неўзаме́тку, прысл.

Разм. Так, што цяжка заўважыць; скрытна. Я неўзаметку шмыгнуў за хату і, пераскакваючы цераз рады бульбоўніку, пабег наперарэз Тані. Марціновіч. Першымі выступілі выпускнікі: спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Потым, неўзаметку пераміргваючыся, яны адзін за адным павыходзілі з залы. Сабаленка. // Непрыкметна, незаўважна. Час бег неўзаметку. Скрыган. У 1926 годзе мне пашанцавала. Якуб Колас стаў маім суседам. На Вайсковым завулку неяк неўзаметку вырас двухпавярховы драўляны домік, у якім неўзабаве пасяліўся паэт. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́мпел, ‑а, м.

1. Раздвоены на канцы, доўгі і вузкі флаг, які паднімаецца на ваенных суднах у часе плавання як адзнака іх дзяржаўнай прыналежнасці. // Вузкі прадаўгаваты або трохвугольны флажок. У Тані быў пераходны вымпел лепшай даяркі раёна, маленькі чырвоны сцяжок на кароценькім дрэўку. Дуброўскі.

2. Невялікі цыліндр з доўгай яркай стужкай, прызначаны для скідвання з самалётаў ці верталётаў данясенняў, карэспандэнцыі і пад. // Металічны дыск з малюнкам, адбіткам як сімвал чаго‑н. Вымпел на Месяцы.

[Гал. wimpel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрэ́гчыся, ‑прагуся, ‑пражэшся, ‑пражэцца; ‑пражомся, ‑пражацеся, ‑прагуцца; пр. запрогся, ‑прэглася і ‑праглася, ‑прэглася і ‑праглося; заг. запражыся; зак.

Разм.

1. Запрэгчы сябе ў што‑н.

2. Запрэгчы свайго каня, вала і пад. у што‑н. — Што, не запрагліся? Я так і знаў. Адны на ўсю вёску... Дзе кабыла? — .. [Юзік] узяў аброць у Тані.. Ён запражэ кабылу, і яны паедуць з усімі ў Карчаватку. Пташнікаў.

3. перан. Узяцца за цяжкую працяглую працу. — Запрогся ў воз — цягні, вязі! Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацямні́ць, ‑цямню, ‑цемніш, ‑цемніць; зак., каго-што.

1. Зрабіць цёмным, засланіўшы святло; засланіць святло каму‑, чаму‑н. [Сасоннік] засланіў лінію, зраўняў лес, знішчыў мяжу, зацямніў квартал. Пташнікаў. Цень зацямніў святло. Маўр. // перан. Засмуціць, замаркоціць. Цяжкі ўспамін зацямніў тую светлую ўрачыстасць, якая .. апанавала [Васіля]. Шамякін. // Замаскіраваць святло. Зацямніць горад. Зацямніць вокны.

2. перан. Зацьміць, адсунуць каго‑, што‑н. на задні план. Аўтар высунуў на першы план няўдалае каханне юнакоў да Тані, якое зацямніла ўсё астатняе. «ЛіМ».

3. перан. Зрабіць незразумелым; заблытаць. Зацямніць ідэйны сэнс твора. // Пазбавіць здольнасці ясна разважаць, мысліць. Зацямніць розум.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прышчэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прышчапіць ​1 (у 1, 2 знач.).

2. Прышчэпачны прэпарат.

3. Тое, што і прышчэп. Нарэшце Ваня зайшоў да гаспадара, у якога яшчэ зусім не было саду, а ў агародзе тырчала ўсяго толькі каля дзесятка прышчэпак. Кулакоўскі.

4. Заціскачка для прымацавання чаго‑н. На зямлі ў тазіку было яшчэ ладна бялізны, адкуль Таня брала яе.. А на шыі ў Тані вянком віселі прышчэпкі. Паўлаў. [Янушак] надзеў .. шаўковую кашулю і белы ў чорную палоску гальштук з прышчэпкай. Дайліда.

•••

Пастэраўскія прышчэпкі — прышчэпкі супраць шаленства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Рэзкім рухам выліць, узліць якую‑н. вадкасць. Чалавек нагнуўся к вадзе, дастаў з кішэні мыла, памачыўшы пацёр яго ў руках, зусім прыгнуўся і лінуў прыгаршчы вады сабе ў твар. Чорны. Тані стала горача, бы на яе лінулі вару. Пташнікаў.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Пачаць моцна ліцца, хлынуць патокам. Пасунулася хмара, і лінуў дождж. Федасеенка. Слёзы — адкуль яны браліся? — нястрымна лінулі з вачэй. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У гэты час першыя кроплі застукалі па спіне, а потым лінула як з вядра. С. Александровіч. / Пра святло, паветра і пад. — А чалавеку і гораду пашанцавала менш, чым прыродзе, — задуменна прамовіла Кіра, і з яе вачэй на Пракопа нібы лінула святло. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)