Ту́рмас ‘рэдзька’ (Сцяшк. Сл.), ту́рмус ‘турнэпс’ (навагр., Жыв. сл., Васільковая сп.). Лічыцца сапсаванай назвай турнэпс (гл.), параўн. турне́пс, турнэт ‘тс’ (Сл. ПЗБ.). Аднак здзіўляе падабенства з аддаленымі геаграфічна назвамі асм. тур. turma ‘рэпа’, тат. torma ‘рэдзька’; венг. torma ‘хрэн’, з якіх выводзяць харв. turma, turman ‘хрэн’ (Скок, 3, 485), славен. tȗrman ‘тс’ (Сной у Бязлай, 4, 250). Магчыма, пранікненне праз мову беларускіх татараў-гароднікаў? Параўн. напоўненую «ўсходнімі элементамі» лічылку: Шалды‑балды, / Бушмак — барада́, / Выйдзі вон з гарада́. / Турмас! (бялын., Дзіц. фальк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сібі́р звычайна м. р. ‘край за Уралам’ (Ласт., Стан.), Сібі́р, Сыбі́р ‘тс’ (Некр. і Байк.), Сібі́р, Сібе́р ‘тс’ (Янк. 1), сібе́р ‘пагібельнае месца’ (Шат.). З рус. Сиби́рь, ад назвы сталіцы ханства ў Прыіртышшы, якую выводзяць ад гунскага этноніма Σάβειροι (Праабражэнскі, 2, 282; Фасмер, 3, 616). Не выключана і польскае пасрэдніцтва, паколькі на карце польскага географа Антонія Віда (1542) паказаны горад Сібір на рацэ Абі (Фралоў, Всесоюзная конф. “Исторические названия — памятники культуры”. M., 1989, 89). Рамстэт (362) узводзіць назву да манг. Sibir, калм. šiwr̥ ‘зараснікі, сырая мясцовасць’, адкуль, у прыватнасці, ідуць назвы: тат. s̥ibir, табол.-тат. Sėbėr, Sėvėr і г. д., што вельмі няпэўна. У аснове назвы этнонімы сипыр (варыянты себер, сыбыр), si pyr (RÉS, 39, 190) — племя, што, згодна з паданнямі сібірскіх татараў, жыло на гэтай тэрыторыі. Усё няпэўна, гл. Анікін, 493–494 (з аглядам версій і літ-ры). Пра спробы звязаць паходжанне назвы з балг. шубра́к ‘хмызняк’ гл. Сімяёнаў, БЕ, 28, 50–52; Дурыданаў, Studia Etym. Brun., 3, 69–71.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)