здзіві́ць, здзіўлю, здзівіш, здзівіць; зак., каго-што.

Выклікаць здзіўленне, уразіць незвычайнасцю чаго‑н. Дзеда Талаша і Нупрэя здзівіў Панасаў расказ аб яго вызвалены з астрога. Колас. Каля печы стаяла істота, якая сваім выглядам магла здзівіць кожнага. Чорны. Здзівіў і парадаваў Мікалай Андрэевіч калгаснікаў глыбокім веданнем справы. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маршчы́ністы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты маршчынамі. Весць аб арышце Панаса глыбока ўсхвалявала дзеда Талаша. Ён сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў. Колас. // З тварам, пакрытым маршчынамі. Я сустрэўся з .. [паляўнічымі] амаль пад вечар. Адзін малады, чырванашчокі, другі — сухі, маршчыністы. Кандрусевіч. // перан. Які мае няроўную, пакрытую складкамі паверхню. Кара на .. [дубе] маршчыністая, мае гузаватыя наросты. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўміра́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Памерці — пра ўсіх, многіх. І яшчэ, што можна адзначыць з мінулага дзеда Талаша, дык гэта тое, што ў яго бацькі было дванаццаць дзяцей. Васьмёра з іх паўміралі малымі. Колас. Так з таго часу я і не бачыў бацькоў. Потым чуў ад людзей з таго боку, што яны доўга і не жылі: паўміралі маладымі... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́працаваць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Зрабіць пэўную колькасць работы; вырабіць. Выпрацаваць мінімум працадзён. Выпрацаваць норму. // Развіць, выхаваць пэўныя рысы, якасці. Выпрацаваць навыкі, характар.

2. перан. Стварыць што‑н. на аснове абагульнення пэўных звестак, вопыту, вывучэння і пад.; распрацаваць. Выпрацаваць праект рэзалюцыі. Выпрацаваць агульнанацыянальныя літаратурныя нормы. □ [Нявіднаму] трэба было звязацца з партызанамі дзеда Талаша і выпрацаваць план сумеснага дзеяння. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямо́жна, безас. у знач. вык.

1. Не дазваляецца, забаронена. Цішэй — не патрывожце сну, Ступайце асцярожна, Уголас гаварыць няможна. Колас. [Чырун:] — Вы спацелі, і доўга стаяць на марозе няможна. Корзун.

2. Разм. Немагчыма, няма магчымасці; нельга. Стрымаць няможна грамаду, Калі яна на ворага ўзнялася. Корбан. Начальнік заставы яшчэ ўважлівей зірнуў на дзеда Талаша, — Што прымусіла цябе, айцец, ісці да нас? — Няможна стала мне жыць дома. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прататы́п, ‑а, м.

Кніжн. Першавобраз, арыгінал, першапачатковы ўзор. Падобная беларуская казка магла быць адным з прататыпаў да балады [А. Міцкевіча] «Рыбка». Лойка. // Асоба, якая паслужыла аўтару арыгіналам для стварэння літаратурнага вобраза, а таксама літаратурны тып, вобраз, які паслужыў узорам для другога аўтара. У галоўнага героя «Дрыгвы» — дзеда Талаша — быў свой рэальны прататып. Гіст. бел. сав. літ. Прататыпам для гэтага вобраза паслужыў славуты, вядомы ўсяму беларускаму народу бацька Мінай. «Полымя».

[Грэч. prōtotypon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адамкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Адчыніць што‑н. замкнёнае. Адамкнуць дзверы. // Зрабіць незамкнёным, адкрыць. [Гаўрусь Каляда] адамкнуў вялізны замок, выняў абадок са скабы, і скрыпучая палавіна гуменных варот адчынілася. Брыль.

2. Зняць прымкнутае. Адамкнуць штык (ад вінтоўкі).

3. перан. Зрабіць вядомым тое, што раней скрывалася, утойвалася; раскрыць. Дагадваецца войт, што Папас і ёсць той ключ, якім можна адамкнуць месца туляння дзеда Талаша. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нача́льнік, ‑а, м.

Асоба, якая ўзначальвае што‑н., кіруе, загадвае чым‑н. Начальнік заставы .. поглядам ваеннага чалавека акінуў дзеда Талаша з галавы да ног. Колас. На голас афіцэра выскачыў з сянец дзяншчык, але начальнік махнуў яму рукой і той падаўся назад у хату. Лынькоў. Чырвоная шапка начальніка толькі мільгане на пероне, а потым і знікне за дзвярыма станцыі. Пестрак.

•••

Земскі начальнік — службовая асоба ў сельскай мясцовасці ў дарэвалюцыйнай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што, пра каго-што і з дадан. сказам.

Аднавіць у памяці, прыпомніць. Жанчына раптам успомніла ўчарашні дзень, і сэрца яе па-ўчарашняму заныла болем. Брыль. Міхась пачаў успамінаць, што ён чытаў пра партызан грамадзянскай вайны. Успомніў і пра дзеда Талаша. Якімовіч. Зося прыпамінала і ніяк не магла ўспомніць, дзе яна чула гэтае прозвішча. Хомчанка.

•••

Успомніш маё слова — збудзецца тое, аб чым гаворыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непако́й, ‑ю, м.

1. Стан душэўнай трывогі, хвалявання, выкліканы чым‑н. Дні трывог, страху і непакою пачаліся для дзеда Талаша і яго сям’і. Колас. Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. З надыходам восені ўсё з большым непакоем заглядваў Шыманскі на малочную ферму. Дуброўскі.

2. Турботы, клопаты. Мой непакой за спраўнасць ахоўвання межаў радзімы развеяўся [на заставе] вельмі хутка. Брыль. Смокча душу балючы непакой: як.. [сын] там ходзіць ці бегае, з кім, дзе, чаго? Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)