераносным значэнні ’не свой, чужы’ тлумачыцца рэзкім пахам расліны, параўн. укр. жидівські лепехи ’аер’ аналагічна да тата́рське зі́лля, польск. tatarskie ziele ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; зак., каму.

1. Зрабіцца чыёй‑н. уласнасцю, перайсці ў чыё‑н. распараджэнне. Самі ж яны, хлопцы, дапамаглі выганяць жывёлу, якую пагналі на ўсход, каб не дасталося часам дабро ворагу. Лынькоў. [Ганне] дасталася ў спадчыну ад бацькоў хатка. Дубоўка. // Прыйсціся пры размеркаванні, дзяльбе і пад. Але як гэты надзел дастаўся .. [Раману] па жэрабю, то і не было на каго наракаць. Колас. Дасталіся Захару Іванавічу найбольш запушчаныя ўчасткі зямлі, горшае цягло, горшы інвентар. Кулакоўскі. // Дацца, набыцца пэўным чынам. Набытак дастаўся цяжкай працай. □ Нам свабода дасталася дорага, Адной рукой мы край свой будавалі, Другою ж — адбіваліся ад ворага. Свірка.

2. безас. Перанесці цяжкія выпрабаванні, нацярпецца. Многа разоў гарэла Устронь: і татарын яе паліў, і швед, і француз... Дасталося Устроні і ў вайну з белапалякамі. Лобан. Міколка з бацькам набраліся .. перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Лынькоў. // Атрымаць спагнанне, пакаранне, вымову і пад. Дасталося Райскаму і Лабановічу: чаму яны не парвалі пратакол, калі на яго налятаў ураднік? Колас.

•••

Дасталося на арэхі каму — атрымаў наганяй, вымову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; заг. прыстань; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Шчыльна прылягаючы, прымацавацца, прыліпнуць. Да мокрых кашуль дзяцей прыстала многа пяску. Бядуля. Да аднае былінкі прыстала белае пёрка. Гарбук. Холад апёк руку, яна аж прыстала да празрыстага ледзячка. Чарнышэвіч. // Шчыльна прылегчы. Дзверы добра прысталі да вушакоў. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра клічку, мянушку). Калі ён прыехаў на будоўлю, нехта мянушку яму прыдумаў: жырафа, але мянушка не прыстала. Гроднеў.

2. Разм. Перадацца; прычапіцца (пра якое‑н. пачуццё, хваробу і пад.). Занядужаў хлопец, а што за хвароба да яго прыстала — розуму не дабраць. «Беларусь». — Табе што, стаіш, як дуда, на стрэлцы, да цябе і ніякая трасца не прыстане... Лынькоў.

3. Далучыцца, прымкнуць да каго‑н. І неяк так атрымалася, што да Люсі і Гошкі прыстаў у кампанію маленькі плячысты татарын Ахметка і дзяўчынка Валя. Даніленка. — Мы гэта, — сказаў за ім следам Радзівон Бабака, — прыйшлі з ім (глянуў на Стальмаховіча) запытаць у вас, як гэта трэба рабіць, каб да вас прыстаць у гурт, ці гэта заяву трэба пісаць, ці гэта як? Чорны. // Застацца дзе‑н. з якой‑н. мэтай. Маці раіла вайскоўцу: — Прыстаў бы ты, чалавеча, дзе ў вёсцы, перачакаў бы ліхалецце. Асіпенка. — Во хіба знайду якую ціхую вёску ды прыстану да якой ўдавы ці салдаткі. Лупсякоў.

4. Разм. Звярнуццца да каго‑н. з неадчэпнай, надакучлівай просьбай, размовай; назойліва прасіць аб чым‑н. Я перш адказваўся, але.. [Васіль Бераг] так прыстаў, што нельга было адгаварыцца, і я мусіў зайсці з ім к Піню. Гартны. [Касперскі:] Дык парайце, як лепей зрабіць. Жонка прыстала — завязі. Гурскі.

5. Спыніцца, прычаліць, падышоўшы да берага, прыстані і пад. Лодка прыстала да берага. Гаспадар яе цвёрда ступіў на жоўты пясок. Алешка. Калі лодка прыстала да апусцелага берага, каля сетак, развешаных на дручках, не пахаджалі ўжо нават і кантралёры-каты. Брыль.

6. Стаміцца, змагчыся. Падбілася і прыстала Клава, пакалола босыя ножкі, пачала адставаць. Шамякін. Зусім прыстаў дзед Астап, падгіналіся [калені] ад доўгай дарогі. Лынькоў. Конь увесь блішчаў — быў мокры ад поту: прыстаў. Пташнікаў.

7. Разм. Спыніцца на некаторы час; прыпыніцца. Міхал падыдзе і прыстане, І лаву жыцейка агляне. Колас. Можа, трапіш ты ў нашы Аколіцы Нарачы, Мястра, — Не мінай хат рыбацкіх, І ля гатаўскіх сосен высокіх Прыстань адпачыць. Танк.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Пакінуць след, адбіцца. Гады быццам да яго не прысталі. □ — Будуць лаяць, і не толькі, мусіць, цябе адну, будуць усім нам кідаць абразы, а хіба гэта прыстане? Галавач.

•••

Прыстаць (прыбіцца) да берага — замацавацца на пэўным месцы на доўгі час, заняць пэўнае месца ў грамадстве.

Прыстаць з нажом да горла — неадчэпна, настойліва дамагацца свайго.

Прыстаць (пайсці) у прымы — стаць прымаком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)