тя́пка ж.

1. с.-х. маты́ка, -кі ж.;

2. (для рубки) сяка́ч, род. секача́ м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

упаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць потным, спацець. Невысокі рыжаваты хлопец звяртаецца да Блахіна: — ..Твае хлопцы ўсё робяць, нібы гуляючы, з перакурамі, з жарцікамі, і ні адзін не ўпацее, а мы аж са скуры вылузваемся. Грахоўскі. — Пакажыце данясенне Дзічкоўскага, — папрасіў Сякач. Косцін упацеў, шукаючы яго. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сяка́р ’сякерка’ (Барад.), ’сякач’ (Жд. 2), се́кар ’тс’ (Сл. Брэс.). Ад сячы (гл.) з малапрадуктыўным суф. ‑ар, які ўтварае назоўнікі са значэннем ’прадмет, пры дапамозе якога выконваецца дзеянне’ (Сцяцко, Афікс. наз., 30; Вярхоў, Наз., 49), што, магчыма, сведчыць пра народнаэтымалагічнае пераасэнсаванне слова сякера, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сякі́ласякач для крэсіва’ (паўн.-віц., Нар. лекс.). Дэрыват ад сек‑, параўн. рэдкае каранёвае се́каць ’сячы? (ПСл), гл. сячы, секці з інструментальным суф. ‑іла, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 42. Таго ж паходжання сяка́ла (сіка́ла) ’тс’, магчыма, пад уплывам краса́ла ’тс’ (гл.) або дзеяслова высяка́ць (агонь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

се́чка ж.

1. (действие) сячэ́нне, -ння ср.;

2. (нож для рубки капусты) сяка́ч, род. секача́ м.;

3. (рубленая солома) се́чка, -кі ж.;

4. (дроблёная крупа) дра́ныя кру́пы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

се́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Дробна нарэзаная салома, якая ідзе на корм жывёле. Гэта дзядзька Мартын рэзаў сечку на саматужнай сячкарні, — відаць, збіраўся ехаць араць папар. Колас. — З мукой каровы лепш сечку ядуць. Асіпенка. // перан. Пра што‑н., што сваім выглядам напамінае дробна нарэзаную салому. — Гэта ты ад свае бабкі чуў? — страсаючы з-за вушэй валасяную сечку, спытаў Грыцко. Кулакоўскі. З навіслых над зямлёй хмар спачатку сыпанула дробнай сечкай, потым паваліў густы мокры снег. Дзенісевіч. Трактары шнуруюць Над Арэсай-рэчкай, Сякуць плугам, дыскам Торфішча на сечку. Купала.

2. Драблёныя крупы. Аўсяная вечка. Ячная сечка.

3. Прылада для сячэння капусты і пад.; сякач. Жанчыны сечкамі сякуць бадзёра, Як быццам .. выбіваюць такт. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сячы́, сяку, сячэш, сячэ; сячом, сечаце, сякуць; пр. сек, ‑ла; незак.

1. каго-што. Удараючы з размаху чым‑н. вострым, раздзяляць на часткі; рассякаць. Ідучы ў інтэрнат паўз дрывотню, хлапец бачыў, як старэнькі дзядуля, начны вартаўнік, сячэ дровы. Кулакоўскі. Людзі секлі трыснёг на кавалкі, расшчэплівалі на пласцінкі і склейвалі іх. Атрымліваліся лісты. Мяжэвіч. // Шматкратна ўдараючы чым‑н. вострым, здрабняць. Баба секла ў цэбрыку сырую бульбу. Сякач так і мільгаў уніз-уверх у яе руках. Паўлаў. А дворніца гэтак стараецца І наледзь няшчадна сячэ. А. Вольскі. // Ударамі збіваць, пашкоджваць. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. // Рассякаць хуткімі рухамі, ударамі (паветра, ваду). Сякуць крыламі ластаўкі Распалены блакіт. Панчанка. Два шырокія промні секлі цемру, палохалі яе, жахалі. Пташнікаў. // Высякаць, здабываць (вугаль, гліну і пад.). Сячы вугаль.

2. каго-што. Падсякаць, валіць на зямлю, аддзяляць ад асновы; ссякаць. Сячы лес. □ Тут жа, на лабяку паўз дарогі, жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. / у перан. ужыв. — За такія памылкі галовы сякуць, — сказаў шэф. Новікаў. // Паражаць халоднай зброяй. Відаць, як узнімаюцца і апускаюцца постаці людзей, што махаюць вінтоўкамі з вострымі штыкамі, як рвуцца коні табун на табун, і людзі сякуць адзін аднаго шаблямі... Кавалёў.

3. што. Спец. Абчэсваць (камень). Сячы камень. // Вырабляць (з каменя) абчэсваннем; высякаць.

4. каго-што. Біць, караць (розгамі, бізуном і пад.). Маці таксама хвастала чым папала. Але секла яна з асцярогай. Асіпенка. Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Гарэцкі.

5. каго-што і без дап. Ліць моцна, струменямі. А дождж сячэ, і ўсё цячэ, у грум бяжыць вада. А. Вольскі. // З сілай біць, хвастаць (пра дождж, град і пад.). Жыта сек за хатай град І ў сосны, біўся ён са звонам. Куляшоў. Пасля дажджу, які некалькі дзён запар сек пажоўклую траву і збіваў чырвонае лісце з дрэў, усюды блішчалі лужыны. Хомчанка. // Хвастаць, удараць чым‑н. Ногі грузлі ў .. торфе, і нябачнае ў змроку вецце секла ў твар. Навуменка. // Рэзаць (пра траву і пад.). Маладая асака сячэ босыя ногі. Бажко.

6. Разм. Весці бесперапынны моцны абстрэл. Па гасцініцы зноў ударыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Грахоўскі.

7. каго-што. Разм. Кусаць (пра насякомых). Аваднёў цяпер многа, і сляпні сякуць жывёлу. Рылько.

8. перан. Гаварыць, выказвацца пра каго‑, што‑н. вельмі рэзка, рашуча. Аўдзей Іванавіч у крэсле закрактаў: — Цыц! Зноў языку ты [Сымон] волю даў? Вунь, пасівелі твае скроні, А розуму ніяк не нажывеш, Усё з пляча сячэш... Валасевіч.

9. што. Разм. Грызці, прагрызаць дзіркі дзе‑н. (пра мышэй). Мышы сякуць салому.

10. што і без дап. Разм. Рабіць што‑н. хутка, у тэмпе. Гадзіны паўтары Савоська не пераставаў сячы на цымбалах. Чарот.

•••

Сячы ў вочы — адкрыта гаварыць праўду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)