Няту́пнік ’старасцень вясенні, Sėnetio vernalis W. et К.’ (віц., Кіс.), nietupnik ’тс’ (гродз., Ажэшка). Ад тупаць, ту́птаць ’таптацца, хадзіць’? Магчыма, ’расліна, якая не мнецца’, гл. іншыя назвы — несмяртэльнік, сухавей. Фармальнае падабенства да папярэдняга слова, гл. нятубіц (іншая назва — бяссмертнік), дазваляе выдзеліць элемент туб‑, няяснага паходжання, прадстаўлены і ў тубачнік ’крапінец чубаты’ (Сл. ПЗБ). Паводле Будзішэўскай (SOr, 39, 3–4, 273), таго ж паходжання, што і нятубіц (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Схіляцца, нахіляцца, апускацца. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. У глыбокай зямлянцы, недзе пад густым ельнікам, пры скупым святле.. лямпы ніклі над сталом тры галавы. Асіпенка. // Прынікаць, хіліцца да каго‑, чаго‑н. Халодны бруснічнік суцішае боль пацёртай нагі, мякка нікне галава да пушыстага моху ўгрэтай сонцам купіны. Лынькоў. Ніклі да зямлі кволыя сцяблінкі пшаніцы, падалі ў пякучы прысак пажоўклыя калівы бульбы. Кандрусевіч. // (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Вянуць. Па дарогах, па сцяжынках Ходзіць страшны Сухавей. Дзе дыхне — там нікнуць травы. Парахневіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Станавіцца слабейшым па сіле праяўлення; слабець. [Ганс] гатовы ўскрыкнуць, зваць на дапамогу, але адчувае, як нікне, прападае голас. Лынькоў. Мне цяпер уявіць немагчыма — Нікне розум, маўчыць ўяўленне. Дзяргай.

3. перан. Знікаць. Сымон бярэ .. [Зоську] за руку і абое нікнуць у цемнаце. Купала. Бялее пад нагамі дарога, што спускаецца з гары да моста і недзе нікне там. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спалі́ць, спалю, спаліш, спаліць; зак.

1. каго-што. Знішчыць агнём што‑н. Пахла дымам — гаркаватым, быццам толькі што тут спалілі анучку. Савіцкі. З будынкаў, што немцы спалілі, Астаўся адзін катушок. Колас. // Зрасходаваць на асвятленне, ацяпленне, у якасці паліва. Але ў хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэма бярозавых дроў. Брыль. [Міхась] спаліў гаручага значна больш, чым патрэбна было для зробленай колькасці рэйсаў. Кавалёў. // перан. Пагоршыць стан здароўя, сапсаваць настрой, расстроіць (пра хваробу і пад.). Якраз цяпер крызісны стан, і калі не збіць тэмпературы, дык яна б магла .. [Максімку] спаліць. Сабаленка. Гэтая вестка ўжо спаліла яе [Хадосі] нутро. Гроднеў.

2. што. Знішчыць, высушыць спёкай (расліны). — Як там у вас сенажаць? — Травы спаліла засуха. Танк. Чорны град не пасыпле на поле, І не спаліць жыты сухавей. Прыходзька.

3. каго-што. Разм. Атрымаць апёкі ад агню або чаго‑н. гарачага, едкага; апячы. Спаліць руку кіслатой. // Апячы што‑н., загараючы. Паўлік тады моцна спаліў спіну. Скура лупілася цэлымі палосамі. Беразняк. // перан. Пра дзеянне холаду, марозу. Закружыўся паміж дрэў рой таго лісця, якое восень ужо спаліла сваім дыханнем. Шамякін.

4. што. Сапсаваць, моцна перагрэўшы, прывесці ў непрыгоднасць для карыстання. — Я давай праверу, — Кажа Петрусёк, — А то разам з кашай Спалім кацялок. Муравейка.

5. перан.; каго-што. Загубіць (пра моцнае пачуццё, каханне). Развітальная хвіля найгоршая, яна можа і сэрца спаліць. Дубоўка.

•••

Спаліць масты (за сабой) — зрабіць немагчымым вяртанне да мінулага, парваць з ім.

Спаліць свае караблі — рашуча парваць з мінулым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вецер / парывісты, кругавы: віхор / скразны: скразняк / сухі гарачы, у пясчаных пустынях: сухавей, самум / што выварочвае дрэвы: буралом / разбуральнай сілы: ураган / моцны і рэзкі, кароткачасовы: шквал / слабы, каля мора: брыз, вятрыска / рэзкі халодны: сівер (разм.) / халаднаваты: свяжак (разм.) / скразны: скавыш / дзьме знізу, каля зямлі: нізавік (разм.); віскуцень (абл.); віхура (паэт.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)